Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Сёньня юбілей 20-годзьдзя польскай замежнай службы 16.11.2009 слухаць 2,03 MB

У лістападзе 1989 году ў свабоднай Польшчы замежная палітыка абрала новы напрамак, а таксама адрадзілася польская дыпляматычная служба.

Сёньня, 16 лістапада, польскія дыпляматы сьвяткуюць юбілей 20-годзьдзя польскай замежнай службы. Да юбілею польскай дыпляматыі прыўрочана некалькі важных падзеяў.

Сьвяткаваньне юбілею 20-годзьдзя польскай замежнай службы пачалося ўжо ў мінулую пятніцу дэбатамі „Сур’ёзныя выклікі польскай дыпляматыі”. У дэбатах, якія адбыліся ў Варшаўскім унівэрсытэце, прымалі ўдзел кіраўнік польскага зьнешнепалітычнага ведамства Радаслаў Сікорскі, а таксама ягоныя папярэднікі: Анна Фатыга, Уладзілаў Барташэўскі, Анджэй Алехоўскі й Дарыюш Расаці.

Падчас дэбатаў Радаслаў Сікорскі зьвярнуў увагу на тое, што вялікім выклікам для польскіх дыпляматаў зьяўляюцца стасункі з Расеяй. Ён падкрэсьліў, што на сёньняшні дзень яны значна палепшыліся ў параўнаньні зь мінулымі гадамі й ёсьць шанцы на далейшае паляпшэньне.

Радаслаў Сікорскі: Гэтая краіна часам нас непакоіць. Я стараюся рэагаваць цьвёрда на некаторыя падзеі, напрыклад, нядаўнія расейска- беларускія манэўры, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі. Але мы не павінны думаць катэгорыямі Маркса, у Расеі таксама адбываюцца вельмі цікавыя падзеі.

Увечары адбылося ўручэньне адзначэньняў "Bene Merito". Памятныя мэдалі, устаноўленыя Радаславам Сікорскім, атрымала 27 асобаў, заслужаных для разьвіцьця польскай дыпляматыі й прапагаваньня польскай замежнай палітыкі ў сьвеце. Сярод ляўрэатаў узнагароды ёсьць дыпляматы, журналісты, дзеячы навукі й культуры. Першы мэдаль патрапіў да прафэсара Ўладзіслава Барташэўскага, паведаміў падчас урачыстасьці міністар Сікорскі.

Радаслаў Сікорскі: Першым кавалерам "Bene Merito" будзе міністар Уладзіслаў Барташэўскі. Спадар міністар, Вы як Ленін, будзеце мець пасьведчаньне № 1.

З нагоды сьвята дыпляматыі ў суботу ў Міністэрстве замежных спраў адбыўся дзень адчыненых дзьвярэй. Усе жадаючыя мелі магчымасьць наведаць усе куткі ведамства, у тым ліку кабінэт міністра. Для наведвальнікаў былі падрыхтаваныя выклады на тэму прынцыпаў дыпляматычнага пратаколу ці дыпляматычнага этыкету. У якасьці эксурсаводаў працавалі высокага ранга чыноўнікі й амбасадары.

Нагодаю наведаць будынкі міністэрства замежных справаў скарысталася шмат жадаючых, кажа дырэктар дэпартамэнту Азіі й Акіяніі Кшыштаф Шумскі.

Кшыштаф Шумскі: Мы спадзяваліся, што будуць групы па некалькі чалавек. Аказалася, што ў кожнай групе больш за 20 асобаў. Я хачу сказаць, што мы назіраем вялікую зацікаўленасьць з боку гасьцей, а колькасьць наведвальнікаў перакрочыла нашыя спадзяваньні.

Наведаць зьнешнепалітычнае ведамства прыйшлі ня толькі дарослыя, але й дзеці. Кожны знайшоў для сябе нешта цікавае.

Дзеці: Мне найбольш падабалася мапа Эўропы. А мне спадар зь мячом.

Наведвальнік: Мне спадабаўся кабінэт міністра Сікорскага, мэбля, абсталяваньне, спадарожнікавая сувязь. Бачна, што тэхніка пайшла наперад у параўнаньні з тым, як было некалькі гадоў таму.

Цікавыя рэчы чакалі наведвальнікаў у рэпрэзэнтатыўным палацыку. Менавіта там міністар замежных спраў прымае замежных гасьцей. У палацыку можна было пабачыць выставу, прысьвечаную дыпляматычнай кухні, а таксам скарыстацца парадамі, як трэба апранацца на кактэйль, вячэру ці баль.

Дзень дыпляматычнай службы сёлета адзначаецца ўпершыню. Сьвята ўстаноўлена рашэньнем Міністра замежных спраў з нагоды 20-годзьдя зьмены палітычнай сыстэмы й у знак прызнаньня дасягненьняў і ролі польскай дыпляматыі ў будове пазыцыі Польшчы на міжнароднай арэне.

Новае сьвята будзе адзначацца штогод 16 лістапада. Гэтая дата таксама абраная невыпадкова: 16 лістапада 1918 году маршалак Юзэф Пілсудзкі выслаў першую замежную дэпэшу кіраўнікам краінаў сьвету з інфармацыяй аб паўстаньні незалежнай Польскай дзяржавы.

Караліна Русіновіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone