Падзеі й камэнтары


Паміж намі суседзямі 17.11.2009

Муніцыпальныя ўлады Куяўска-Паморскага ваяводзтва Польшчы хочуць супрацоўнічаць зь беларускімі бізнэсоўцамі й пашыраць культурніцкія адносіны з палякамі ў Беларусі. Мы паведамлялі ў нашым эфіры, што з гэтай мэтай у Слоніме й Менску гасьцілі мэры Нешавы й Александрава Куяўскага, якія дэкляравалі гатоўнасьць наладжаньня цеснага супрацоўніцтва зь беларускім бокам.

Паводле прадстаўнікоў польскага боку, добрай нагодай наладжаньня кантактаў быў эканамічны форум, арганізаваны ў Слоніме. Ягоным вынікам могуць быць канкрэтныя дамовы паміж беларускімі прадпрыемствамі й польскімі фірмамі.

Госьцем нашай перадачы зьяўляецца мэр Александрава Куяўскага Анджэй Цесьля. Скажыце, калі ласка, адкуль узялася ідэя для такога супрацоўніцтва? Аляксандраў Куяўскі не належыць да рэгіёну, які атаемсаляецца з супрацаю з Усходам.

А. Цесьля: Так, але нам якраз удалося пачаць партнэрскую супрацу Александрава Куяўскага й Слоніма. Мы хочам, каб гэта было сапраўднае супрацоўніцтва, а ня толькі дэклярацыі, ня толькі павярхоўныя дзеяньні, але рэальныя. Адсюль і ўзялася ідэя наладзіць эканамічную канфэрэнцыю ў Слоніме.

Раней такое спатканьне адбылося ў Аляксандраве Куяўскім. Ці падчас гэтага працоўнага візыту ўдалося дасягнуць канкрэтных вынікаў?

А. Цесьля: Некалькі тыдняў таму ў Аляксандраве Куяўскім быў зь візытам консул Беларусі. Прыязджалі таксама экспэрты па пытаньнях гандлю, прадстаўнікі Фонду польска-беларускай супрацы. Яны сустракаліся зь бізнэс-коламі ня толькі нашага гораду, але й цэлага ваяводзтва. Гэта былі асобы, якія зацікаўленыя такой супрацай. Яны мелі канкрэтныя прапановы й бачаньне гэтага супрацоўніцтва. Адказам стаў наш візыт у Беларусь. Польскія бізнэсоўцы праводзілі індывідуальныя перамовы, а мы дадаткова сустрэліся з гандлёвым дарадчыкам польскага консульства ў Беларусі, з прадстаўнікамі лякальных уладаў. Я думаю, што гэта прынясе канкрэтныя плёны й гэта ў нядоўгім часе. Трэба даць бізнэсоўцам крыху часу, каб яны абмеркавалі падрабязнасьці. Напэўна, нешта сэнсоўнае з гэтага візыту атрымаецца.

Гаворка аднак ідзе ня толькі пра бізнэс-кантакты. Улады Куяўска-Паморскага ваяводзтва хочуць узмацніць кантакты з палякамі, якія жывуць у Беларусі.

А. Цесьля: Зразумела, што так. Мы хочам вярнуцца да польскіх каранёў, традыцый, якія існуюць у Беларусі. Мы хочам кантактавацца з польскай нацыянальнай меншасьцю. У Менску мы сустрэліся з польскім хорам Cantus Cordis, які ў Беларусі існуе 5 гадоў. Усе гэтыя гады яны завітваюць у Александраў Куяўскі і ў Нешаву. Хор у сваім рэпэртуары мае шмат польскіх песьняў, ён шануе польскія традыцыі й культуру. Калектыў штогод на 8-10 дзён прыязджае ў нашыя гарады. Таксама мы ладзім абмен моладзі. Беларусы прыязджалі ў Аляксандраў і жылі ў польскіх сем’ях. Такі абмен адбудзецца ўвесну будучага году. Гэта вельмі карысны спосаб абмену моладзьдзю, якая мае пастаянную апеку, кантроль. Польская моладзь мае шанец паглядзець, як польскія традыцыі выглядаюць у Беларусі, а таксама пазнаёміцца з умовамі жыцьця беларускіх аднагодкаў.

Вядома, што падобныя кантакты ў Куяўска-Паморскага ваяводзтва наладжаныя й зь іншымі краінамі на Ўсходзе.

А. Цесьля: Гэтыя традыцыі супрацы з Усходам мы будуем доўгія гады. У нас ёсьць партнэрскія гарады ва Ўкраіне. Мы часта наведваем Летуву, нас цікавіць польская культура, але й ня толькі. Нам цікавы культурны абмен, абмен моладзьдзю, гандлёвыя кантакты з краінамі Ўсходняй Эўропы. Я мяркую, што варта навязваць інтарэсы з гэтымі краінамі, паколькі мы знаходзімся ў адным культурным рэгіёне, маем блізкія мовы. Толькі элемэнты супольнай гісторыі могуць нам дапамагчы ў эфэктыўным супрацоўніцтве. Гарады Куяўска-Паморскага ваяводзтваў ужо многія гады працягваюць партнэрскія кантакты зь беларускімі акругамі. Напрыклад, польскі горад Влацлавэк яшчэ у 60-х гадох заключыў дамовы з Магілёвам. Згаданае супрацоўніцтва працягваецца па сёньняшні дзень.

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone