Два гады працы кабінэту Дональда Туска паводле прадпрымальнікаў
Прадпрымальнікі падсумоўваюць два гады працы кабінэту міністраў Дональда Туска. Паводле іх, урад кааліцыі партыяў Грамадзянская плятформа(PO) і Польскай сялянскай партыі (PSL) прадставіў адважныя пляны, але іх рэалізацыя выглядае не найлепшым чынам.
У ацэнцы галоўнага эканаміста Польскай рады бізнэсу Януша Янковяка, стан грамадзкіх фінансаў у Польшчы мае адмоўны характар.
Паводле яго, пляны прадухіленьня сытуацыі, калі бюджэтны дэфіцыт перавысіць 55% доўгу ў дачыненьні да ВУП, шляхам выкарыстаньня сродкаў з Адкрытых пэнсійных фондаў, гэта непаразуменьне.
Януш Янковяк : Ідэя маніпуляваньня пры пэнсійнай сыстэме з мэтай не дапусьціць да перавышэньня ўзроўню 55% доўгу грамадзкіх фінансаў у дачыненьні да ВУП мае адмоўны характар, бо парушае ня толькі сэнс пэнсійнай сыстэмы, але ў значнай ступені таксама дзейнасьць фінансавых рынкаў.
- лічыць эканаміст Польскай рады бізнэсу Януш Янковяк.
Януш Штайнхоф з Польскай эканамічнай палаты зьвяртае ўвагу на факт, што адзін з найважнейшых праектаў ураду Дональда Туска – антыкрызысны закон – не выконвае сваіх заданьняў.
Януш Штайнхоф: Намеры заканадаўцы мы ацэньваем станоўчым чынам. Аднак, калі гаворка ідзе пра рэалізацыю закону, выяўляем шмат засьцярогаў. Факт, што правіламі згаданага закону пакуль скарысталася няшмат прадпрыемстваў, сьведчыць пра тое, што некаторыя з запісаў носяць празьмерна жорсткі характар у дачыненьні да прадпрымальнікаў.
- заявіў Януш Штайнхоф з Польскай эканамічнай палаты.
У сваю чаргу Адам Амброзік з Канфэдэрацыі прыватных працадаўцаў станоўча ацэньвае ўрадавыя дзеяньні ў галіне падтрымкі прадпрымальніцтва.
Адам Амброзік: Было ўведзена шмат зьменаў у закон аб свабодзе гаспадарчай дзейнасьці, якія, нясумненна, паляпшаюць умовы разьвіцьця прадпрымальніцтва. Па-першае, гаворка ідзе пра магчымасьць прыпыненьня гаспадарчай дзейнасьці, а таксама пашырэньне абавязковай інтэрпрэтацыі закону адносна ўсіх падаткаў і збораў для дзяржавы.
- сказаў Адам Амброзік з Канфэдэрацыі прыватных працадаўцаў.
Экспэрты зьвяртаюць увагу таксама на складаную сытуацыю на рынку працы. Тым ня менш яны падкрэсьліваюць, што 12-працэнтнае беспрацоўе - гэта не найгоршы вынік, беручы пад увагу эканамічны крызыс у Эўропе.
Напрыканцы тыдня, з удзелам міністраў і кіраўніка ўраду, адбудзецца афіцыйнае падсумаваньне дзейнасьці ўсіх польскіх ведамстваў.
У Эўразьвязе падаражэюць цыгарэты
Краіны Эўрапейскага Зьвязу вырашылі аб павелічэньні акцызнага падатку на цыгарэты, які пачне дзейнічаць у 2014 годзе. Польшча, падобным чынам, як і іншыя краіны, дамаглася пераходнага пэрыяду, і павышэньне ўвойдзе ў сілу 4 гады пазьней.
Згодна рашэньню міністраў фінансаў, мінімальная стаўка акцызу павысіцца зь цяперашніх 57% да 60% кошту пачкі цыгарэраў. Яна ня можа аднак складаць менш, чым 90 эўра за адну тысячу пачак. З такой прапановай выступіў камісар па падатковых справах Лясьлё Ковач, патлумачыўшы гэта клопатам за стан здароўя эўрапейцаў. Ён лічыць, што павышэньне мінімальных ставак зьліквідуе кантрабанду й транспамежныя пакупкі, але зазначае, што ахова здароўя зьяўляецца найважнейшым матывам. Старыя краіны ЭЗ, якія ўжо здаўна прымяняюць большыя стаўкі акцызу й баяцца масавага наплыву з-замяжы, папрасілі пра ўвадзеньне квотаў. Ня больш за 300 штук цыгарэтаў змогуць увозіць у гэтыя дзяржавы грамадзяне Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, у тым ліку й палякі, дзе акцыз на цыгарэты будзе павялічаны з чатырохгадовым спазьненьнем.
Польская энэргетычная група працягвае сур’ёзныя інвэстыцыі на польскім рынку
Нягледзячы на зьмяншэньне запатрабаваньня на электраэнэргію, даходы Польскай энэргетычнай групы за тры першыя кварталы бягучага году рашуча павялічыліся.
Прыбытак Групы PGE ад студзеня да канца верасьня перавысіў 3 мільярды злотых (гэта больш за 1 мільярд 70 мільёнаў даляраў), значыць, быў вышэйшы на 76% у параўнаньня зь мінулым годам. Суполка рэалізуе таксама амбітныя інвэстыцыйныя пляны. Цягам першых 10 месяцаў бягучага году фірма выдаткавала на інвэстыцыі каля 2,5 мільярдаў злотых, а да канца 2012 году згаданыя выдаткі павялічацца да амаль 40 мільярдаў.
Старшыня PGE Тамаш Задрога супакойвае, што высокія кошты інвэстыцыяў ня мусяць азначаць павышэньня цаны электраэнэргіі.
Тамаш Задрога: Адно з другім не зьвязанае. Мы павінны інвэставаць, бо праз крыху больш за 10 гадоў у Польшчы энэргіі ня будзе, таму трэба інвэставаць у новыя вытворчыя сілы. Тым часам цана электраэнэргіі залежыць ад попыту й прапановы на рынку. Цяпер доўгатэрміновыя кантракты на 2010 год прадугледжваюць цэны, якія не адрозьніваюцца моцна ад коштаў бягучага, 2009 году.
- пераконвае старшыня PGE Тамаш Задрога
PGE хоча інвэставаць ва ўласныя электрастанцыі ды пераймаць залежныя ад сябе суполкі. Гэткія пляны магчымыя дзякуючы каля 6 мільярдам злотых, якія Польская энэргетычная група атрымала пасьля дэбюту на біржы каштоўных папераў.
У час крызысу павялічваецца колькасьць крадзяжоў у крамах
У крамах па ўсім сьвеце назіраецца павелічэньне колькасьці крадзяжоў – гэтак вынікае з ІІІ Сусьветнага дакладу аб крадзяжы ў розьнічным гандлі. Больш за 84 млрд эўра – столькі складаюць страты камэрцыйных сетак за мінулы год у 41 краіне. Гэта амаль на 6 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе. Страты складаюць амаль паўтара працэнта абарачэньня.
Гжэгаж Попэк, дырэктар Checkpoint Systems, якая замовіла дасьледаваньне, прызнае, што павялічылася колькасць крадзяжоў і яна зьвязаная з глябальнай рэцэсіяй. Попэк дадае, што найчасьцей злодзеі крадуць экслюзіўныя тавары.
Г. Попэк: Гэта пераважа прадукты дарагіх брэндаў. Кліенты крадуць, бо, напрыклад, імкнуцца павысіць свой грамадзкі статус, альбо імпульсна: „Ня маю грошай, але нешта мне вельмі падабаецца – спрабую, магчыма, удасца”. А яшчэ хачу адзначыць, што кліенты разам з прадаўцамі наладжваюць своеасаблівую злодзейскую дзейнасьць, мэта якой - пазьнейшы продаж і падзел прыбытку.
Хаця апошнім годам у Польшчы зафіксаваны рост крадзяжоў у камэрцыйных сетках, то на фоне іншых краін Эўропы, у Польшчы зусім нядрэнна. Каля 40% стратаў наносяць крамам злодзеі – і гэта найменшы адсотак на кантынэнце. У Эўропе найбольшыя страты з-за злодзеяў церпяць крамы ў Аўстрыі, дзе крадзяжы складаюць 56% усіх стратаў крамы.
Азартнымі гульнямі можна будзе займацца толькі ў казіно
Гульнявыя аўтаматы зьнікнуць з крамаў, бэнзакалёнак і невялічкіх гульнявых салёнаў. Азартныя гульні будуць дазволены ў Польшчы толькі ў казіно, відэалятарэі будуць забароненыя цалкам, а падаткі на азарт стануць значна вышэйшыя. Такое рашэньне прапануецца законапраектам пра азартныя гульні, які падрыхтаваў урад.
Міраслаў Сэкула з Грамадзянскай плятформы лічыць, што эфэктыўнасьць дадзенага Закону гарантуе ўвядзеньне запісаў, якія спрацавалі ў іншых краінах:
М. Сэкула: У многіх краінах дзейнічаюць аддзельныя зоны азарту, гэта значыць, тэрыторыя, дзе ёсьць казіно, і там ёсьць гэтак званы цьвёрды й мяккі азарт - гэта значыць, аўтаматы зь невілікімі выйгрышамі. Калі ўсё будзе знаходзіцца ў казіно, то туды пойдзе толькі той, хто вельмі хоча прыняць удзел у гульні.
Законапраект пра азартныя гульні ў Польшчы павінен быць гатовы да канца лістапада.
Сярэднія курсы валют у пунктах абмену валют у Польшчы
Эўра абменьнікі купляюць па 4.07 , прадаюць па 4.12
Даляр ЗША можна прадаць па 2.71, купіць па 2.77
А.З. і Я.С.