Эўразьвяз ізноў замарозіў візавыя санкцыі супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Бесклапотна перамяшчацца па тэрыторыі ЭЗ тром дзясяткам чыноўнікаў дазволена цягам наступных 12-ці месяцаў. Далейшы лёс санкцыяў супраць “беларускай вярхушкі” Брусэль разгледзіць пасьля мясцовых выбараў у Беларусі.
Сёньняшняе рашэньне міністраў замежных справаў ЭЗ абсалютна нікога не зьдзівіла. Эўрапейскія палітыкі, якія апошнім часам выказваліся наконт сытуацыі ў Беларусі, неаднаразова давалі ясна зразумець, што поўнага скасаваньня санкцыяў ня будзе. Гэта разумеў і Аляксандар Лукашэнка, які некалькі дзён таму заявіў, што, каб выканаць усе патрабаваньні ЭЗ, то бок 12 умоваў, якія сфармулявала Эўракамісія, Беларусі патрэбны час. Колькі дакладна патрэбна часу – кіраўнік краіны не ўдакладніў. Але ягоныя дзеяньні цягам апошняга году Рада Эўразьвязу яўна не дацаніла.
“Гэта павінен быць апошні шанец для рэжыму Лукашэнкі” – заявіў пасьля абвяшчэньня рашэньня саміту ЭЗ у Брусэлі прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк.
Е. Бузэк: Калі й пасьля 12 месяцаў мы не заўважым какнрэтнага прагрэсу на шляху да дэмакратызацыі, тады працэс збліжэньня Эўразьвязу й Беларусі неабходна спыніць.
У адрозненьне ад мінулых разоў, калі падчас дыскусіі над санкцыямі хтосьці заўжды выказваў свой супраціў, гэтым разам рашэньне было прынятае адзінагалосна.
Замарожваньне санкцыяў ухваліў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, які знаходзіцца сёньня зь візытам у Брусэлі. Ён лічыць, што на сёньняшні дзень адносінам паміж Менскам і Брусэлем няма альтэрнатывы.
А. Мілінкевіч: Я заўсёды пытаюся ў тых, хто супраць такіх кантактаў: а што тады, калі няма дыялёгу, ізаляцыя? Гэта ня толькі ізаляцыя ўлады, але й беларускага грамадзтва. Няма пакуль пазытыўнай альтэрнатывы. А тое, што мы бачым пакуль замала вынікаў - шкада, мы хочам, каб іх было больш. Але іншага шляху мы ня бачым.
13 кастрычніка 2008 году адносна Аляксандра Лукашэнкі й 35-і чыноўнікаў на паўгоду была зьнятая забарона на ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу ды іншых краін. У сьпісе засталіся 5 чалавек: Лiдзія Ярмошына, Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Пазьней ЭЗ двойчы замарожваў санкцыі на паўгоду.
Д. Г.