Вакол сьвету


Чэхія й Славаччына сьвяткуюць 20-я ўгодкі падзеньня камунізму 17.11.2009

Сёньня ў Празе й Братыславе праходзяць урачыстасьці прысьвечаныя 20-й гадавіне пачатку “аксамітнай рэвалюцыі”. Восеньню 1989 году сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы чэскай сталіцы з патрабаваньнем пераменаў. Мірныя дэманстрацыі чэхаў і славакаў за свабоду не прымусілі доўга чакаць выніку – неўзабаве ў краіне адбыліся першыя за шмат гадоў вольныя выбары.

У 1989 годзе апазыцыйная арганізацыя Хартыя’77 апублікавала пэтыцыю з патрабаваньнем правесьці дэмакратычныя рэформы ў краіне. Кіраўніцтва партыі адхіліла магчымасьць дамовіцца з апазыцыяй. У кастрычніку й лістападзе адбыліся чарговыя хвалі пратэстаў. 17 лістапада ўлады дазволілі зладзіць мітынг у гонар праскага студэнта, забітага немцамі ў 1939 годзе. Легальны сход перарос у антыкамуністычную дэманстрацыю, якая запачаткавала 12-дзённыя маніфэстацыі па ўсёй краіне. Узьніклі арганізацыі Грамадзянскі форум (Прага) і Зьвяз супраць насільля (Братыслава). Адной з галоўных асобаў у тагачасным апазыцыйным лягеры быў Вацлаў Гавэл, які пазьней стаў прэзыдэнтам.

Сёньня ў гадавіну тых падзеяў, у цэнтры гораду, дзе міліцыянты зьбівалі дэманстрантаў, жыхары чэскай сталіцы ўскладуць кветкі перад памятнай шыльдай і запаляць зьнічы. Пазьней адбудзецца канцэрт з удзелам найвышэйшых асобаў у краіне. Ва ўрачыстасьці возьме ўдзел і Вацлаў Гавэл.

Ранкам у Празе адбыліся афіцыйныя ўрачыстасьці з удзелам прэзыдэнта Вацлава Кляўса. У сваім выступе кіраўнік краіны зазначыў, што “падзеі 17 лістапада нагадваюць пра тое, што варта й далей быць пільным, бо небясьпечныя ідэалёгіі, такія як камунізм і нацызм, усё яшчэ нараджаюцца”.

У сталіцы Славаччыны Братыславе адбудуцца два розныя сьвяткаванні падзеньня камунізму. Апазыцыя адмовілася ўдзельнічаць у афіцыйных сьвяткаваньнях з увагі на ўчорашні візыт прэм’ера Робэрта Фіца ў Маскву. Падчас афіцыйнага візыту той заявіў, што “паміж Масквой і Братыславай няма ніякіх палітычных праблемаў і што Расея зьяўляецца гарантам энэргетычнай бясьпекі Славаччыны”. “У першы дзень сьвяткаваньня юбілею аксамітнай рэвалюцыі такія паводзіны непрыймальныя” – заяўляе славацкая апазыцыя.

Увечары ў братыслаўскім Нацыянальным тэатры адбудзецца ўрачысты канцэрт з удзелам афіцыйных асобаў. А апазыцыя ладзіць сваё сьвяткаваньне ў цэнтры гораду. У яім возьмуць удзел дысыдэнты лістапада 1989 году.

Як вынікае з сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 60% чэхаў задаволеныя пераменамі, больш за 30% расчараваныя. Ацаніць вынік пераменаў мы папрасілі вядомую чэскую дысыдэнтку Пятрушку Шустраву.

П. Шустрава: Калі б тыя незадаволеныя пераменамі вярнуліся хаця б на 3-4 дні, то яны б не хацелі ізноў там жыць. Так, яны маюць падставу быць незадаволенымі: беспрацоўе, карупцыя, сацыяльныя праблемы. Але гэтыя клопаты мае любая краіна. У аўтарытарных краінах мы ня ведалі пра іх існаваньне, але яны былі. Узровень жыцьця значна ўзрос пасьля падзеньня камунізму.

Ці сёньняшняя Чэхія гэта тая краіна, пра якую Вы марылі ў 1989?

П. Шустрава: Я вельмі скептычны чалавек. Калі нешта мяняецца, я ніколі ня ведаю, як будзе выглядаць вынік. Я разумею, што калі людзі выходзілі на плошчу, там была прыемная атмасфэра й дух. Людзі ўкладалі ў свае надзеі больш, чым маглі выканаць. Я асабіста жыву лепш. Я журналіст, перкладчыца, я магу рабіць тое, што я люблю. Я шчасьлівая.

Падзяліцеся сваім рэцэптам пераменаў зь беларусамі?

П. Шустрава: Важнай была міжнародная сытуацыя, але й нашыя намаганьні. Дысыдэнцкія рухі таксама былі важнымі. На Захадзе бачылі, што ня ўсе грамадзяне камуністычных краін задаволеныя сваім жыцьцём. Калі пачалі зьяўляцца дэмакратычныя ініцыятывы, Захад пачаў бачыць, што мы незадаволеныя. Гэта ўплывала на міжнародныя дачыненьні. Пару тысяч дысыдэнтаў ня зьнішчылі камунізму, але мы значна дапамаглі. Бо калі ўсе задаволеныя, то нашыя суседзі маюць права сказаць: Значыць усё ў вас у парадку.

Апрача афіцыйных і паўафіцыйных мерапрыемстваў у Празе й Братыславе адбудуцца акцыі, якія ладзяць звычайныя грамадзяне й грамадзкія арганізацыі. Напрыклад, у славацкай сталіцы галоўнымі вуліцамі гораду мае прайсьці шэсьце. На плошчы Гвэздаслава будзе адчынены помнік “Сэрца Эўропы” – выява сэрца заплеценае ў калючы дрот.

Пад Прагай моладзь збудавала “камуністычнае мястэчка”. У цэнтры гораду Астрава ўзьведзеныя драўляныя вартавыя вежы, паліцыя правярае дакумэнты мінакоў, неабходна запоўніць візавыя фармуляры, можна таксама пастаяць у чарзе за мясам.

Д. Г.
 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone