Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Беларускі палітычны аглядальнік у гасьцях у варшаўскіх студэнтаў 17.11.2009 слухаць 2,97 MB

Студэнты й выкладчыкі Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту змаглі ў аўторак сустрэцца й задаць пытаньні вядомаму беларускаму палітычнаму аглядальніку Аляксандру Фядуце. Былы кіраўнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, які хутка парваў супрацоўніцтва з уладамі, распавядаў пра сваю літаратурную дзейнасьць, але слухачоў больш цікавіла палітычная сытуацыя на дадзены момант у Беларусі, між іншым, саступкі рэжыму – вызваленьне палітычных вязьняў, вяртаньне ў шапікі незалежных выданьняў, дазвол працаваць у Менску карэспандэнтам Эўрапейскага радыё для Беларусі... “Усё гэта не выклікае вялікіх пераменаў, - лічыць Фядута, - паколькі няма кардынальных рашэньняў”.  

А. Фядута: Справа ў тым, што ніякіх саступак з боку беларускіх уладаў няма. Выпусьцілі 12 чалавек на свабоду - дзякуй за тое, што гэта было зроблена, але гэта не саступка. Улада ня робіць ніякіх інстытуцыянальных пераменаў, не мяняе заканадаўства, умоваў існаваньня сродкаў масавай інфармацыі. У суботу стала вядома, што даюць акрэдытацыю Эўрапейскаму радыё для Беларусі. Вось так: улада хоча - зробіць, хоча - адыме. Так немагчыма. Трэба мяняць заканадаўства. А на гэта Лукашэнка ня хоча ісьці. Я быў адным з найбольш пасьлядоўных прыхільнікаў таго, каб дыялёг паміж Эўрапейскім Зьвязам і беларускімі ўладамі пачаўся. Я лічу гэта адзіным магчымым крокам у напрамку да зьменаў у Беларусі. Але сёньня Лукашэнка лічыць, што ён пераможца, што да яго ЭЗ прыйшоў кланяцца, прасіць. Чаму? Крызыс. У нас 10 млн пакупнікоў, у нас маёмасьць, якую можам прадаць інвэстарам - прымайце нашыя ўмовы. Мы нічога ня будзем мяняць у палітычным сэнсе - давайце ўсё, што нам трэба, у эканоміцы.

Міністры замежных справаў 27 краінаў Эўразьвязу прынялі рашэньне пра працяг яшчэ на год мараторыю на санкцыі, накладзеныя на беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў. Санкцыі не адмененыя, але надалей і сам А. Лукашэнка, і ягоныя чыноўнікі могуць езьдзіць у Эўропу. Гэта адзінае рашэньне, якое мог прыняць Эўрапейскі Зьвяз, які пакуль што не знайшоў эфэктыўных магчымасьцяў націску на беларускія ўлады, але хоча захаваць дыялёг зь Беларусьсю – мяркуе А. Фядута. Эўразьвяз павінен таксама разгледзець пытаньне зьмяншэньня цаны візаў для беларусаў, але перад прэзыдэнцкімі выбарамі такое рашэньне было б успрынята як перамога Лукашэнкі.

А. Фядута: Гэта тое рашэньне, якое не задавальняе Лукашэнку, але гэта адзінае мажлівае рашэньне дзеля таго, каб дыялёг мог працягвацца. Што тычыцца справы зь візамі - 60 эўра для беларусаў - гэта вельмі дорага. Калі казаць пра тое, што беларусы павінны ведаць, што такое Эўропа, дык упусьціце іх у Эўропу. Але калі зараз зрабіць танныя візы, да прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка скажа - гэта мая перамога. Таму перамовы трэба весьці, але ўсе павінны ведаць - гэта будзе ў тым выпадку, калі выбары будуць сапраўдныя, празрыстыя, нават калі абяруць Лукашэнку. Справа ня ў тым, што Лукашэнка дрэнны або добры. Павінны існаваць пэўныя стандарты дэмакратыі.

Госьцю Варшаўскага ўнівэрсытэту было зададзена таксама пытаньне, ці ён бачыць пазытыўныя бакі кіраваньня краінай Аляксандра Лукашэнкі. На што Фядута адказаў, што, па-першае, гэта палітык нумар адзін у Беларусі, мацнейшых няма. Па-другое, дзякуючы яму Беларусь атрымлівала ад Расеі агромныя, шалёныя грошы. Іншая справа, як нерацыянальна гэты сродкі выкарыстоўваліся. І, па-трэцяе, што самае важнае, - адзначыў А. Фядута, - дзякуючы палітыцы Лукашэнкі моладзь пачала станавіцца сапраўды сьвядомай, чаго не было раней. Гэта парадокс улады прэзыдэнта Беларусі.

А. Фядута: Хацеў Лукашэнка гэтага ці не - хутчэй за ўсё не хацеў, але менавіта ён і ягоная дзейнасьць сталі падставай для таго, каб пачала будавацца сьвядомая беларуская нацыя, якая не прымае сёньня Лукашэнку. Моладзь, якая гаворыць па-беларуску. Я памятую 92-93 гг. Я езьдзіў у менскім мэтро, ня чуў я там беларускай мовы, а зараз чую. Хлопцы й дзяўчаты ганарацца гэтым. Старыя людзі адыходзяць ад іх, маўляў -размаўляюць па-беларуску, значыць, апазыцыя. Я падышоў да іх: "З філфаку? - Не. - А адкуль? - З палітэхнікі". Мова - гэта сродак прадэманстраваць, што яны ёсьць. І чым больш робіць Лукашэнка ідэалягічна антыбеларускага,  тым больш жорсткай становіцца пазыцыя новай генэрацыі. Гэта нашая надзея, што Беларусь будзе жыць.    

А. Фядута цікавіцца ня толькі палітыкай. Ён распавёў таксама пра сваю дзейнасьць у галіне, якую любіць больш за палітыку - гэта літаратура. Разам з жонкай ён выдае кніжкі. Нядаўна выйшла двухтомнае выданьне - анталёгія беларускай паэзіі 20 ст. і анталёгія перакладаў на беларускую мову паэтаў сьвету 20 стагодзьдзя. Але гэта ўжо тэма для асобнай гутаркі.

Н.Г.


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone