У кастрычніку чатыры нашы прыхільнікі прыслалі рапарты аб чутнасьці ў мінулым вяшчальным сэзоне. Гэта – Мікалай Волчык з Пружанскага раёну, што на Берасьцейшчыне, Яўгенія Цюркіна з Магілёва, Васіль Завадзкі з Маладзечна ў сталічнай вобласьці ды Сяргей Балбасаў з Буда-Кашалёўскага раёну, што на Гомельшчыне. Усё аўтары справаздач дастаткова якасна склалі рапарты, таму ім нядаўна высланы пацьверджаньні – прыгожыя QSL-карткі з выявамі польскіх гарадоў.
Дарагія слухачы! Я вельмі чакаю вашых водгукаў пра чутнасьць у новым вяшчальным сэзоне. Калі камусьці цяжкавата скласьці рапарт, то, калі ласка, проста напішыце некалькі слоў пра прыём у месцы вашага пражываньня.
Гэта важна для нашай станцыі, бо зь пераходам на зімовы час зьмяніліся частоты перадач і трэба ведаць, як праходзіць радыёсыгнал на кароткіх хвалях. Зараз выпускі Беларускай рэдакцыі чутны ў дыяпазонах 19, 25 і 49 м.
У прыватнасьці, а 16.30 паводле менскага часу (гэта 14.30 паводле UTC) наша праграма прымаецца на частотах 11905 і 15245 кГц. Вячэрні выпуск а 19.30 (гэта 17.30 паводле UTC) выходзіць на 6050 кілягерцах.
Нагадваю, што зараз ідзе чарговы конкурс, датычны польскага ўдзелу ў Другой сусьветнай вайне. Ён канцэнтруецца не на дэталях нейкіх гістарычных падзей, а на лёсах пэўных асоб. Прычым не прэзыдэнтаў, ці, скажам, генэралаў, а гэтак званых простых людзей. Тым ня менш, гаворка ідзе пра Грамадзян зь вялікай літары. Іх жыцьці могуць служыць прыкладамі для сучасьнікаў і наступных пакаленьняў.
Наш ваенна-гістарычны конкурс надзвычай просты. Паслухайма ягоныя ўмовы.
Калі ласка, распавядзіце пра Ірэну Сэндлераву й Марэка Эдэльмана. Напішыце, што гэта за постаці. Адзначце, чым праславіліся згаданыя людзі.
Памер працы пра знакамітых польку й паляка не павінен перавышаць пяці машынапісных старонак. Вы можаце прысылаць адказы на любой з чатырох славянскіх моў, на якіх вядзе перадачы наша радыё: на беларускай, польскай, украінскай ці расейскай.
Калі ласка, адпраўляйце свае працы на віцебскую скрынку Польскага радыё для замежжа не пазьней за 30 лістапада 2009 году. Дата паштовага штэмпеля будзе ўлічваецца пры падвядзеньні вынікаў конкурсу ў першай дэкадзе сьнежня.
Дарэчы, узнагароды ўжо чакаюць пераможцаў. Сярод конкурсных прызоў ёсьць майкі, ліхтарыкі, сьцяжкі, мапы ды некаторыя іншыя прэзэнты, зьвязаныя з ваенна-гістарычнай тэматыкай. Спонсарам гэтых падарункаў зьяўляецца польска-беларускі праект “Пераадольваючы стэрэатыпы: маладым беларусам пра польскі ўдзел у Другой сусьветнай вайне”. Ён – у сваю чаргу – прафінансаваны Міністэрствам замежных справаў РП.
Чакаецца, што пераможцаў будзе ня менш за дзесяць чалавек. Зразумела, прызёрамі стануць аўтары найбольш якасных конкурсных прац. Перакананы, варта паспрабаваць!
Паважаныя слухачы! Я чакаю вашых адказаў на конкурс, справаздач пра чутнасьць, заявак у “Канцэрт віншаваньняў” па адрасу Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя розныя тэмы, якія хвалююць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас нашай старонкі ў Сусьветным павуціньні: www.radyjo.net.
Дарэчы, на гэтым web-сайце разьмяшчаецца тэкставая вэрсія кожнай “Рэдакцыйнай пошты”. Таму, калі вы не змаглі паслухаць агляд карэспандэнцыі, не перажывайце! Яго можна прачытаць у Сеціве на www.radyjo.net. Шчыра запрашаю!
Юры Сьцяпанаў