Вакол сьвету


Весткі культуры 18.11.2009

З 14 лістапада па 14 сьнежня ў межах праграмы СТАРТ у галерэі сучаснага мастацтва Ў адбываецца дэбютны праект YOZM-YOZM: PROJECT # 1 - АБСТРАКТНАСЬЦЬ, СХАВАНАЯ ЗА РЭАЛЬНЫМ СЬВЕТАМ.

Асноўны акцэнт фотавыставы робіцца на геамэтрыі, кантрасьце колеру й мінімалістычнай кампазыцыі. Канчатковы вынік — гэта хутчэй рэканструкцыя вобразу, які ўзьнік ва ўяўленьні мастака пры поглядзе на рэальны аб’ект.

З дапамогаю лічбавых тэхналёгіяў сьціраецца мяжа паміж фатаграфічнай і намаляванай рэальнасьцю. Работы — гэта практычны жывапіс, то бок, праца пачынаецца з традыцыйнай фатаграфіі рэальнага аб’екту, а ў выніку лічбавай апрацоўкі вобраз трансфармуецца, становіцца чымсьці створаным мастаком, што піша карціну. Адзінае адрозьненьне ў тым, што жывапісец працуе з фарбамі, а мастак выкарыстоўвае лічбавыя інструмэнты. “Гэта такі ж мастацкі працэс, як і праца ў любой іншай тэхніцы”, – кажа аўтар выставы.

“Мяне вабіць тэхніка фатаграфіі, ейныя элемэнты. Супрацьлегласьцю гэткай працы стала б 3D-візуалізацыя. Мяне цікавіць мяжа перакрыжаваньня гэтых супрацьлегласьцяў. Напрамак, у якім фатаграфія робіцца нечым іншым, больш абстрактным”, – тлумачыць аўтар фотаздымкаў Алег YOZM-YOZM.

Нагадаем, выставу можна пабачыць у галерэі «Ў» на праспекце Незалежнасьцi 37а, гэта ст. м. Плошча Перамогі.


Адзіны ў Беларусі Музэй гісторыі рэлігіі, разьмешчаны на вуліцы Замкавай у Горадні, амаль гатовы пасьля рамонту да адкрыцьця. Фонды музэю, які быў адчынены для наведвальнікаў у 1985 годзе, а да гэтага ён існаваў ужо восем гадоў, утрымліваюць агромныя калекцыі гістарычных прадметаў, твораў выяўленчага й дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архэалягічныя знаходкі, унікальныя кнігі й іконы. Усяго звыш 78 тысяч прадметаў.

Экспазыцыя музэя была зачыненая 15 гадоў таму ў сувязі з перадачай Сьвята-Раждзественскага-Багародзічнага манастыра вернікам, а менавіта там знаходзіўся музэй. Цяпер музэй перанесены ў былы палац Храптовічаў на вуліцы Замкавай. Будынак зьяўляецца помнікам архітэктуры барока й класыцызму XVІІІ стагодзьдзя.

Нядаўна ў палацы завершыліся рэстаўрацыйныя працы, а працаўнікі робяць апошнія штрыхі перад афіцыйным адкрыцьцём. Дата адкрыцьця пакуль невядомая. Музэй будзе мець крыху незвычайны выгляд, паколькі ён будзе пераўтвораны ў сапраўдны культурны цэнтар: 11 экспазыцыйных заляў, 2 выставачныя й адна канцэртная. Ва ўнутраным дворыку плянуецца адкрыць кавярню й праводзіць канцэрты пад адкрытым небам.

s13.ru

Cпалучэньне візуальнага, музычнага й літаратурнага мастацтва на адной сцэне прапануе вашай увазе штогадовы літаратурна-мастацкі праект “Выявы-2009”. Імпрэзу ладзіць Прома-група Юліі Новік і Вікі Трэнас.

У праграме - прэзэнтацыя творчасьці мастака Аляксея Раўскага (Беларусь – Францыя) і дэма-фільм Джонатана Дрыскола (Канада) пра беларускі рыцарскі рух.

Падчас імпрэзы адбудзецца “Дыялёг зорак”. У ім возьмуць удзел Людміла Рублеўская й Вэраніка Шніп, Віктар Жыбуль і Джэці, Уладзімер Арлоў і Андрэй Хадановіч, Анатоль Івашчанка і Ўсевалад Сьцебурака, Алёна Беланожка і Маргарыта Аляшкевіч, Барды Ната Пушкарова і Паша Кузіч.

А таксама: “Госьць на біс” – зорка ўсходняга танца, паэтка Ганна Федарук,
“Спэцыяльны госьць” – вядомы блюзмэн Юры Несьцярэнка, “Дэбют Выяваў”— фотамастачка і паэтка Ірына Агеева.

5 сьнежня (субота) у 18.00 у Тэатры рускага рамансу (вул. Чыгуначная, д. 27, корп. 2).

Кожны наведвальнік атрымае ў падарунак унікальную самаробную электронную кнігу коміксаў “Блакітны Свін і яму падобныя”. Не прапусьціце!

 

Баляда, царква, матрошка, баня, самавар, балалайка, бліны й ікона, Менск-Масква-Кіеў – усё гэта фэстываль Мі Мо Кі, то бок, ІІ Познаньскія дні ўсходнеславянскай культуры. Фэстываль ахоплівае сабою шэраг культурніцкіх і навуковых імпрэзаў, якія рухтуюць студэнты факультэтаў расейскай і ўкраінскай філялёгій Унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча.

Студэнты й выкладчыкі Інстытуту расейскай філялёгіі вырашылі падзяліцца сваім захапленьнем расейскай, украінскай і беларускай культурамі з жыхарамі Познані.

Паколькі праграма фэстывалю ахоплівае паказ трох культураў, то й назва Мі Мо Кі паходзіць ад пачаткаў назваў трох сталіц – Мińsk, Moskwa i Kijów.

Фэстываль пачаўся яшчэ ў першых чыслах лістапада. Цягам трох тыдняў адбыліся паказы тэатральных спэктакляў, дыскусіі, фотавыстава „Посьпех і параза памаранчавай рэвалюцыі”.

18 і 19 лістапада на фэстывалі заплянаваны выступ Беларускага тэатру аднаго актора „Зьніч”. Тэатар выступіць са спэктаклямі „Пачакай, сонца!” і „Адзінокі птах”.

Наперадзе канцэрт традыцыйных усходнеславянскіх песьняў, паказ расейскага фільму „Падарожжа з хатнімі жывёламі”. Фэстываль завершыцца 24 лістапада.

 

Штогод у лістападзе адбываецца самы паўночны джаз-фэст у Эўропе – KAAMOSJAZZ. Упершыню ён прайшоў у 1981 годзе ў запалярным мястэчку Saariselkä. Імпрэза была прызнаная велізарным посьпехам і стала традыцыйнай.

Слова ”kaamos” азначае самы цёмны пэрыяд году ў Лапляндыі. У лістападзе стракатыя асеньнія колеры зьнікаюць і кароткае дзённае сьвятло трымае людзей дома.

Кожны год сотні джазмэнаў і аматараў музыкі з розных краін Эўропы зьбіраюцца ў фінскай Лапляндыі. На працягу ўік-энду адбываюцца канцэрты і jamsessions джаз-выканаўцаў высокай клясы.

У рамках сёлетняга фэсту пройдзе 17 канцэртаў 12 гуртоў і 60 музыкаў. KAAMOSJAZZ пройдзе ад 19 да 22 лістапада.

 

14 лістапада ў польскім Бельску Падляскім адсьвяткавалі 45-гадовы юбілей хору песьні й танца „Васілёчкі”. Падчас урачыстасьці ўдзельнікам хору былі ўручаныя ўзнагароды ад Міністэрства культуры Беларусі й ад беларускай амбасады.

Хор песьні й танца „Васілёчкі” ўзьнік у 1964 годзе па-ініцыятыве дзеячоў Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Бельску Падляскім. Хор ставіў за мэту распаўсюд і захоўваньне беларускіх традыцыяў і беларускага фальклёру. Цягам 45-гадовай працы „Васілёчкі” далі больш за тысячу канцэртаў. Зь вялікім посьпехам хор выступаў у шэрагу польскіх гарадоў (Варшава, Быдгашч, Торунь, Плоцк, Познань, Сопат), а таксама ў беларускіх (Горадня, Бераставіца, Смаргонь, Віцебск).

Паводле www.belembassy.org


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone