Эўразьвяз не пайшоў на поўны адмен санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
Санкцыі засталіся, а Брусэль пастанавіў прыпыніць іх дзейнасьць, гэтым самым мэтанакіравана пакідаючы ў стане няўпэўненасьці беларускіх чыноўнікаў. Прадаўжэньне прыпыненьня санкцыяў учора станоўча ацаніў Аляксандар Мілінкевіч.
Гэтую інфармацыю зьмяшчае таксама „Rzeczpospolita”. Штодзёнка дадае, што чарговы разгляд справы адносна візавых санкцыяў у дачыненьні да прадстаўнікоў беларускага рэжыму адбудзецца праз год.
Застаемся на старонках гэтай жа штодзёнкі.
Пагасла чарговая чырвоная зорка ў дзяржаўным гербе, на гэты раз у гербе Македоніі, дзе сымбаль камунізму сьвяціў больш за 60 гадоў. Чырвонай зоркай у Эўропе ганарыцца толькі Беларусь.
Пяціканечная зорка была ў македонскім гербе ад 1946 году, як і ва ўсёй дзяржаўнай сымболіцы краіны былой Югаславіі. Аднак у 90-х гадох усе краіны, акрамя Македоніі, пазбыліся зоркі.
- Мы мелі вялікія праблемы з Грэцыяй адносна назвы краіны. Зорка мала каго цікавіла. Яна не была прыярытэтам для ніводнага з папярэдніх урадаў, - тлумачыць Гордан Георгіеў, кіраўнік македонскага Цэнтра стратэгічных дасьледаваньняў і дакумэнтацыі.
Ад 1991 году, калі была заснаваная Македонія, зорка нікому не перашкаджала, хаця зьнікнула са сьцяга. Таксама й сёньня, калі парлямэнт падпісаў дэкрэт аб ліквідацыі зоркі зь дзяржаўнага гербу, гэты факт мала каго зацікавіў.
- Македонцы ставяцца да сёньняшняй дзяржаўнай сымболікі як да пераходнага варыянту. Мы хочам мець новы герб і чакаем на рэфэрэндум у гэтай справе, - дадаў Георгіеў.
- Гэта добрая навіна для Македоніі, - лічыць віцэ-старшыня эстонскай Дыпляматычнай акадэміі Ваўр Мадэ.
Эстонія, якая ў сладзе СССР мела ў гербе серп і молат, а таксама снапы калосьсяў, вянок з галінак сасны ды ўзыходзячае сонца, новыя дзяржаўныя сымбалі мела ўжо ў 1990 годзе. Больш за тое, як і іншыя Прыбалтыйскія краіны, правяла рэфэрэндум у справе выкарыстаньня савецкай сымболікі.
- Македонія пакуль што яшчэ маладая краіна. Яна адрозьніваецца ад нас тым, што раней мы былі незалежнай дзяржавай. І таму мы вырашылі вярнуць герб з 1925 году, - сказаў Ваўр Мадэ.
Польшча й Вугоршчына вярнулі сваім гербавым арлам кароны. Румынія ў 1992 годзе вярнула дзяржаўную сымболіку з часоў Румынскага каралеўства. 5 гадоў пазьней царскую сымболіку вярнула Балгарыя. Толькі ў 2004 годзе ад чырвонай зоркі адмовілася Сэрбія.
Ад чырвоных зорак неабходна ўвогуле адмовіцца - лічаць экспэрты. Можна, напрыклад, памяняць іх колер, як гэта зрабіла Італія. На сёньняшні дзень у эстонскім гербе ёсьць тры зоркі, але жоўтага колеру, падсумоўвае „Rzeczpospolita”.
Ня выключана, што Ўладзімер Пуцін наведае Катынь, інфармуе сталічная штодзёнка „Życie Warszawy”.
Расейская „Независимая газета”, спасылаючыся на словы гісторыка Інэсы Яжбароўскай з польска-расейскай групы па вырашэньні складаных пытаньняў, сьцьвярджае, што Ўладзімер Пуцін прыедзе ў Катынь на адзначэньне 70-х угодкаў забойства польскіх афіцэраў функцыянэрамі НКУС. Урачыстасьці заплянаваныя на красавік будучага году.
Аднак у размове з польскімі журналістмі Яжбароўская кажа, што гэта толькі спадзяваньні, выкліканыя верасьнёўскай сустрэчай Пуціна з Тускам у Сопаце.
- Я ведаю з сур’ёзнай крыніцы нашага МЗС, што такая тэма закраналася й што ішла гаворка пра магчымы візыт Пуціна ў Катынь у першым паўгодзьдзі 2010 году. Лягічна было б наведаць Катынь у сакавіку ў гадавіну злачынства. Паколькі такая ідэя паявілася, можна спадзявацца, што візыт адбудзецца, - сказала Інэса Яжбароўская.
На думку расейскіх гісторыкаў, візыт Пуціна ў Катынь быў бы важным крокам у напрамку дэсталінізацыі расейскай зьнешняй і ўнутранай палітыкі. На дадзены момант няма ніякіх канкрэтных рашэньняў.
Эскаляцыя спадзяваньняў можа толькі перашкодзіць, зазначаюць эскспэрты й палітыкі. Рашэньне аб тым, хто прыедзе ў Катынь, будзе прымацца на самым высокім узроўні, і ня выключана, што ў апошні момант. Інфармуе сталічная штодзёнка „Życie Warszawy”.
КР