Падзеі й камэнтары


У Беларусі пачынаецца перабудова 18.11.2009

Якое яно, палітычнае жыцьцё Беларусі, як можа зьмяніцца сытуацыя ў краіне, якое дачыненьне да зьменаў будзе мець апазыцыя й ці існуе рэцэпт дэмакратызацыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні Дзьмітру Гурневічу адказвае сацыялёг і палітоляг Сяргей Нікалюк зь НІСЭПД, які сёньня наведаў нашую рэдакцыю.

Сп. Сяргей, свае шматлікія публікацыі ў прэсе Вы падпісваеце як палітояг. Мне здаецца, што гэта вельмі няўдзячная справа камэнтаваць беларускую палітыку. У беларускім палітычным жыцьці цішыня, дзе раз-пораз здараюцца скандалы, але ня больш за тое.

С. Нікалюк: Трошкі пахвалюся, ёсьць вельмі глыбокая філясофская думка, якую я сам пра сябе прыдумаў: У Беларусі і Нікалюк палітоляг. Гэта, насамрэч, вельмі сумная думка, бо ўзровень беларускай паліталёгіі вельмі нізкі. У заходнім разуменьні, у нас няма палітычнага працэсу.  А ўсё таму, што ў нас не прайшоў падзел паміж грамадзтвам і дзяржавай. Адпаведна ў грамадзтве не паўсталі структуры, якія здольныя сфармуляваць свае інтарэсы. А калі яно не разумее сваіх інтарэсаў, то якія могуць сур’ёзныя палітычныя партыі. Але Захад нам яшчэ пазайздросьціць. У нас ужо была калісьці перабудова, было шмат цікавага. І зараз, на маю думку, пачынаецца перабудова. Яе прычыны тыя самыя – ва ўлады сканчваюцца рэсурсы. Трэба нешта рабіць, ісьці на лібэралізацыю. Ня ведаю калі – празь месяц, год ці два, але ў Беларусі будзе цікава.

Вы закранулі тэму лібэралізацыі. Пра яе вельмі шмат кажуць ва ўладных структурах, але частка апазыцыі, ды й Захад пакуль скептычна ставяцца да гэтага працэсу. На іх думку, у краіне адбываюцца неістотныя рэчы, якія не ўплываюць на агульную карціну.

С. Нікалюк: Сыстэма, у якой мы жывем, а мы, на жаль, трапілі пад расейскі ўплыў, а там ужо 300 гадоў адбываецца лібэралізацыя, і заўсёды ініцыятарам лібэрлізацыі зьяўляецца ўлада. Гэта адбываецца таму, што Захад ідзе наперад і ўлады, каб выжыць, яго даганяюць. Іншая справа, што лібэралізацыя ідзе хвалямі. Ёсьць нейкія пікі, а потым часовы адкат. Сёньня без павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі беларускія ўлады ня выжывуць. Крыніцай павышэньня эфэктыўнасьці зьяўляецца лібэралізацыя. Улада, праўда, хоча яе правесьці на свой манэр. Ідэальны сцэнар лібэралізацыі – гэта завоз новага абсталяваньня. 7 жніўня, напрыклад, прэзыдэнт адчыняе сьвінарнік і кажа: галяндцы збудавалі нам сьвінарнік, датчане таксама збудавалі. Мы пакрыем усю дзяржаву такімі сьвінарнікамі й будзем шчасьлівай дзяржавай. Гэта праграма мінімум. Наступны этап – гэта інвэстыцыі, а для іх патрэбны клімат. Таму, робячы першыя крокі, улада мусіць рабіць і іншыя. Пакуль улада кантралюе працэс. Калі яна бачыць, што нешта страчвае, то здольная ўсё адмяніць. Але крокі будуць, бо Расея ўжо няздольная забясьпечыць Беларусь рэсурсамі. Мы пакуль не ўвайшлі ў тую стадыю. Як казаў Гарбачоў, “Працэс пайшоў”, але мы да яго будзем прыбліжацца.

А ці здольнае незалежнае грамадзтва, партыі, арганізацыі, дысыдэнты, ці могуць яны ўплываць на гэты працэс?

С. Нікалюк: Нельга забываць, што 30% беларусаў – грамадзяне, якія не прымаюць гэтую ўладу. Таму апазыцыя – гэта ня толькі партыі, але й грамадзтва. Такая апазыцыя можа няшмат: пайсьці на выбары й паставіць птушачку ня там, дзе хоча ўлада, але выйсьці арганізавана на вуліцы яна няздольная. Аднак сытуцыя мяняецца, і роля гэтых людзей можа павялічыцца. Але галоўныя працэсы адбываюцца не на супрацьстаяньні ўлады й апазыцыі. У СССР улада траціла дзеля свайго выжываньня каля 50% з ВУП на сілавікоў, але яна распалася. І якую ролю ў гэтым згуляла апазыцыя? А ці была яна там увогуле? Нашую сытуацыю нельга параўноўваць з Захадам. У нас улада варушыцца не пасьля хваляваньня народу. У нас спачатку варушыцца ўлада, людзі гэта бачаць і ў адказ на гэта народ выходзіць на вуліцу.

Неўзабаве ў Беларусі адбудуцца дзьве вялікія выбарчыя кампаніі: мясцовыя й прэызыдэнцкія. Ці мае шанец апазыцыя ў гэтых выбарах?

С. Нікалюк: Папярэдні сцэнар – гэта калі ўлада дапускаецца да выбараў, бо ўладзе дзеля легітмнасьці трэба паказаць палітычны працэс. Далей усё адбываецца паводле сцэнару ўлады, дзе апазыцыя выконвае сваю ролю, і мы атрымліваем вынік, які маем. Улада ставіць мэту гэта паўтарыць. Адзіная праблема – гэта Эўропа. Паводле мяне, апазыцыя можа згуляць тут важную ролю. На выбары трэба ісьці, але напачатку трэба папярэдзіць, што павінны быць выбары. Крытэрам выбараў зьяўляецца фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій з удзелам прдстаўнікоў незалежнага грамадзтва. Калі яны фармуюцца як раней, то апазыцыя адмаўляецца ад удзелу ў выбарах. У гэтым патрабаваньні няма абсалютна нічога надзвычайнага. Гэта запісана ў нашых законах, таму трэба проста яго выканаць. Тады ў нас будуць выбары. Калі апазыцыя правядзе гэтую палітыку, гэта будзе моцным ціскам на ўладу. Я нават не да канца разумею, як улада можа вырашыць гэтае пытаньне, таму што любое рашэньне будзе для яе нявыгадным. Але я баюся, што апазыцыя ўнутры не прыйдзе да згоды.


 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone