Аляксандар Лукашэнка мае сумневы адносна таго, ці беларускі ўрад змог адпаведным чынам забясьпечыць дзяржаўныя інтарэсы падчас узгадненьня ўмоваў дзейнасьці Мытнага саюзу Беларусі, Расеі й Казахстану. Пра гэта беларускі прэзыдэнт заявіў на адмысловай нарадзе ў аўторак.
27 лістапада ў Менску на паседжаньні міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС павінны быць падпісаныя дакумэнты, якія дадуць пачатак функыцянаваньню мытнай структуры. У першую чаргу прэзыдэнта цікавіць пытаньне, ці Мытны саюз вырашыць праблемы, якія ўзьніклі пры будове Саюзнай дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу прадстаўнікоў ураду на неабходнасьць прыняць усе важныя рашэньні ў бліжэйшым часе й не прымаць ніякіх запэўніваньняў і абяцаньняў, што ўсё пытаньні вырашацца ў далейшым. Паводле словаў прэзыдэнта Лукашэнкі, Расея й Казахстан у нечым падобныя, паколькі ў іх ёсць энэргетычная сыравіна. А гэта можа сьведчыць аб іх кансалідацыі, зьвязанай з агульнымі інтарэсамі.
Ён зазначыў, што беларускі бок чакае ад новай структуры дзейнасьці па прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнай выгады, унівэрсальнага нетарыфнага рэгуляваньня, забесьпячэньня свабоды перамяшчэньня тавараў і паслуг, роўных умоваў гаспадараньня для прадпрыемстваў, а таксам ліквідацыі неабгрунтаваных бар'ераў для ўзаемнага гандлю.
Беларускага прэзыдэнта хвалюе таксам пытаньне, ці Беларусь, якая гандлюе з Эўразьвязам і іншымі партнэрамі, зможа кампэнсаваць страчаную выгаду, удзельнічаючы ў Мытным саюзе, сфармаваным пераважна на расейскіх умовах ?
Аналізуючы ўсё вышэй сказанае, узьнікае пытаньне, ці Аляксандар Лукашэнка не давярае сваім стратэгіным партнэрам? Эканаміст Станіслаў Гусак лічыць, што пытаньне з катэгорыі нялёгкіх.
Станіслаў Гусак: Лукашэнка разумее, што калі пачынаецца шлях у адзіную мытную прастору, гэта першы крок да страты незалежнасьці. Ён таксама разумее, што за гэтым крокам яго прымусяць зрабіць чарговы крок. Фактычна, гэта будзе далучэньне да імпэрыі. А ў імпэрыі няма ні сяброў, ні братоў, ні сясьцёр. Імпэрыі патрэбныя васалы, якія будуць выконваць другапляновую ролю. Лукашэнка з часам гэта зразумеў. Дай Бог, каб так засталося. Мне падаецца, што ён ня хоча аддаваць уладу й думае, што рабіць далей. Ён упэўнены, што ў чарговых выбарах таксама пераможа. А калі ў яго будзе ўлада, то навошта яму Расея?
РЭД: Пытаньне з катэгорыі эканамічных ці эканамічна-палітычных. Як Беларусь, так і Казахстан запрошаныя да ўдзелу ў праграме „Ўсходняга партнэрства”. Расея не запрошаная. Больш за тое, яна даволі нэгатыўна ставіцца да гэтага праекту. Ці ўдзел у мытным саюзе можа паралельна ісьці з удзелам ва „Ўсходнім партнэрстве? Ці гэта можна спалучыць?
Станіслаў Гусак: Што тычыцца эканоміі, то, зразумела, Расеі гэта непатрэбна. Далучэньне Беларусі да Эўропы – гэта крок, які аддаляе яе ад Расеі. Але Беларусі гэта трэба рабіць. Лукашэнка сказаў, што нам трэба ісьці ў Эўропу з Украінай. Ён сказаў гэта ня так даслоўна, але амаль так. Ён сказаў, што ў нас з Украінай супольныя інтарэсы, і мы павінны іх прытрымлівацца. Калі б мы былі разам з Украінай, то нам было б значна прасьцей перамагчы крызыс і вырашыць пытаньні з Расеяй па газе й па нафце. Зразумела, што Лукашэнка робіць гэтыя крокі, каб атрымаць нафту з нафтаправоду Адэса-Броды на Мазырскі нафтаправод. Ён разьлічвае на тое, што незалежнасьць Беларусі дае краіне больш эканамічных і палітычных магчымасьцяў. Пра гэта таксама трэба памятаць. Але сказаць на 100 % , што ў яго такія пляны, я не бяруся, паколькі Лукашэнка – гэта вялікі майстар усялякіх спэктакляў. Ён расьпіша ўсё па ролях. Мы ўжо бачылі „малочную вайну”, і ведаем, як яна закончылася. Ён будзе ўтрымліваць адносіны з Расеяй, але ёсьць надзея, што нацыянальныя інтарэсы ён будзе адстойваць.
РЭД: 10 дзён засталося да падпісаньня дакумэнтаў аб стварэньні Мытнага саюзу. Як вам падаецца, яны будуць падпісаныя ці адкладзеныя?
Станіслаў Гусак: Я думаю, што будуць адкладзеныя. А можа будуць падпісаныя толькі паміж Расеяй і Казахстанам. Лукашэнка ўжо паставіў свае умовы. Калі да іх ставіцца сур’ёзна, то зразумела, што Беларусь не павінна падпісаць, калі Лукашэнка да канца будзе адстойваць свой пункт гледжаньня.
Ідэя стварэньня Мытнага саюзу нарадзілася ў рамках Эўразійскай эканамічнай супольнасці. Яе актыўна лябіраваў расейскі прэм’ер- мінітастар Уладзімер Пуцін. 9 чэрвеня ў Маскве прэм'ер-міністры Беларусі, Казахстану й Расеі заявілі аб намеры ўступіць адзіным Мытным саюзам у Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
27 лістапада ў Менску мае быць падпісаны адзіны Мытны кодэкс. Калі падпісаньне адбудзецца, то з 1 студзеня на тэрыторыі Беларусі, Расеі й Казахстану мае ўступіць у сілу адзіны мытны тарыф, а з 1 ліпеня пачне дзейнічаць у поўнай меры адзіны Мытны кодэкс.
Караліна Русіновіч