Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджаньне адразу чатыром беларускім выданьням. Матывацыя ва ўсіх папярэджаньнях аднолькавая хоць і за розныя парушэньні.
Папярэджаньні атрымалі «Наша Ніва», «Народная воля», а таксама газэты «КП в Беларуси» і «Ва-Банк». Папярэджваньні матываваныя «парушэньнямі ў публікацыях патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Артыкулы, якія парушылі газэты розныя, але сутнасьць ва ўсіх тая самая, бо гаворыцца пра даставернасьць інфармацыі.
У папярэджаньнях запісана, што газэты павінны выправіць у дзесяцідзённы тэрмін указаныя парушэньні Закона. Зрабіць гэта будзе дастаткова складана, бо, напрыклад, галоўны рэдактар газэты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч ня бачыць у папярэджаньні ніякай лёгікі. «Народная воля» быццам бы парушыла артыкул 38.
Іосіф Сярэдзіч: Ніякай лёгікі ў гэтым папярэджаньні няма. Мы ведаем зь інтэрвію Лукашэнкі, ён сам казаў, што ў нас парушаўся закон. Ён сказаў, што сам даваў каманду Цэнтарвыбаркаму зьмяніць дадзеныя падліку галасаваньня. Артыкул быў менавіта пра такую сытуацыю. Калі будуць парушацца нашы законы, то чаму народ ня можа прымусіць той жа Цэнтарвыбаркам, іншыя структуры, каб усё было падлічана сумленна? Наш прэзыдэнт сустракаецца зь Юшчанкам. А менавіта такая сытуацыя была ва Ўкраіне. Юшчанка сам прыйшоў да ўлады менавіта дзякуючы такой сытуацыі, калі народ адстойваў справядлівасьць. Народ мае права запатрабаваць, каб выконваўся закон.
Гнеў Міністэрства інфармацыі выклікаў артыкул пазаштатнага аўтара газэты Ігара Драка “Не перашкаджай іншым адстойваць свабоду”.
Андрэй Бастунец: Вельмі цяжка тлумачыць дзеяньні Міністэрства інфармацыі. У адзін дзень яны выносяць папярэджаньні самым уплывовым выданьянм у Беларусі. Зноў выплывае Закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. «Народную волю» вінавацяць, што ў адным з матэрыялаў яна заклікала да экстрэмізму. Абвінавачваньне бязглуздае. Яно вынесенае з парушэньнем заканадаўства, бо не Міністэрства інфармацыі мусіць высьвятляць, зьяўляецца выданьне экстрэмісцкім, ці не. Стан свабоды слова ў Беларусі ізноў даходзіць да ніжэйшай кропкі.
«Комсомольская правда в Белоруссии» папярэджаная пра недапушчальнасьць парушэньня артыкулаў 4 і 49. «Наша Ніва» - артыкулу 34. “Наша ніва” і «КП в Белоруссии» падазраюць, што прычынай іх папярэджаньняў сталі публікацыі пра сытуацыю з грыпам і пнэўманіяй. У рэдакцыі гэтай газэты, як і КП, лічаць, што яны самі сталі ахвярамі “сьвінога грыпу”.
Сапраўды, намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч папярэджвала, каб незалежныя СМІ не спрабавалі набіраюць наклады “дэзынфармацыяй” вакол грыпознай сытуацыі.
«Ва-банкъ» папярэджаны пра недапушчальнасьць парушэньня ажно трох артыкулаў -- 14, 38 і 49. То бок за разьмяшчэньне рэклямных паведамленьняў.
У пісьмовых папярэджаньнях Міністэрства інфармацыі знаходзіцца патрабаваньне ў дзесяцідзённы тэрмін выправіць парушаныя пункты закону, а потым паведаміць пра гэта Мінінфармацыі.