Польшча, Летува і Ўкраіна плянуюць стварыць супольны вайсковы батальён. Ліст намераў у гэтай справе быў падпісаны апошнімі днямі ў Брусэлі ў Штаб-кватэры NATO.
Пра гэтае новае вайсковае фармаваньне, якое будзе называцца LitPolUkrBryg, мы гутарым з аналітыкам Польскага інстытуту Міжнародных справаў Марцінам Тэрлікоўскім.
М. Тэрлікоўскі: Паводле камунікату Штаб-кватэры, гэтая брыгада дасягне баявой гатоўнасьці у 2013 годзе. Яе складовыя часткі – гэта значыць польскія, летувіскія і ўкраінскія атрады будуць дысьлякавацца ў сваіх ваенных базах. А на вучэньні й магчымыя супольныя ваенныя апэрацыі пераедуць у вызначанае месца. Да 2013 году нацыянльныя воінскія часткі на супольных вучэньнях будуць выпрацоўваць правілы й працэдуры супрацоўніцтва. Супольнае камандаваньне будзе складацца з афіцэраў усіх краін, якія будуць удзельнічаць у гэтай шматнацыянальнай частцы.
Як вы мяркуеце, ці гэты праект стварае рэальны шанец на прысьпяшэньне інтэграцыі Ўкраіны з эўрапейскімі й транспамежнымі структурамі?
М.Тэрлікоўскі: Напэўна гэтага тыпу шматнацыянальныя часткі з удзелам партнэраў, у гэтым выпадку Ўкраіны, якая не належыць да NATO, ды сябраў NATO – Польшчы й Летувы, якія ўжо доўгі час належаць да гэтага альянсу й здабылі пэўны вопыт. Напэўна гэта будзе карысна для Ўкраіны. Польшча яшчэ ў рамках Партнэрства дзеля міру, калі не належала да NATO, удзельнічала ў падобных шматнацыянальных частках. І ад гэтага атрымала канкрэтныя карысьці.
Пакуль быў падпісаны толькі ліст намераў аб утварэньні LitPolUkr батальёна. На Ўкраіне ў студзені адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Як вы думаеце, ці яны могуць паўзьдзейнічаць на будучыню гэтай ініцыятывы?
М.Тэрлікоўскі: Несумненна, студзенскія прэзыдэнцкія выбары на Ўкраіне зьяўляюцца важным этапам у разьвіцьці палітыкі гэтай дзяржавы. І, сапраўды, могуць прытармазіць, у залежнасьці ад выніку выбараў, жаданьне Ўкраіны далучыцца да эўрапейскіх ці трансатлянтычных структур. Так ці інакш, вайсковае супрацоўніцтва з заходнімі дзяржавамі Ўкраіне выгадна. Я лічу, што перш за ўсё не адбудзецца раптоўны паварот Украіны ў іншы бок. Супрацоўніцтва дае магчымасьць Украіне працаваць паводле NATO-ўскіх правіл, дапамагае разьвіваць баявую здольнасьць.
Гэта першы вайсковы праект, у якім задзейнічаны Летува, Украіна й Польшча. Але ў Польшчы ёсьць ужо пэўны досьвед у шматнацыянальных фармаваньнях. Раней ствараліся часткі польска-ўкраінскія ды польска-летувіскія. Як вы ацэньваеце гэтую супрацу?
М.Тэрлікоўскі: З Украінай у нас вельмі добрае дасьведчаньне. Мы разам працуем на Балканах – у Косаве польска-ўкраінскі батальён дзейнічае ў рамках NATO -ўскіх сілаў KFOR. Гэта вельмі добры разьдзел нашага вайсковага супрацоўніцтва з Украінай. Так як мэтай польскай замежнай палітыкі зьяўляецца набліжэньне Ўкраіны да ЭЗ, так і ў галіне ваеннай справы Польшча пасьлядоўна падтрымлівае імкненьне Ўкраіны да NATO. А зь Летувой у нас быў супольны батальён, гэтак званая баявая група, якая заставалася ў распараджэньні Эўрапейскага Зьвязу. У наступным годзе для баявога дзяжурства будзе створана баявая група пад польскім камандаваньнем, у якой будуць служыць жаўнеры зь Летувы, Латвіі, а таксама Нямеччыны й Славакіі.
Я. С.