Ёсіп Броз Ціта зьяўляецца адным з самых вядомых дыктатараў Усходняй і Паўднёвай Эўропы. Ён пражыў вельмі яскравае жыцьцё й пакінуў пасьля сябе глыбокі сьлед у гісторыі Югаславіі, сьлед, які па сёньняшні дзень адгукаецца шматлікімі праблемамі для насельніцтва былой Югаславіі.
Ёсіп Броз Ціта нарадзіўся ў шмадзетнай і беднай сям’і ў Харватыі ў 1892 годзе. У той час Харватыя ды іншыя землі пазьнейшай Югаславіі ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгерскай імпэрыі. У маладосьці будучы дыктатар працаваў на розных прадпрыемствах вялікай імпэрыі, у тым ліку на заводах “Шкода” у Чэхіі, “Бенц” у Нямеччыне і “Даймлер” у Аўстрыі. У 18 год ён уступіў у Сацыял-дэмакратычную партыю Харватыі й Славэніі.
Калі пачалася Першая Сусветная вайна, малады Ёсіп паказаў сябе як вельмі здольны жаўнер аўстрыйскага войска, але падчас баёў у Галіцыі быў паранены й трапіў у расейскі палон, у якім ён і заставаўся да 1917 году, працуючы на прымусовых працах у розных гарадах Расеі. У расейскім палоне Ціта ўпершыню пазнаёміўся з ідэямі бальшавікоў ды Леніна, і захапіўся бальшавіцкай прапагандай. Ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у розных акцыях, якія арганізоўваліся бальшавікамі супраць Часовага ўраду ў Петраградзе. Пасьля няўдалай спробы зьбегчы ў Югаславію, каб “рабіць там рэвалюцыю”, Ціта быў арыштаваны й правёў некалькі месяцаў у Пертрапаўлаўскай крэпасьці. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, змагаючыся ў шэрагах Чырвонай арміі супраць “белых”, Ціта ажаніўся з рускай дзяўчынай Пелагеяй Белавусавай.
Ціта вярнуўся на радзіму ў 1920 годзе разам са сваёй жонкай. Сямейнае жыцьцё будучага дыктатара не было шчасьлівым. Двое ягоных дзяцей памерлі. У 1924 годзе нарадзіўся сын Жарко.
Увогуле, каля 35 тысяч югаславаў вярнулася на радзіму з савецкай Расеі, несучы з сабой ідэі пабудовы камунізму. Ціта актыўна ўключыўся ў палітычную барацьбу і ў 1927 годзе ўзначаліў Камітэт прафсаюзаў гораду Загрэб. За сваю камуністычную й антыўрадваю дзейнасьць Ціта быў арыштаваны й правёў у вязьніцы 6 год.
У 30-х гадох Ціта, як старшыня Югаслаўскага аддзелу Камінтэрна быў накіраваны ў Маскву. Менавіта ў гэты пэрыяд у жыцьці Ціта разгортваюцца драматычныя падзеі.
У 1936 годзе ён разьвёўся са сваёй першай жонкай Пелагеяй, якую ў 1937 годзе арыштавалі па абвінавачваньню ў сувязях зь левым крылом КПЮ. Другі раз яна была арыштавана ў 1948 годзе як былая жонка Ціта, які ў той час ўжо стаў ворагам СССР. Такі ж лёс напаткаў і другую ягоную жонку Люцыю Баўэр. Сын жа Ціта Жарко быў аддадзены ў спэцыяльны дзіцячы інтэрнат.
Тое, што Ціта ня быў арыштаваны й рэпрэсаваны падчас свайго знаходжаньня ў Маскве можна лічыць цудам, але дасьледчыкі тлумачаць гэты цуд тым, што Ёсіп быў супрацоўнікам НКВД, а Сталін жадаў выкарыстаць яго, каб паставіць пад кантроль Югаслаўскую камуністычную партыю, што й было зроблена ў канцы 30-х гадоў. Старое кіраўніцтва КПЮ на чале з Міланам Горкічам было ліквідавана, а Ціта быў прызначаны старшынём партыі.
Ціта стаў кіраўніком Югаславіі ў 1945 годзе пасьля вызваленьня Югаславіі ад гітлераўскіх акупантаў было абвешчана аб утварэньні Дэмактатычнай Фэдэратыўнай Югаславіі, а Ціта стаўся першым прэм’ер-міністрам краіны, якая заставалася яшчэ каралеўствам. У гэтым жа годзе кароль Пётр ІІ быў зьняты, а краіна перайменаваная ў Федэратыўную Народную Рэспубліку Югаславія. У 1953 годзе Ціта стаў прэзыдэнтам краіны й заставаўся на гэтай пасадзе да самой сьмерці ў 1980 годзе.
Павал Усаў