Расея адтэрміноўвае адкрыцьцё атамнай электрастанцыі ў Іране
Расея не адкрые сёлета будаванай у Іране атамнай электрастанцыі. Расейскі міністар энэргетыкі Сяргей Шматко паведаміў, што адтэрмінаваньне адкрыцьця праходзіць па тэхналягічных прычынах.
Тым часам, паводле многіх назіральнікаў, Расея выкарыстоўвае праект электрастанцыі, каб пераканаць Іран да спыненьня разьвіцьця праграмы ўзбагачэньня ўрану.
Пачаткова іранскую электрастанцыю будавалі нямецкія фірмы, але пасьля перамогі ісламскай рэвалюцыі ў 1979 годзе праект быў прыпынены. У 1995 годзе расейцы пачалі прыстасоўваць аб’ект. Ад гэтай пары старт электрастанцыі шматразова адкладваўся.
Захад крытыкуе Іран за разьвіцьцё ядзернай праграмы. У верасьні бягучага году Расея дала зразумець, што яна падтрымае санкцыі ў дачыненьні да Тэгерану, калі вырашыць прымяніць іх ААН.
Немаўляты плачуць на роднай мове
Пра тое, што немаўляты плачуць інтанацыямі роднай мовы, паведамляе “Science News”.
Дасьледаваньні наконт гэтага праводзіліся пад кіраўніцтвам антраполяга Кэтлін Вермке ў Вюрцбурскім унівэрсытэце ў Нямеччыне.
У экспэрымэнце бралі ўдзел 60 здаровых нованароджаных дзяцей, 30 з франкамоўных і 30 з нямецкамоўных сем’яў.
Дасьледчыкі запісалі 2,5 тысячы розных „плачаў”. У палове выпадкаў ім удалося дакладна вызначыць сувязь паміж асаблівасьцямі плачу й інтанацыямі роднай мовы. Дзеці зь нямецкіх сем’яў пачыналі плакаць на высокіх танах і заканчвалі больш нізкімі, дзеці з францускіх сем’яў, наадварот, падвышалі тон па меры нарастаньня плачу.
Навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што знаёмства з гукамі роднай мовы дзіця пачынае ўжо падчас апошніх месяцаў цяжарнасьці, паколькі яно чуе, што адбываецца па-за ўлоньнем. Даўно вядома, што дзеці ад нараджэньня адрозніваюць голас маці ад галасоў іншых людзей, а таксама родную мову — ад іншых моў. Немаўляты таксама спрабуюць імітаваць родную мову ад самага нараджэньня.
Здольнасьць дзіцяці ўспрымаць гукі разьвіваецца ўжо на 19-м тыдні цяжарнасьці. Гэта актыўна выкарыстоўваюць прыхільнікі прэнатальнага выхаваньня. Яны лічаць, што „музычнае выхаваньне” немаўляці да родаў аказвае пазытыўны ўплыў на пазьнейшае сэнсаматорнае, моўнае, эмацыйнае, сацыяльнае й фізычнае разьвіцьцё малога чалавека.
Новы антыбіётык - польскае адкрыцьцё
Мікрабіёляг доктар Ялянта Салецка адкрыла новую субстанцыю, якая мае антыбіятычныя ўласьцівасьці.
Рэчыва пакуль не выклікае лекаўстойлівасьці ўражлівых бактэрыяў, таму існуе шанец выкарыстаньня яго ў барацьбе з найбольш небясьпечнымі бактэрыямі.
Аўтарка адкрыцьця Ялянта Салецка працуе ў Нацыянальным інстытуце грамадзкага здароўя. Над рэчывам, якое зьяўляецца мэтабалітам, які прадукуе адзін зь відаў бактэрыяў, яна працавала 9 гадоў.
Ялянта Салецка: Я знайшла бактэрыю, якая прадукуе актыўную субстанцыю супрацьбактарыйнага дзеяньня. Падчас маіх дасьледаваньняў я шукала крыху іншы антыбіётык, чым знойдзеная сыбстанцыя. Тым ня менш, яна вельмі цікавая, і я спадзяюся, што яе мэханізм лекаўстойлівасьці паявіцца адносна позна.
- спадзяецца доктар Ялянта Салецка.
На працяг дасьледаваньняў яна атрымала каля 6 мільёнаў злотых грантаў з Эўразьвязу. Калі яны пацьвердзяць прагназаванае дзеяньне рэчыва, яго можна будзе выкарыстаць з мэтай лячэньня бактэрыйных інфэкцыяў і рознага роду мікозаў, між іншым, дыхальнай і мачавой сыстэмаў.
Уплыў мэдытацыі на здароўе чалавека
Мэдытацыя ахоўвае ад хваробаў сэрца й крываноснай сыстэмы - такія высновы зрабілі амэрыканскія навукоўцы пасьля досьледаў 200 пацыентаў.
На пачатку дэкады экспэрты з Мэдычнага каледжу ў штаце Вісконсін папрасілі групу афраамэрыканцаў зьмяніць спосаб жыцьця альбо пачаць мэдытаваць. Тыя, хто выбраў мэдытацыю, былі абавязаныя выконваць адмысловыя практыкаваньні цягам 20 хвілінаў у дзень. Пасьля 10 гадоў аказалася, што ў згаданай групе прадоўжылася сярэдняя даўжыньня жыцьця, зьменшылася колькасьць сардэчных прыступаў і інсультаў. У часткі асобаў са згаданай групы панізіўся таксама ціск крыві ды ўзровень стрэсу.
Вынікі экспэрымэнту былі прадстаўленыя падчас канфэрэнцыі Амэрыканскага кардыялягічнага таварыства.
Усё ж чальцы амэрыканскага Таварыства скептыкаў перасьцерагаюць перад празьмерным заангажаваньнем у мэдытацыю, паясьняючы, што за доступ да тэматычнай літаратуры й ведаў зацікаўленыя мэдытацыяй плацяць тысячы даляраў.
Здымкі: pl.wikipedia.org
А.З.