NATO занепакоена расейска-беларускімі манэўрамі, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
Амбасадары NATO ў сераду выразілі занепакоенасьць манэўрамі „Захад-2009”, якія ў верасьні праходзілі каля польскай мяжы. Яны палічылі манэўры спрэчнымі з дэклярацыяй аб паляпшэньні адносінаў паміж NATO й Расеяй. Прэс-сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Джэймс Апатурай выказаў таксама занепакоенасьць з прычыны таго, што на расейска-беларускія манэўры не былі запрошаныя назіральнікі ад NATO, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
Сяргей Магніцкі, 37-гадовы юрыст, які працаваў у Расей для Міжнароднага інвэстыцыйнага фонду, памёр у расейскай вязьніцы пры нявысьветленых абставінах. Ягоныя супрацоўнікі абвінавачваюць у сьмерці расейскія ўлады й міліцыю. Тэмай занялася „Rzeczpospolita”.
Hermitage Capital Management, фірма, якая скупляла акцыі буйных расейскіх прадпрыемстваў, а таксама змагалася з карупцыяй, пачала мець праблемы некалькі гадоў таму. Спачатку забарону ўезду ў Расею атрымаў дырэктар фонду Ўільям Браўдэр, паколькі нібыта ствараў пагрозу для нацыянальнай бясьпекі. Два гады пазьней, у 2007 годзе, у офісе фірмы была праведзена рэвізія. Супрацоўнікі заявілі, што падчас праверкі былі выкрадзеныя дакумэнты, якія пазьней былі выкарыстаныя падчас нелегальнага захопу некалькіх акцыянэрных таварыстваў, кантраляваных фондам. У справу быццам бы былі замешаныя супрацоўнікі МУС і чыноўнікі іншых ведамстваў. Пасьля гэтага фонд быў абвінавачаны ў падатковых злачынствах.
Уільяма Браўдэра асудзілі завочна, Сяргей Магніцкі патрапіў за краты. Ягоныя супрацоўнікі падазраюць, што ўсё гэта адбылсоя пасьля таго, як Магніцкі назваў прозьвішчы асобаў, замешаных у пераняцьцё акцыянэрных таварыстваў.
Магніцкі правёў за кратамі 11 месяцаў. Паводле брытанскага „Financial Times”, ягоная сьмерць наступіла ў выніку метанакіраванай нядбайнасьці міліцыі. Юрыст меў сур’ёзныя праблемы з падстраўнікавай залозай, пра што інфармаваў сваіх даглядчыкаў. Аднак, як паведамляюць ягоныя адвакаты, просьбы аб аказаньні мэдычнай дапамогі былі ігнараваныя, чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.
Нямецкія банкі пачынаюць вялікую апэрацыю па абмене каля 100 тысяч банкаўскіх крэдытных картак. Прычынай гэтага зьяўляецца падазрэньне, што злодзеі маглі скарасьці асабістыя дадзеныя такой колькасьці кліентаў. Кошт абмену можа скласьці каля паўмільёна эўра, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.
Злодзеі скралі дадзеныя не з банкаўскіх кампутараў, а з сэрвэра гішпанскай фірмы, якая абслугоўвае нямецкія фінансавыя ўстановы.
Спэцыялісты асьцерагаюць, што найбольшая небясьпека пагражае немцам, якія ўжо знаходзяцца ў Гішпаніі альбо зьбіраюцца ў гэтую краіну.
Хаця пакуль што не пацьвердзілася інфармацыя аб выкарыстаньні чужых дадзеных, банкі хочуць захаваць сродкі бясьпекі. Учора нямецкія СМІ паведамілі, што Raiffeisen Bank і Volksbank выклікаюць сваіх кліентаў для абмену больш за 60 тысяч картак. Пад пагрозай могуць быць таксама іншыя нямецкія банкі: Deutsche Bank і Commerzbank, а таксама нямецкі філіял Citibank.
Яшчэ ў кастрычніку трывогу абвесьцілі фірмы Visa й Mastercard - вытворцы самых папулярных крэдытных картак. Іх прадстаўнікі заяўляюць, што ў выпадку выкарыстаньня выкрадзеных дадзеных дзеля крадзяжу з банкаўскіх рахункаў нявінных асобаў, фірмы ў адпаведнасьці з дамовамі, падпісанымі з канкрэтнымі банкамі, кампэнсуюць фінансавыя страты. Пра гэта піша „Dziennik Gazeta Prawna”.
Вяртаемся на старонкі выданьня „Gazeta Wyborcza”. Яно распавядае пра фэстываль дакумэнталістаў, якія займаюцца грамадзкімі паталёгіямі, неталеранцыяй і праблемамі сучаснага чалавека. Учора ў Лодзі пачаўся 19 фэстываль „Чалавек пад пагрозай”.
- Са шматлікіх дакумэнтальных стужак і рэпартажаў, дасланых на фэстываль, вынікае, што надышла пара вяртацца дадому: і рэальна, і мэтафізычна. Надышоў адпаведны момант, каб задаць пытаньне пра свае карані, пра сваю тоеснасьць, пра свой панадворак і суседзяў, - кажа Моніка Хыбовіч-Бражыньска, куратарка фэстывалю.
Вынікі фэстывалю будуць вядомыя ў суботу. Акрамя кінастужак, узнагароды атрымаюць аўтары радыёрэпартажаў, чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”.
КР