Расея не прымае прэтэнзіяў NATO ў сувязі зь нядаўнімі расейска-беларускімі манэўрамі “Захад -2009” - заявіў расейскі прадстаўнік пры NATO Дзьмітры Рагозін.
Рада Паўночнаатлянтычнага альянсу выразіла занепакаеньне, зьвязанае з манэўрамі, самымі буйнымі пасьля “халоднай вайны”, і з тым, што Расея не запрасіла на вучэньні замежных назіральнікаў. Апрача таго, саюзьнікі па NATO занепакоеныя, што сцэнар манэўраў прадугледжваў атаку на Расею з боку Захаду.
У адказ Рагозін заявіў, што Расея яшчэ летам паведаміла краінам-чальцам альянсу пра падрыхтоўку манэўраў. Ён назваў іх рутыннымі вучэньнямі, зьвязанымі з павышэньнем баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Расеі й Беларусі.
Па словах Дзьмітрыя Рагозіна, Расея неаднойчы зьвярталася да NATO з прапановай распрацаваць меры даверу ў ваеннай дзейнасьці на памежных тэрыторыях. Але натаўцы адмаўляюцца ад такіх мераў, паколькі ў XXI ст., калі няма “халоднай вайны”, няма неабходнасьці ў такіх мерах. Дамова павінна была ўсталяваць парадак ваеннай дзейнасьці на межах альянсу й Расеі. Рагозін запрапанаваў таксама прадстаўнікам NATO зьвярнуцца да Расеі з прэтэнзіямі ў пісьмовай форме.
Нагадаем, у беларуска-расейскіх ваенных манэўрах, якія прайшлі ў верасьні, удзельнічала 12,5 тыс. жаўнераў і каля 200 адзінак баявой тэхнікі.