Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Дзейнасьць таварыства Expatria 19.11.2009

Шукаюць дзіцячыя дамы, прытулкі для дзяцей у краінах былога Савецкага Саюзу, вышукваюць дзяцей, якім патрэбная дапамога. Дапамагаюць таксама бацькам, якія, змагаючыся за здароўе сваіх дзяцей, гатовыя прыехаць у Польшчу на лячэньне. Пра каго ідзе гаворка? Падрабаязнасьці Натальля Грышкевіч.

Гаворка ідзе пра супрацоўнікаў Таварыства Экспатрыя (Expatria). Яны абралі сваёй мэтаю дапамогу польскім дзецям на ўсходзе. Слова віцэ-старшыні таварыства Конраду Прушыньскаму.

К. Прушыньскі: Гэта такі напрамак, які нас цікавіць па зразумелых прычынах. Сытуацыя палякаў, польскай дыяспары на ўсходзе пераважна на многа горшая, чым на Захадзе. Ня толькі фінансавая сытуацыя, але й становішча дзяцей. Таксама служба аховы здароўя мае меншыя магчымасьці лячэньня на ўсходзе, чым нават у Польшчы.

Ці гэта азначае, што калі польскае дзіця ў краіне на ўсход ад Польшчы захварэе, то яно там не атрымае лячэньня? Ці апека там настолькі дрэнная, што трэба яго прывозіць у Польшчу?

К. Прушыньскі: Гэта залежыць ад таго, у якой мясцовасьці жыве дадзеная сям’я й дзе лечаць дзіця. Вядома, што, скажам, Масква, Кіеў, ці нават Львоў – гэта гарады, дзе ёсьць добрыя адмыслоўцы, якія паставяць правільны дыягназ і правядуць эфэктыўную тэрапію. Але часьцей за ўсё за дапамогу такіх спэцыялістаў неабходна заплаціць. Так што, нават жывучы ў вялікім горадзе, сям’я можа ня мець сродкаў, каб заплаціць добрым лекарам. Служба аховы здароўя быццам бы бясплатная, але не да канца. За ўсё трэба плаціць – за лякарствы, апеку ў шпіталі. Таму да нас зьвяртаюцца людзі, якія ня могуць заплаціць. Гэта адна справа, а другая – людзі, якія жывуць дзесьці на правінцыі й ня могуць знайсьці добрага лекара для сваіх дзяцей. Малыя пацыенты, якім мы дапамагаем, гэта дзеці з правінцыі, з малых мястэчак і вёсак Беларусі ці Ўкраіны. Пераважна ў дзяцей з правінцыі няправільна пастаўлены дыягназ, а лячэньне, нават калі ўжо пачалося, таксама праводзіцца ня так, як павінна. Дзеці прыяжджаюць у Польшчу, тут ім яшчэ раз ставяць дыягназ, пераважна ў Варшаве, паколькі ў сталіцы шмат добрых пэдыятрычных клінік.

Вы сказалі, што многія дзеці паходзяць з глыбокай правінцыі, з малых вёсак. У такім выпадку, як вы іх знаходзіце, як яны да вас трапляюць?

К. Прушыньскі: Ёсьць некалькі шляхоў, па якіх гэтыя дзеці да нас трапляюць. Першае – гэта, зразумела, наш сайт у інтэрнэце, празь які людзі могуць да нас зьвяртацца. Там ёсьць анкета па-польску й па-расейску, якую можна запоўніць і нам выслаць. Па-другое, мы маем добрыя кантакты з польскімі консульствамі. Калі консул ведае пра нейкі выпадак хваробы, дае бацькам інфармацыю пра нас. Ёсьць у нас таксама знаёмыя ксяндзы й манашкі, якія ведаюць патрэбы польскіх сем’яў. Мы самі таксама часта езьдзім на ўсход, у Беларусь ды Ўкраіну, шукаем месцы, дзе яшчэ не былі, знаёмімся зь мясцовымі палякамі. Ёсьць таксама часопісы й газэты, якія выдае Фундацыя дапамогі палякам на Ўсходзе, у якіх паяўляецца інфармацыя пра нас. Ёсьць таксама дабрачынная арганізацыя Карытас у Беларусі й Украіне. Яна часам павядамляе нам пра дзяцей, якім патрэбная мэдычная дапамога.

Ваша таварыства дзейнічае ўжо 6 гадоў. Колькі дзяцей за гэты час атрымала ад вас дапамогу?

К. Прушыньскі: Дыягностыку прайшло некалькі соцен дзяцей. Калі казаць пра дзяцей, якія прыехалі ў Польшчу на лячэньне або атрымалі ад нас дапамогу падчас тэрапіі ў добрых шпіталях у сваёй краіне, напрыклад, у Кіеве або Львове, то іх таксама будзе каля сотні. А як мінімум дзесяці або й некалькім дзясяткам дзяцей былі зроблены складаныя апэрацыі, некаторым яны ўратавалі жыцьцё.  

Дзякуем за гутарку. Калі кагосьці зацікавіла гэтая справа й хацеў бы скантактавацца з таварыствам, то, калі ласка, яго адрас у інтэрнэце www.expatria.pl 

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone