Здарылася ў Беларусі


Ізноў зьбіраем "Талаку” 19.11.2009 слухаць 2,18 MB

На мяжы савецкіх застойных часоў і перабудовы, у моладзевым асяродку, цалкам падкантрольным камсамолу, нечакана зьявіліся “нефармалы”. Іх незаплянаваны энтузіязм бянтэжыў і насцярожваў, бо энтузіясты, па-першае, зьбіраліся самастойна, па-другое, без аніякай платы дапамагалі ў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. За работу браліся цяжкую й брудную, а вось думкі мелі ўзьнёслыя. Гаворка пра “Талаку”. Гэтак называўся клюб нефармальнай моладзі. “Дзе пачую талаку, туды ногі валаку”, - жартавалі ягоныя сябры. А жартавалі, спрачаліся й проста размаўлялі паміж сабою толькі па-беларуску. На той час – адно гэта было ўжо ўчынкам зь вялікай літары. Лідэрам талакоўцаў быў Сяргей Вітушка. Мінула ўжо добрых 25 гадоў. Нялёгка й няпроста склалася жыцьцё Сяргея, які, як кажуць, і сам гарэў, і іншых мог запаліць, натхніць, разварушыць. Як гэта было, тады, на мяжы савецкіх застойных часоў і перабудовы? Пра гэта маем магчымасьць паслухаць самога Сяргея Вітушку. 

Сяргей Вітушка: Цяпер, калі маё жыцьцё дайшло да нейкай пэўнай кропкі (дасьць Бог, пражыву якое-небудзь новае жыцьцё ў новым стане, у новай якасьці), але тое маё жыцьцё ужо пражыта... Я лічу, што ўспаміны трэба запісваць тады, калі чалавек дайшоў да пэўнай кандыцыі, да пэўнай кропкі. Бо трэба даваць ацэнкі людзям, падзеям. А калі чалавек яшчэ сам удзельнік гэтых падзеяў, калі ён яшчэ залежыць ад тых людзей, кругом якіх ходзіць і якія кругом яго ходзяць, тады ня можна зрабіць нейкія шчырыя ацэнкі. Заўсёды пабаішся нешта сказаць, каб не пакрыўдзіць чалавека, каб сабе гэта не пашкодзіла. А я ўжо сьмела магу казаць пра тое сваё жыцьцё, якое было. Але яно распадаецца на многа сьцяжынак. Накірунак адзін, дарога адна, але многа, многа пераплеценых сьцяжынак. Гісторыя маёй сям’і – асобная сьцяжынка. Той сям’і, дзе я быў сынам, гэта адна сьцяжынка. Той сям’і, дзе я стаў бацькам, другая сьцяжынка. Гісторыя маёй хваробы – асобная гісторыя, і безь яе немагчыма зразумець усё маё астатняе жыцьцё, матывацыю маіх учынкаў. Уся мая грамадзкая дзейнасьць, прафэсійная дзейнасьць... Усё гэта лініі, якія пераплятаюцца. І сёньня я хацеў бы пагаварыць пра адзін фрагмэнцік, самы яркі, самы эфэктыўны ў маім жыцьці, пра “талакоўства”. Нейкія 4 гады, з 1985 да 1990 году.

Мне лёгка ўспамінаць, бо ў памяці жыве ўвесь той час, уся тая Эпоха. Буду гаварыць сапраўды тое, што засела ў памяці, а не па паперцы, падглядаючы ў нейкія дакумэнты. Даўно трэба было гэта зрабіць, але мне перашкаджала мая прафэсія, я ж сам гісторык і з архіўнай справай, гістарычным дасьледаваньнем знаёмы. Захаваўся архіў Талакі, у мяне 3 скрынкі вялізныя ў хаце. Перапіска Талакі, анкеты, дзёньнікі, газэтныя выразкі... Думаў, што трэба пісаць сур’ёзна, але глядзеў, што ня ўсіх архіваў хапае. Трэба ж тады глядзець у архівах партыйных, у архівах КДБ... І гэта не напісалася. Сёньня я шчыра прызнаюся, што нікуды не падглядаю, ні ў які тэкст. Гавару толькі тое, што засела ў памяці.

Пра Талаку. Я, азіраючыся на ўсё сваё жыцьцё, гэтыя некалькі гадоў магу назваць самымі шчасьлівымі. Можа таму, што быў маладзейшы, можа таму, што быў здаравейшы. Можа быў ня так абцяжараны грузам памылак сваіх і ўдарамі лёсу й жыцьця. І гэта была вызначальная якасьць – маладыя! Бо ў сёньняшнім сваім стане я б ні за што такую Талаку не арганізаваў. Жыцьцё пабіла, пацёрла, і стаў я больш асьцярожны, абачлівы, больш кампрамісны, больш цярплівы да нейкіх рэчаў. А тады быў такі юначы масымалізм! Калі гэта белае, дык белае! Калі чырвонае – дык чырвонае! З такім запалам толькі й робяцца рэвалюцыі. У залатым гэтым маладым узросьце, калі ўжо дастаткова разумныя, але яшчэ бясстрашныя. Я лічу, што гэта была беларуская нацыянальная рэвалюцыя. Бо ўсё у той савецкай Беларусі кацілася да зьнішчэньня беларускага. Была бэсэсэраўская беларушчына, але яна была такая нецікавая, такая нясмачная. І людзі ад яе сарамліва адварочваліся, а забываючы пра яе адчувалі нейкую палёгку. Няшчырасьць, чужасьць... А нашая задача была якраз крупінкі шчырасьці сабраць. Не на кожнага пісьменьніка ў нас адгукалася душа. Былі ж сотні беларускіх пісьменьнікаў, але мы чыталі Караткевіча, забароненага Купалу (менавіта забароненага!), які на ценькіх папяросных паперках сьляпым шрыфтам перадрукоўваўся. Мы чыталі Ермаловіча. І вось гэта была Беларусь! Нэрвам, лакмусавай паперкай была шчырасьць. Можа быць самай галоўнай прыкметай было гаварэньне па-беларуску проста так. На вуліцы. На нейкую побытавую тэму. Хто так гаварыў, той быў наш, той быў сапраўдны! Талаку стваралі ўжо сьвядомыя людзі.

Наступная частка ўспамінаў Сяргея Вітушкі прагучыць у нашым эфіры ў нядзелю 22 лістапада.

Гэй, талакоўцы! Адраджэнцы беларушчыны 80-х!
Памятаеце?.. Як зьбіраліся, як спрачаліся, як радаваліся адзін аднаму. І як змагаліся, і як разам браліся за справы – простыя й патрэбныя. Варта ўспомніць тыя гады. І варта яшчэ раз аб’яднацца ў Талаку. Ізноў вакол Сяргея Вітушкі. Ён напісаў кнігу. Простую й патрэбную. Для дзяцей. Для ўнукаў ужо нашых. Для нас, колішнія талакоўцы! Давайце выдадзім кнігу Сяргея Вітушкі. Талакою!

Ахвяраваньні можна дасылаць на асабісты рахунак Сяргея Вітушкі:

Swedbank

GEDIMINO, 26 VILNIUS 

LT52 7300 0100 0176 4423  

А напісаць Сяргею Вітушку можна на адрас: talakoviec@tut.by


 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone