Вакол сьвету


Замак "Гродзец" 20.11.2009

А сёньня, сябры, запрашаем у адзін з прыгажэйшых польскіх замкаў. Гэта Замак “Гродзец”, разьмешчаны ён у паўднёва-заходнім раёне Польшчы, недалёка гораду Легніца. Гісторыя замку вельмі цікавая, ня менш цікавая й сучаснасьць.

Першыя пісьмовыя ўзгадкі пра замак датуюцца 1155 годам. Будоўля разьмешчана на базальтавым узгорку, даезд да яе вельмі цяжкі. Вышыня ўзвышша – каля 400 мэтраў над узроўнем мора. Так што ў сярэднявеччы ворагам было цяжка падабрацца да каменнай пабудовы.

Цягам вякоў замак быў ва ўладаньні польскіх князёў і нямецкіх баронаў, некалькі разоў быў спалены, адноўлены й перароблены. Генэральная рэканструкцыя замку пачалася ў 1900 годзе, калі яго ўладальнікам стаў барон Вілібальд фон Дырксэн. Нагадаю, да канца Другой сусьветнай вайны рэгіён, дзе разьмешчаны замак, уваходзіў у склад Нямеччыны. На ўрачыстым адкрыцьці рэканструяванага замку прысутнічаў нават імпэтар Прусіі Вільгельм Другі.

У 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя ўладальнікам замку “Гродзец” быў сын Вілібальда фон Дырксэна, Гербэрт – высокапастаўлены чыноўнік Трэцяга Рэйху, амбасадар у Маскве, Токіё й Лёндане. Ходзяць чуткі, што ў замку бываў сам фюрэр.

Пасьля вайны замак быў дзяржаўнай уласнасьцю, у 1993 годзе – гэта прыватная ўласнасьць. Штогод, асабліва ў цёплую пару году, на тэрыторыі замку праходзяць разнастайныя масавыя мерапрыемствы. Найбольш вядомы замак “Гродзец” рыцарскімі турнірамі, якія тут адбываюцца штогод. Дарэчы, першы рыцарскі паядынак прайшоў у замку ў 1515 годзе, пра што засьведчана ў пісьмовых крыніцах. 

На тэрыторыі замку здымалася шмат тэлеперадачаў, мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў. Тут жа, у замку “Гродзец”, праходзілі здымкі некаторых рэаліты-шоў, у тым ліку “Імпэрыя” расейскай тэлевізіі. У гэтым рэаліты-шоў прымаў удзел скандальны расейскі палітыкі, віцэ-сьпікер Дзяржаўнай Думы Ўладзімер Жырыноўскі. Я, сябры, быў у гэтым замку, і кашталян Зянон Бярнацкі вельмі цікава распавёў гісторыю пабудовы, ды нават паказаў ложак, у якім праводзіў ночы спадар Жырыноўскі. Так што запрашаю вас наведаць замак “Гродзец”, які славіцца ня толькі сваёй багатай гісторыяй, але й цікавым сёньняшнім днём.  

Валера Саўко


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone