Беларусь змагла адносна бязбольна пераадолець рэцэсію, заявіла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" пастаянная прадстаўніца Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Беларусі Натальля Калядзіна. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі III назіральніцкай місіі па праграме stand-by для Беларусі, якая знаходзілася ў Менску 9-19 лістапада.
“Эканоміка краіны не ўвайшла ў глыбокую рэцэсію” – дадала Калядзіна.
МВФ працягне абмеркаваньне з уладамі пэрспэктыў рэалізацыі новай праграмы stand-by. Пра яе магчымасьць і мэтазгоднасьць фонд пачаў казаць некалькі месяцаў таму. Місія таксама дасягнула пагадненьня зь беларускімі ўладамі аб прадстаўленьні чарговага траншу крэдыту. Канчатковае рашэньне аб выдзяленьні Менску 700 млн. даляраў рада дырэктараў МВФ прыме напрыканцы сьнежня. Як гаворыцца ў паведамленьні МВФ, Беларусь добра выканала ўзгодненыя ўмовы эканамічнай праграмы.
Да гэтага часу Беларусь атрымала ад МВФ 2, 23 млрд. даляраў з заплянаваных 3,63 млрд.
МВФ прагназуе, што ў гэтым годзе ВУП Беларусі зьменшыцца на 1,2%. У наступным годзе ён павялічыцца на 1,8%. Улады маюць намер аднавіць хуткі эканамічны рост і дасягнуць росту ВУП у 2010 г. на ўзроўні 11%.