„Дзень нараджэньня” быў у панядзелак, час на сьвяткаваньне знайшоўся толькі сёньня. Польскі ўрад падсумоўвае 2 гады сваёй дзейнасьці.
Прэм’ер-міністар Дональд Туск падчас інаўгурацыі двухдзённай канфэрэнцыі, прысьвечанай падсумаваньню 2 гадоў дзейнасьці ўраду, зазначыў, што за гэты час значна вырас прэстыж Польшчы на міжнароднай арэне, а краіна стала паўнапраўным партнэрам.
Прэм’ер-міністар сказаў, што найважнейшай мэтай для ягонага ўраду зьяўляецца вызваленьне эканомікі ад лішняй бюракратыі. Ён патлумачыў, што лішняя папяровая праца й маруднасць чыноўнікаў затрымліваюць агромністыя інвэстыці, такія як будова аўтастрадаў. Трэба зьмяніць законы, падрыхтаваць чыноўнікаў і стварыць доўгатэрміновы плян паляпшэньня інфраструктуры.
Туск падкрэсьліў, што ад 2007 году значна палепшыліся адносіны з суседзямі – Расеяй і Нямеччынай.
Паводле прэм’ер-міністра, у краіне палепшылася таксама энэргетычная бясьпека. У якасьці прыкладу Туск падаў пачатак будовы газпорту, падпісаньне бясьпечнага кантракту на пастаўку кандэнсаванага газу, а таксама карысны доўгатэрміновы кантракт з Расеяй на пастаўку блакітнай сыравіны.