У сьнежні бягучага году чакаецца выдзяленьне Беларусі новага траншу крэдыту ў рамках праграмы „стэнд-бай”. Гэта вынікі працы місіі МВФ, якая знаходзілася ў Беларусі ў лістападзе.
19-га лістапада скончыла працу ў Беларусі місія Міжнароднага валютнага фонду. Экспэрты МВФ праводзілі так званы „трэці агляд” выкананьня Беларусьсю дамоўленасьцяў па атрыманьні крэдыту „стэнд-бай”. Размова вядзецца пра дапамогу на рэалізацыю макраэканамічных стабілізацыйных праграмаў.
На гэтую мэту Беларусь ужо атрымала ў гэтым годзе каля 2,23 млрд. даляраў ЗША. Першая частка крэдыту ў памеры 788 млн. даляраў паступіла ў Беларусь у студзені бягучага году. У чэрвені быў выдзелены чарговы транш крэдыту ў памеры каля 680 млн. даляраў. У кастрычніку Беларусь атрымала трэці транш у памеры каля 700 млн. даляраў. Гэтыя грошы прадстаўлены МВФ для стабілізацыі нацыянальнай валюты Беларусі, тлумачыць вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.
Леанід Злотнікаў: Галоўная мэта МВФ палягае на падтрымцы стабільнасці нацыянальных валют. Напрыклад, калі ў нашай краіне будзе дэфолт, аслабне нацыянальная валюта, мы ня зьвернем нашых пазыкаў, паўстане ланцужок нэгатыўных зьяваў, які закране іншыя краіны. Таму МВФ, які зацікаўлены стабільнасьцю сусьветных рынкаў, падтрымлівае стабільнасьць нацыянальных валют. Крэдыты МВФ ідуць на падтрымку золатавалютных рэзэрваў краіны й дапамагаюць выйсьці з цяжкага становішча: аднавіць зьнешні гандаль, збалянсаваць адмоўнае сальда гандлёвага балянсу.
У сьнежні чакаецца рашэньне пра выдзяленьне далейшых крэдытаў Беларусі з боку МВФ. Паводле дадзеных Нацбанка Беларусі, на гэты конт ужо дасягнута дамоўленасьць паміж урадам РБ і кіраўніцтвам місіі МВФ. Гэта значная зьмена ў адносінах між афіцыйным Менскам і гэтай арганізацыяй. З моманту ўступленьня Беларусі ў МВФ, якое адбылося ў 1992 годзе, да 2006 году Беларусь толькі тройчы зьвярталася па сродкі МВФ. Яшчэ ў 2002 годзе Менск меў неаплачаных крэдытаў у МВФ на суму каля 70 мільёнаў даляраў. Сытуацыя зьмянілася з канца мінулага году. У чым прычына, тлумачыць Леанід Злотнікаў.
Леанід Злотнікаў: Калі ў 2006 годзе адмоўнае сальда зьнешняга гандлю складала недзе 4% ад ВУП, то цяпер яно вырасла да 18%. Гэта ўжо вельмі небясьпечная зьява. Гэта можа прывесьці да дэфолту краіны, альбо да дэвальвацыі нацыянальнай валюты, калі МВФ не падтрымае краіны ў гэтай сытуацыі.
МВФ стаўноча ацэньвае эканамічную палітыку беларускага ўраду. Паводле экспэртаў Фонду, Беларусь выконвае ўсе патрабаваньні МВФ, таксама дасягнута дамоўленасьць па макраэканамічных паказчыках на 2010 год. На думку Леаніда Заікі, незалежнага эканаміста, кіраўніка аналітычнаг цэнтру „Стратэгія”, у наступным годзе Беларусь будзе патрабаваць новых крэдытаў. У тым ліку й ад МВФ.
Леанід Заіка: Я думаю, што Беларусь будзе далей пазычаць, таму што суадносіны між крэдытамі й ВУП Беларусі невялікія, калі параўноўваць з шматлікімі краінамі, у тым ліку й Польшчай. У Беларусі нашмат ніжэй каэфіцыент запазычанасьці. Яна яшчэ можа браць грошы. Пагатоў цяжка ўявіць паляпшэньне плацёжнага й гандлёвага балянсу. Фактычна, сёньняшняя сытуацыя паўторыцца і ў наступным годзе, таму прыдзецца пазычаць. Альтэрнатывай пазыкам зьяўляюцца зьберажэньні беларускага насельніцтва. Гэта больш чым 6 мільярдаў даляраў. Калі б урад праводзіў разумную фінансавую й банкаўскую палітыку, то гэтыя грошы працавалі б, і можна было б абысьціся без пазыкаў.
Пасьля доўгіх гадоў напружаных адносінах на лініі афіцыйны Менск – МВФ, беларускі ўрад пачаў актыўна супрацоўнічаць з гэтай арганізацыяй. Беларусь атрымала значныя крэдытныя сродкі на стабілізацыю сваёй валюты. У сьнежні бягучага году чакаецца выдзяленьне чарговых 700 мільёнаў даляраў ЗША крэдыту з боку МВФ.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч