НАВІНЫ


Эўразьвяз мае першага ў гісторыі прэзыдэнта 20.11.2009

Эўразьвяз мае першага ў гісторыі прэзыдэнта. На пасаду старшыні Эўрапейскай рады абраны прэм’ер-міністар Бэльгіі Герман ван Ромпэй. Такое рашэньне прынялі ўчора кіраўнікі 27 краін эўрапейскай супольнасьці падчас саміту ў Брусэлі. Бэльг зьяўляецца мала вядомым палітыкам у Эўропе. На сваёй першай прэс-канфэрэнцыі ў якасьці прэзыдэнта ЭЗ заявіў, што будзе дыскрэтным старшынём, які не намерваецца высоўвацца па-за свае кампэтэнцыі.

Герман ван Ромпэй: Мае асабістыя погляды цалкам падпарадкаваныя поглядам Эўрапейскай рады. Няма значэньня, што я думаю. Маім заданьнем зьяўляецца пошук кансэнсусаў ва ўсіх магчымых справах. Я пастараюся яго запэўніць, каб пазьбегнуць разыходжаньняў і канфліктаў.

Эўрапейскія лідэры абралі таксама міністра замежных справаў Эўразьвязу.  Кіраўніком эўрапейскай дыпляматыі стала камісар па пытаньнях гандлю, ангельская баранэса Кэтрын Эштан. Яна прызналася, што ня мае досьведу ў дыпляматыі, аднак аспрэчвае закіды, што атрымала пасаду толькі таму, што зьяўляецца жанчынай.

Кэтрын Эштан: Я вельмі ганаруся тым, што палітыкі ўрэшце зразумелі, што жанчыны таксама могуць працаваць і займаць высокія пасады нароўні з мужчынамі. Калі гаварыць пра мой досьвед, я заўсёды займалася перамовамі. Мы вырашылі адну з самых доўгіх гандлёвых спрэчак са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Хочам завершыць адну зь вялікіх „бананавых войнаў”. Я прашу ацэньваць мяне паводле маіх дасягненьняў і спадзяюся, што вы будзеце задаволеныя вынікамі маёй працы.

Новы старшыня Эўрапейскай рады й кіраўнічка эўрапейскай дыпляматыі пачнуць выконваць свае абавязкі з 1 сьнежня. У гэты дзень увойдзе ў сілу Лісабонскі трактат, называны эўрапейскай Канстытуцыяй.  Герман ван Ромпэй будзе займаць пасаду цягам 2,5 гадоў, Кэтрын Эштан – 5 гадоў.


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone