Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Агляд друку 20.11.2009

Расея безь сьмяротнага пакараньня” – гэта назоў артыкулу ў цэнтрысцкім выданьні „Gazeta Wyborcza”. Ад жніўня 1996 году ў Расеі не выконваецца сьмяротнае пакараньне. Тады міністар замежных справаў падпісаў 6. Пратакол, дзякуючы чаму Расею прынялі ў Раду Эўропы. Дзесяць гадоў таму Канстытуцыйны суд сьцьвердзіў, што пакуль ва ўсіх рэгіёнах краіны ня будуць пакліканыя суды прысяжных, рашэньне аб сьмяротным пакараньні нельга прымаць. 1 студзеня 2010 году прысяжныя пачнуць працаваць у апошнім рэгіёне – Чачні.

Канстытуцыйны суд да гэтага часу павінен быў адказаць на пытаньне, што далей рабіць з найвышэйшаю мераю пакараньня. Судзьдзі прынялі рашэньне, на першы погляд, неадназначнае – артыкул застаецца ў Крымінальным кодэксе, але прымаць рашэньне аб сьмяротным пакараньні забаронена, пакуль Дума не ратыфікуе 6. Пратаколу. Гэты дакумэнт забараняе выкарыстоўваць сьмяротнае пакараньне ў мірным часе. За адмену гэтага пакараньня выказваецца прэм’ер Уладзімер Пуцін. Чальцы яго партыі „Адзіная Расея” маюць большасьць у Думе, але іх меркаваньні на гэтую тэму падзеленыя. Супраць таксама выступаюць камуністы й нацыяналісты з партыі Ўладзімера Жырыноўскага.

Супраць адмены сьмяротнага пакараньня выступае большасьць расейцаў. 53% ня толькі патрабуюць яго выконваньня, але хочуць, каб сьмерцю каралі за кожнае цяжкое злачынствы, улічваючы эканамічныя.

Паводле галоўнага рэдактара квартальніка „Няволя” Навума Німа, сьмяротнае пакараньне ўжо ня вернецца, паколькі гэта азначала б аўтаматычнае выключэньне з Рады Эўропы. А гэтага ў Маскве хацелі б пазьбегнуць за любы кошт.

Газэта „Dziennik” піша пра распараджэньне Эўрапейскай камісіі, якое павінна было загарантаваць Эўразьвязу энэргетычную бясьпеку. Аднак яно не абараняе інтарэсаў Польшчы. „Газ без салідарнасьці” – гэта назоў артыкулу.

Праблема сур’ёзная, бо частка Эўрапейскага парлямэнту імкнецца да таго, каб дакумэнт камісіі яшчэ больш паслабіць. Польскія эўрадэпутаты асьцерагаюць: калі распараджэньне ў такім выглядзе ўвойдзе ў жыцьцё, то можа аказацца „мёртвым законам”.

Польскі эўрадэпутат Багуслаў Сонік зазначае, што дакумэнт Эўракамісіі мае некалькі важных памылак. Напрыклад, у сытуацыі, калі пастаўкі зямнога газу зьменшацца, Эўракамісія можа ўвесьці надзвычайны стан. Аднак ёсьць „але”. Паводле дакумэнту, надзвычайны стан можа быць уведзены для рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі. Аднак гэта павінна быць больш чым адна чальцоўская краіна. Калі б Расея спыніла пастаўкі газу ў Польшчу, то тэарэтычна камісія можа не рэагаваць. Польскія дэпутаты хочуць, каб надзвычайны стан можна было ўвесьці, калі пастаўкі газу будуць спыненыя нават на тэрыторыі адной краіны.

Дакумэнт Эўрапейскай камісіі таксама сьцьвярджае, што надзвычайны стан можна абвесьціць у выпадку, калі пастаўкі газу ў дзень зьменшацца на 10%. Аказваецца, што мяжа 10% не падабаецца галяндцам, гішпанцам і французам. Яны хочуць, каб яна была ўдвая большая. Паводле польскіх эўрадэпутатаў, гэтая лічба павінна быць як мага меншая. Калі гэта будзе 20-25%, то пункт распараджэньня ніколькі ня ўвойдзе ў жыцьцё.

Дыскусію выклікае запіс, які загадвае краінам ЭЗ перадаваць Эўракамісіі тэксты ўмоваў аб пастаўках газу. Магло б гэта азначаць парушэньне гандлёвай таямніцы.

Эўрадэпутаты маюць час да 9 сьняжня, каб падрыхтаваць свае прапановы зьменаў ці дапаўненьняў дакумэнту.

Штодзёнка „Rzeczpospolita” апісвае гісторыю лекаркі, якая выпісвала прызначаныя для ваенных інвалідаў бясплатныя рэцэпты бяздомным асобам, якія ня мелі права атрымліваць такія рэцэпты.

Учора суд спыніў справу лекаркі Ілёны Росек-Канечнай, паколькі вырашыў, што яе ўчынкі не прынесьлі вялікай шкоды. Прысутныя ў залі суду сустрэлі рашэньне судзьдзі апладысмэнтамі.    

У пэрыяд ад сьняжня 1998 да сьняжня 1999 году лекарка выпісала больш за 2 тысячы рэцэптаў на бясплатныя лекі бяздомным. У выніку Нацыянальны фонд здароўя заплаціў за лекі для бяздомных больш за 100 тысяч злотых. Лекарка не аспрэчвала факту, што выпісвала бясплатныя рэцэпты асобам, якія ня мелі на гэта права. „Бясплатныя лекі ратавалі здароўе й жыцьцё бедных,” – тлумачыла. Яна не пагадзілася з абвінавачваньнем, што рабіла гэта дзеля матэрыяльнай выгады.

Хоць тэарэтычна ёй пагражала восем гадоў пазбаўленьня волі, пракурор з увагі на шляхетныя матывацыі лекаркі зьвярнуўся да судзьдзі з просьбаю злагодзіць пакараньне. Пракурор прасіў абмежаваньня волі для яе ў выглядзе бясплатнай працы на карысьць фонду, у якім лекарка працуе.

Юрысты жанчыны патрабавалі поўнага апраўданьня й тлумачылі, што лекарка дзейнічала выключна з шляхетных памкненьняў, а галоўная задача лекара – гэта дабро пацыентаў. Абаронцы лекаркі кажуць, што рашэньне суду зьяўляецца перамогаю справядлівасьці.

Ілёна Росек-Канечна кажа, што не паўтарыла б такой практыкі. Аднак яна дадае: „Лекары надалей маюць праблемы з законамі. І часамі яны вымушаныя рабіць цяжкія выбары”.

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone