Падзеі й камэнтары


Менск ізноў абнаўляецца 20.11.2009

Адбылося абмеркаваньне перспэктываў разьвіцьця беларускай сталіцы з удзелам прэзыдэнта. Аляксандар Лукашэнка ўхваліў прапановы па карэктыроўцы генэральнага пляну Менска.

Вакол Менска плянуецца пабудаваць другую кальцавую аўтадарогу, якая аб'яднае магістральныя накірункі Масква-Бэрлін і Вільня-Кіеў. Што тычыцца падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе, дык у беларускай сталіцы павінны адбыцца пазытыўныя, на думку чыноўнікаў, зьмены. Беларускі прэзыдэнт згадзіўся з плянамі будаўніцтва новага шматфункцыянальнага комплексу з гатэлем у межах падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету па хакеі. Будзе пабудаваны да 2013 году новы стадыён на 45 тысяч месцаў з крытымі трыбунамі, які павінны адпавядаць сусьветным стандартам. Заплянаваны кошт праекту – 100-120 мільёнаў эўра. Вакол стадыёна «Дынама» будзе пабудавана некалькі гатэляў.

Падчас дакладу адзначалася, што ў генэральным пляне ўлічаныя пажаданьні жыхароў Менска, якія ўдзельнічалі ў абмеркаваньні дакумэнту. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі вельмі скептычна глядзіць на ўсе новаўвядзеньні, якія павінны цешыць вока жыхароў сталіцыі яе гасьцей.

Сяргей Харэўскі: Памкненьне зымітаваць бурны эканамічны рост, якога няма. Пабудаваць спаруды, якія б сьведчылі пра нейкія фінансава-эканамічныя посьпехі. Насамрэч, адзіны будынак, які тут пабудавалі, з дапамогаю, дарэчы Садама Хусэйна, гэта Нацыянальная бібліятэка, у якой не знайшлося месца Цэнтральнаму гістарычнаму архіву. Але там ёсьць боўлінг, рэстарацыя, прэзыдэнцкі люкс...

Адным з аб'ектаў, які павінны ўпрыгожыць беларускую сталіцу, павінны стаць шматфункцыянальны комплекс. Ён разьмесьціцца на праспэкце Незалежнасьці ў межах вуліцаў Янкі Купалы й ракі Сьвіслач, непадалёк ад цырку. Мяркуецца, што фасады будуць выкананыя ў традыцыйным стылі цэнтральных праспэктаў сьвету з акцэнтам на дэталі з натуральнага каменю. Прэзыдэнт запатрабаваў, каб будаўніцтва вялося паводле эўрастандартаў. Тым часам сапраўдным упрыгожаньнем любога гораду, якое прыцягвае турыстаў, заўсёды лічыцца тое, што засталося ў спадчыну.

Менск неаднаразова паўставаў з руінаў, у якія ператваралі горад ворагі. Але ня толькі войнамі тлумачыцца трагічны  лёс гораду. І ў мірны час працягвалася руйнаванье архітэктурнае спадчыны. Беларускі краязнавец, гісторык культуры Уладзімер Дзянісаў лічыць, што ўжо зробленыя непапраўныя памылкі.

Уладзімер Дзянісаў: Менск пасьля вайны будаваўся як абсалютна новы горад. Горад у стылі сацыялістычнага рэалізму, па канонах горадабудаўніцтва савецкага накірунку. Былі дыскусіі, можна было пачуць слабыя галасы пра тое, што трэба аднавіць горад у тым выглядзе, як ён быў да вайны. Да вайны Менск быў сапраўдным эўрапейскім горадам. У Верхнім горадзе плянавалася ў сувязі з праграмай аднаўленьня страчаных помнікаў гісторыі й культуры аднавіць старажытныя гандлёвыя рады. Замест гэтага пабудавалі піўны рэстаран. Паставілі макецік Ратушы нават трошкі непадобны на аўтэнтычны. І адначасова зьнішчылі старажытны цэнтральны сквэр і знакаміты менскі фантан, пастаўлены ў 30-я гады, вядомага архітэктара Герасіма Якушкі. Выдатны помнік малых архітэктурных форм”.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ўсё павінна быць зроблена з максымальнымі выгодамі для людзей. І што насельніцтва Менска павінна павялічвацца ўжо толькі за кошт гарадоў-спадарожнікаў. Бо Менск, паводле ягонага меркаваньня, ужо ня можа павялічыцца больш, чым на 2-3 тысячы чалавек. Згодна з скарэктаваным Генэральным плянам Менска, заплянаваная колькасьць насельніцтва беларускай сталіцы складае 1 мільён 900 тысяч чалавек да 2030 году. Жылыя раёны будуць будавацца ўжо ў Смалевічах і Заслаўі.

Ганна Гарачка


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone