Гомельская “Талака” да 89-х угодкаў падзеяў паўстаньня ў Слуцку наладзіла прызэнтацыю й прагляд дакумэнтальнага фільму Белсата “Слуцкі збройны чын”. Далей Ян Стужынскі.
Паводле словаў кіраўніцы гомельскай “Талакі” Лырысы Шчыраковай, такім чынам нацыянальна скіраваная інтэлігенцыя вырашыла адзначыць гадавіны важных для Беларусі падзеяў.
Лырыса Шчыракова: Акурат у гэты дзень, 27 лістапада 1920 году, адбыўся першы бой слуцкага збройнага чыну пад вёскай Семежава, які паклаў пачатак антыбальшавіцкаму паўстаньню. Гэта вельмі значная падзея ў гісторыі Беларусі, якая за саветамі, канешне, не вывучалася. А такія вось прагляды мы зьбіраемся ладзіць рэгулярна.
У фільме паказваюцца падзеі лістапада ды сьнежня 1920 году, распавядаецца пра постаці гэтага паўстаньня, большасць зь якіх сталі ахвярамі сталінізму.
Лырыса Шчыракова: Аўтары вельмі проста падалі матэрыял. Без залішняй факталёгіі, але вельмі эмацыйна. Ёсць закадравы тэкст. Ёсьць расповед ад імя маленькага хлопчыка – удзельніка акцыяў БНФ, ды ад імя аднаго з удзельнікаў паўстаньня, натуральна, ужо нябожчыка, які памёр у 1953 годзе. У іх атрымалася вельмі эмацыйна - літаральна пачынаеш плакаць напрыканцы.
Паводле словаў Ларысы Шчыраковай, у сучаснай Беларусі, як і пры Савецкай уладзе, падзеі слуцкага паўстаньня застаюцца невядомымі для шырокіх колаў чытачоў і слухачоў.
Ян Стужынскі, Гомель