Падзеі й камэнтары


Рэдакцыйная дыскусія 03.02.2010

Атрымалі мы допіс з нашай віньніцкай паштовай скрынкі, з Украіны. Цытую ліст, пераклад з расейскай мовы.

“Добры дзень, супрацоўнікі Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё для замежжа!

Піша вам абураная вашымі паводзінамі жыхарка горада Пінска Берасьцейскай вобласьці Беларусі Барсук Алла Рыгораўна. Я – вэтэран працы. Ужо 7 гадоў на пэнсіі. Усё жыцьцё працавала на заводзе майстрам і намесьніцай начальніка цэха. Мяне выхоўвалі ў духу любові да сваёй Радзімы й пашаны да братняга расейскага народу. Але, вось як Краўчук, Шушкевіч і піяніца Ельцын развалілі наш Савецкі Саюз, так і пачалося. Добра, здавалася, што ў нас ёсьць Лукашэнка. Мы ўжо спадзяваліся на саюзную дзяржаву з Расеяй, а тут на табе! Ён ужо пачаў лезьці сябраваць з Юшчанкам, а на Расею як сабака брэша. І ў гэтым, я лічу, і ваша вялікая “заслуга”.

Я вас даўно слухаю. І вось, з таго часу, калі Вы пачалі трансьляваць свае праграмы ў Беларусі, мноія зьмянілі свае погляды. Нават мае равесьнікі. Ужо ў Эўропу хочуць, а Расея іх не цікавіць. Ужо кажуць, што лепш з Юшчанкам сябраваць, чым з Пуціным і Мядзьведзевым. А самі паглядзіце, што такія, як Вы, зрабілі з Украінай!? У мяне там знаёмая жыве ў Добне, гэта пад Роўна. У нас і пэнсіі, і зарплаты, і заводы працуюць, і калгасы. А вы ўсё хлусіце ў сваіх брахлівых праграмах, адурманьваеце і маладых, і старэйшае пакаленьне! Я хачу вам сказаць, што нічога ў Вас не атрымаецца. Такіх, як я, у нас у Беларусі – большасьць! Я буду зьвяртацца ў адпаведныя ворганы, каб забараніць вашы праграмы. Вось так!”

Алла Рыгораўна, дзякуй Вам за ліст. Моцныя словы... Зразумела, ня вельмі прыемна, калі хтосьці цябе абвінавачвае ў хлусьні, але такія слухачы, як Вы, для нас таксама цэнныя. Магчыма, слухаючы нас, Вы крышку лепш пазнаеце сьвет. Я ня думаю, што Вы нас слухаеце толькі таму, што так моцна любіце нас ненавідзець. Не, Вы нас слухаеце таксама й таму, хаця самі перад сабою ў гэтым не прызнаецеся, што нашы праграмы прадстаўляюць вам альтэрнатыўную інфармацыю, іншыя погляд на падзеі ў Беларусі ды сьвеце, чым у дзяржаўных сродках масавай інфрамацыі.

Яшчэ адзін ліст, з апошняй партыі карэспандэнцыі, якая прыходзіць на віньніцкую паштовую скрынку. Цытую:

“Добры дзень, рэдакцыя беларускага радыё.
 
Піша вам слухачка з г. Сарны (спадзяюся, правільна прачытала назву гораду – Н.Г.). Я даўно хацела напісаць Вам пісьмо, але неяк не рашалася, а вось сёньня, у дзень Светлага Раства, слухаючы ваша радыё, хачу падзякаваць за хвіліны шчасьця, якія вы мне, пэнсіянэрцы, дорыце кожны дзень. У мяне зламаўся тэлевізар, а ад Вас я даведваюся аб навінах з Эўропы, аб сьвеце, перажываю разам з Вамі й дрэнныя, і добрыя моманты жыцьця. Дзякуючы Вам, я адчуваю сябе паўнавартасным чалавекам гэтага грамадзтва.

З паважаньнем, ваша пастаянная слухачка Кацярына Дзьмітрыеўна Мамчур.”

Дарагая спадарыня Кацярына, вы таксама даставілі нам незабыўную хвіліну радасьці сваім лістом. Жадаем Вам яшчэ многа-многа гадоў жыцьця, здароўя, і шмат задавальненьня ад праслухоўваньня нашых перадач. Толькі шкада, што тэлевізар у Вас папсаваны, бо Вы маглі б таксама глядзець праграмы з Польшчы для беларусаў на тэлеканале Белсат, хаця дзеля гэтага трэба мець спадарожнікавае тэлебачаньне.

Посьпехаў Вам, дарагія слухачы, і заставайцеся разам з намі. Слухайце нас, пішыце нам лісты, дасылайце заўякі ў канцэрты віншаваньняў, дзяліцеся сваімі разважаньнямі, заўвагамі й прапановамі. Адрасы, на якія можна пісаць нам допісы, пачуеце практычна ў кожным выпуску перадачы з Варшавы. Нагадаю толькі адрас нашага сайту, дзе паяўляюцца сюжэты ў тэкставым варыянце, ёсьць таксама інфармацыя пра рэдакцыю – www.radyjo.net.

Натальля Грышкевіч
 


 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone