Падзеі й камэнтары


У. Пуцін запрасіў Д. Туска ў Катынь 04.02.2010 слухаць 2,57 MB

У аўторак прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін запрасіў па тэлефоне кіраўніка польскага ўраду да ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 70-й гадавіны катынскага злачынства.

„Мы ведаем, якое важнае месца ў памяці палякаў займае Катынь. Таму я лічу, што наш супольны ўдзел у згаданых урачыстасьцях быдзе мець важнае сымбалічнае вымярэньне,” – такім чынам словы расейскага прэм’ер-міністра працытаваў прэс-сакратар польскага ўраду Павал Грась.

Прэм’ер-міністар Дональд Туск лічыць, што ягоны ўдзел ва ўрачыстасьцях 70-й гадавіны катынскага злачынства будзе чарговым крокам на шляху паляпшэньня польска–расейскіх адносінаў. У ягонай ацэнцы запрашэньне Ўладзімера Пуціна вельмі важнае.

Дональд Туск: Ушаноўваючы памяць ахвяраў, чакaючы поўнай праўды й маральнай кампэнсацыі,  мы хочам адначасова будаваць лепшыя польска-расейскія адносіны. Гэта вельмі складанае заданьне. Тым ня менш, мне здаецца, што чарговы крок у гэтым напрамку быў зроблены.

Дональд Туск заявіў, што ён ня хоча пераацэньваць значэньне сымбаляў, але паводле яго, жэст Пуціна - вельмі важны.

Дональд Туск: Напэўна палякі ня будуць адчуваць поўнай задаволенасьці па справе расейскага стаўленьня да Катыні, але польскі пункт гледжаньня далёкі ад расейскага.

– дадаў кіраўнік польскага ўраду.

Падобным чынам жэст расейскага палітыка ацэньвае кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі. У ацэнцы міністра замежных справаў, пра ранг запрашэньня сьведчыць ягоная форма.

Радаслаў Сікорскі: Факт, што прэм’ер Уладзімер Пуцін па ўласнай ініцыятыве патэлефанаваў Дональду Туску, а не, напрыклад, перадаў запрашэньне за пасярэдніцтвам амбасадара, гэта таксама доказ станоўчых асабістых адносінаў між кіраўнікамі ўрадаў абедзьвюх дзяржаваў і чарговы крок дзеля паляпшэньня польска-расейскіх адносінаў.

Міністар Радаслаў Сікорскі падкрэсьліў, што польскаму боку залежыць таксама на рэлігійным вымярэньні ўрачыстасьцяў. Паводле польскага МЗС, уключэньне ва ўрачыстасьць Каталіцкага касьцёла й Праваслаўнай царквы было б вельмі патрэбнае.

Тым часам у ацэнцы гісторыка прафэсара Войцеха Рашкоўскага, намеры прэм’ер-міністра Расеі неадназначныя, таму з ацэнкай запрашэньня трэба пачакаць да самога мерапрыемства.

Войцех Рашкоўскі: У расейскай палітыцы бачная нейкая лёгіка, пасьлядоўнасьць. Таму згаданае запрашэньне ў параўнаньні з ранейшымі сыгналамі выглядае, як нейкая зьмена. Узьнікае толькі пытаньне, ці яна будзе трывалая, пасьлядоўная, ды ці будзе паглыбляцца? Невядома. Адтуль нашая асьцярожнасьць, тым больш, што Расея апошнімі гадамі прызвычаіла палякаў да нейкага недаверу.

- лічыць прафэсар Войцех Рашкоўскі.

Тым ня менш гісторык прызнае, што запрашэньне кіраўніка польскага ўраду на ўрачыстасьці ў Катыні, гэта другі (пасьля перадачы Ельцынам дакумэнтаў, датычных Катыні), сапраўды важны жэст расейскага боку. 
 
Нейкія сумневы адносна намераў Уладзімера Пуціна выказвае таксама Анджэй Мэляк з Катынскага камітэту.

Анджэй Мэляк: Гэта можа быць крок у станоўчым напрамку, але што з гэтага будзе вынікаць, якую цану будзе прымушаная заплаціць Польшча? Ці будуць наступныя жэсты, ці Расея прызнае катынскае злачынства генацыдам? І яшчэ адно, ці вялікага ўплыву на ўсю сытуацыю ня мае факт, што скарга арганізацыі «Катынскія сем'і», унесеная ў Трыбунал у Страсбурзе, будзе разглядацца вясною. Ці жэст Пуціна не зьяўляецца палітычнай гульнёй?

- задумоўваецца дзеяч Катынскага камітэту.

Генэральны сакратар Рады аховы памяці змаганьня й пакутніцтва Анджэй Пшэвозьнік спадзяецца, што запрашэньне прэм’ер-міністра Дональда Туска ў Катынь і сама ўрачыстасьць будзе пачаткам паясьненьня трагедыi. Тым больш, што шмат чаго паясьненьня патрабуе.

Анджэй Пшэвозьнік: Напрыклад, гаворка ідзе пра адсутнасьць дадзеных, датычных каля 3 тысячаў польскіх грамадзянаў з гэтак званага беларускага сьпісу, а значыць тых, хто быў забіты ў турме НКУС у Менску; aдсутнасьць месца пахаваньня згаданых асобаў. Гэта вынікае з таго, што некалькі дзясяткаў тамоў актаў, датычных катынскага злачынства, надалей засакрэчаныя.

Генэральны сакратар Рады аховы памяці змаганьня й пакутніцтва нагадаў, што сем'і ахвяраў хочуць даведацца пра акалічнасьці сьмерці сваіх блізкіх. Шмат зь іх да гэтай пары ня ведае, дзе іхныя сваякі былі забітыя.

У 1940 годзе НКУС забіў каля 20 тысячаў польскіх грамадзянаў, якія апынуліся ў савецкім палоне пасьля ўваходу Чырвонай арміі на тэрыторыю Польшчы ў верасьні 1939 году.

Цягам многіх гадоў праўда пра катынскае злачынства была фальсыфікаваная камуністычнымі ўладамі. Толькі ў 1990 годзе ўлады Савецкага Саюзу прызналіся, што палякаў забівалі функцыянэры НКУС. Нягледзячы на гэта, расейская пракуратура спыніла справу.

Расейскі бок нікога не абвінаваціў, нікога не пакараў ды пакуль не прызнаў катынскага забойства генацыдам, чаго дамагаюцца палякі.

А.З.


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone