“Шкада, што зь юрфаку сыходзяць мазгі”
- казалі Тацьцяне Шапуцьцы выкладчыкі пасьля адлічэньня з БДУ
Тацьцяна Шапуцька апошнія два месяцы часта фігуруе на стужцы навінаў. Спачатку Тацьцяна ўзяла чынны ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства ў Брусэлі. Здавалася б – ганарыся, краіна! Аднак Тацьцяну адразу пасьля вяртаньня адлічаюць з другога курсу юрыдычнага факультэту БДУ. Пасьля гэтага на дзяўчыну сыплюцца прапановы ад замежных ВНУ – у знак салідарнасьці ёй прапануюць працягнуць адукацыю ў Амэрыцы, Канадзе, Аўстрыі, Эстоніі… Аднак дзяўчына прынцыпова кажа, што ня зьедзе зь Беларусі. Пазаўчора пасьля размовы з рэктарам Анатолем Міхайлавым Тацьцяну залічылі на другі курс ЭГУ, дыстанцыйная форма навучаньня. Сёньня Тацьцяна Шапуцька – госьця нашай студыі.
Тацьцяна, як паставіліся да Вашага адлічэньня аднагрупнікі й выкладчыкі?
Тацьцяна Шапуцька: Гэта была цэлая эпапея! Таму што калі мяне выклікалі, каб паказаць загад, у нас быў практычны занятак па палітычных ідэалёгіях. Я вярнулася назад з такой дзіўнай усьмешкай на твары. Мая выкладчыца запыталася: “Таня, што такое, што здарылася?” Я ціха сказала: “Мяне толькі што выключылі з унівэрсытэту…” На гэтых словах палова дзяўчат мае групы проста пачала рыдаць, таму што ніхто не чакаў такога павароту падзеяў. І наступныя дзьве пары выкладчыцы проста аддавалі свае хусьцінкі дзяўчатам выціраць сьлёзы. Самі выкладчыкі таксама падыходзілі, яны былі ў шоку, запытвалі, што й як, што я зараз буду рабіць. У іх была троху дзіўная рэакцыя, яны прасілі не зусмучвацца, казалі: “Шкада, што зь юрфаку сыходзяць мазгі. Але калі б ня ў гэтым годзе – у наступным годзе перад выбарамі цябе ўсё адно б адлічылі…”
Я ведаю, што Вы прынялі прынцыповае рашэньне не зьяжджаць зь Беларусі. Але ці сапраўды паступалі прапановы ад замежных ВНУ?
Тацьцяна Шапуцька: Самым першым адрэагаваў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які заявіў, што згодны падтрымаць мяне ў любой сытуацыі. Я атрымала шэраг прапановаў ад унівэрсытэтаў з Канады, Амэрыкі, Аўстрыі, Эстоніі... Аднак у гэтых краінах навучаньне вядзецца толькі на дзённым аддзяленьні. Для мяне ж было прынцыпова важна застацца навучацца тут, таму што я не хацела паказваць нейкую слабасьць з майго боку. Самым важным чыньнікам было тое, што я хачу жыць, вучыцца, працаваць у сваёй роднай краіне.
Тацьцяна, я думаю, ні для каго ня ёсьць адкрыцьцём, што вас фактычна адлічылі з БДУ за актыўную грамадзянскую пазыцыю, за дзейнасьць у Маладым Фронце. Як Вы ацэньваеце посьпехі гэтай арганізацыі, ці лічыце, што вашая дзейнасьць там вартая такой ахвяры, як адлічэньне з унівэрсытэту?
Тацьцяна Шапуцька: Любы чалавек, які дзейнічае ў такой арганізацыі, аўтаматычна патрапляе пад нейкі прэсінг. І такія дзеяньні, як выключэньні, арышты – гэта даволі натуральная зьява для актывістаў апазыцыйных арганізацый. Я таксама была вымушана пацярпець нейкія ахвяры. І гэта для беларускай рэчаіснасьці натуральна.
Калі Вас адлічылі, Вы зьяўляліся прэсавым сакратаром Маладога Фронту. А на апошнім зьезьдзе Вы былі абраныя намесьнікам старшыні. Ці паўплывала адлічэньне на рост Вашага рэйтынгу ў вачах паплечнікаў?
Тацьцяна Шапуцька: У Маладым Фронце столькі людзей было адлічана з унівэрсытэту ад 2000 году, столькі людзей ужо прайшло праз турмы, што ня ведаю, ці ёсьць там каго зьдзіўляць адлічэньнем…
Карыстаючыся магчымасьцю, хочацца спытацца пра Вашыя пляны на пасадзе намесьніка старшыні Маладога Фронту.
Тацьцяна Шапуцька: Я буду займацца інфармацыйнай міжнародніцкай дзейнасьцю, буду кантраляваць некаторыя праекты адукацыйнага характару, далучэньне беларускай моладзі да іх. Скажам, Эўрапейская моладзевая картка, Балёнскі працэс… Малады Фронт будзе старацца, каб у гэтых карысных для моладзі праектах удзельнічалі й беларусы. І, бясспрэчна, буду ўдзельнічаць у мясцовых выбарах 2010 году.
Вы лічыце, што 19 гадоў – гэта дастатковы век, каб стаць дэпутатам?
Тацьцяна Шапуцька: Згодна з заканадаўствам, дэпутатам можна стаць з 18 гадоў. Гэта раз. А па-другое, Малады Фронт выкарыстоўвае гэтую кампанію не для таго, каб перамагчы, бо амаль напэўна выбары будуць сфальсыфікаваныя, а для таго, каб навучыць маладых людзей працаваць у камандзе, працаваць у палітычных кампаніях. Каб у будучым Малады Фронт змог заняць годнае месца ў беларускім грамадзтве, а не застаўся нейкаю суполкаю маргіналаў, у свой час выключаных з вучобы ці пазбаўленых працы з-за палітычных поглядаў, якія нічога ня ўмеюць і нічога ня могуць.
Адлічаная зь юрфака БДУ па палітычных матывах, дзяўчына выбрала адзіны правільны для сябе шлях – заставацца ў Беларусі.
Арцём Багданаў, Менск