Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступіў з заяваю аб перасьледзе сяброў аб’яднаньня. Ужо некалькі дзён сябры гэтай арганізацыі, якія працуюць у дзяржаўных установах, выклікаюцца да кіраўніцтва і ім прапаноўваецца або звальняцца, або пісаць заяву аб выхадзе з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Як высветлілася, існуе адмысловы ліст з Адміністрацыі прэзыдэнта, які названы так: «Деструктивная организация, членство в которой несовместимо с работой в государственных учреждениях и ведомствах».
3 лютага была тэрмінова скліканая Рада СБП, на якой аднагалосна быў прыняты зварот.
«Ганебныя й незаконныя «працэсы» - як гаворыцца ў звароце - мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі».
Міхась Скобла, намесьнік старшыні СБП: Сёньня мне тэлефанавалі яшчэ 2 сябры нашага саюзу. Іх раніцаю выклікалі кіраўнікі й патрабавалі выйсьці з нашай арганізацыі. Патрабавалася, каб яны напісалі заявы пра выхад і копію заявы прадаставілі кіраўніцтву. Паводле статуту мы можам разглядаць заяву цягам месяца. Нам тэлефануюць з усіх абласьцей і раёнаў. Сярод больш чым 500 чальцоў нашага саюзу каля 80-ці чалавек працуе ў бюджэтных установах. Калі іх усіх прымусяць напісаць заявы, страты для арганізацыі будуць вялікія, але не сьмяротныя. Брутальны «наезд» - гэта поўны абсурд. Старшыня праўладнага саюзу Чаргінец абзвоньваў старэйшых пісьменьнікаў, якія ўваходзяць у наш саюз, і агітаваў перайсьці да яго. Ніхто не згадзіўся. Тады, відаць, і была прыдуманая «спэцапэрацыя». Будзем бараніцца. У судовым парадку і даступнымі спосабамі.
Грамадзкае аб’яднаньне «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі. У яго шэрагах народныя паэты Беларусі Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін, а таксама, Ўладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Генадзь Бураўкін ды іншыя.
«Беларускіх пісьменьнікаў аб'яўноўвае ў агульную арганізацыю найперш ідэя пра будучыню Беларусі», - кажа Генадзь Бураўкін.
Ганна Гарачка