На чарговым паседжаньні Рады Беларускага нацыянальнага блёку было разгледжанае пытаньне пра прадстаўніцтва ва Ўсходнім партнэрстве.
Разглядалася пытаньне па складзе беларускага прадстаўніцтва да ўдзелу ў Парлямэнцкай Асамблеі Эўразьвязу "Усходняе партнэрства" («Эўранэст»).
Рада БНБ лічыць, што Беларусь мусяць прадстаўляць: АГП, Асамблея НДА, Беларуская асацыяцыя журналістаў, БСДП(НГ), “Малады Фронт”, Партыя БНФ, Партыя БХД, Партыя Свабоды й Прагрэсу, Партыя “Справядлівы сьвет”, Рух “За Свабоду".
Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні Руху За Свабоду: У склад Асамблеі з кожнага з нацыянальных парлямэнтаў мусіць быць дэлегавана па 10 асобаў. У Беларусі сытуацыя больш складаная. Вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў не былі прызнаныя міжанроднай супольнасьцю. Таму было прапанавана дэлегаваць таксама й прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, але афіцыйны беларускі бок не пагаджаецца. Роўнае прадстаўніцтва ў “Эўранэст” спрыяла б лепшаму наладжваньню кантактаў.
Прапанаваны сьпіс папярэдне ўзгоднены з Эўрапейскай кааліцыяй. Мяркуецца, што кожная арганізацыя вылучыць у “Эўранэст” па аднаму свайму прадстаўніку.
Андрэй Фёдараў, палітоляг: Я ня ўпэўнены, што “Эўранэст” будзе ўплывовая структура. Не зусім зразумела, якія ў яго будуць паўнамоцтвы. Ці гэта будзе толькі абмеркаваньне, ці будўзе нейкі ўплыў на палітыку Эўразьвязу. Хутчэй гэта будзе інфармацыйная пляцоўка для абмену думкамі. Прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі лічаць, што яны павінны заняць усе месцы, прадастаўленыя ў гэтай структуры. А грамдазкі сэктар мае свой форум і лічыць абавязковым сваё прадстаўніцтва. Мне здаецца, яны заўчасна дзеляць скуру незабітага мядзьведзя.
На паседжанні Рады было таксама заяўлена, што БНБ адкрыты да супрацы зь іншымі структурамі, якія падзяляюць эўрапейскія каштоўнасьці.
Ганна Гарачка