Здарылася ў Беларусі


Праводзіць вечарыну ў гонар Ларысы Геніюш яшчэ рана... 05.02.2010 слухаць 1,68 MB

Першая вечарына з цыклю мерапрыемстваў да 100 гадовага юбілею Ларысы Геніюш адкладзеная. Або забароненая...

Вечарына прысьвечаная Ларысе Геніюш павінна была адбыцца 9 лютага ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. Але не адбудзецца. Навіну нам паведаміў намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Міхась Скобла. 

Супрацоўнікі музэю, пісьменьнікі, грамадзкія актывісты хацелі ўшанаваць памяць паэткі, вязьня сталінскіх лягераў, якой сёлета 9 жніўня споўнілася б 100 гадоў. У сувязі з гэтай датай шэраг нацыянальных арганізацый абвясьцілі 2010 год Годам Ларысы Геніюш.

Дырэктарка Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шаляговіч сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што імпрэза не забароненая, а толькі адкладзеная на нейкі час, бо пахварэлі супрацоўнікі. Ва ўсіх, каго запрасілі, папрасілі прабачэньня.

Валянціна Аксак: Запрасілі Міхася Чарняўскага, чалавека, які вывез “Споведзь” Ларысы Геніюш, зэльвенскага паэта Ўладзімера Мазго, Валянціну Коўтун, Уладзімера Арлова. Людзей, якія ведалі яе. Гэта павінен быў быць гучны пачатак усіх імпрэзаў. Роўна за паўгоду да юбілею.

Новай даты правядзеньня вечарыны ў музэі Багдановіча не назвалі, як кажа дырэктарка сп. Шаляговіч, часу яшчэ шмат да жніўня. Дык, маўляў, вечарына адбудзецца.

Гісторык Міхась Чарняўскі кажа, што ён аптыміст, але ягоны аптымізм заключаецца ў спадзяваньні, што калі ня 100 гадоў паэткі, дык 101 або 105 атрымаецца адзначыць так, як належыць.

Міхась Чарняўскі асабіста ведаў Ларысу Геніюш.

Міхась Чарняўскі: Я яе ведаў з 1964 году. І аж да яе сьмерці. Я доўга хаваў рукапіс яе ўспамінаў.

Ці атрымаецца адсьвяткаваць 100-годзьдзе?

Міхась Чарняўскі: На грамадзкім узроўні будзе адсьвяткавана. Але на дзяржаўным узроўні не разумеюць яе значэньня. Зь цягам часу, калі кіраўніцтва будзе разумець, што яны кіруюць незалежнай краінай, яны зразумеюць і тое, што падмурак ідэалёгіі – гэта творчасьць і пазыцыя Ларысы Генюш. Яна сваёй творчасьцю й чынам набліжала незалежнасьць беларускай рэспублікі. Гэта яе заслуга. Калі ня сёлета, дык пазьней будзем сьвяткаваць на дзяржаўным узроўні. Будзе вуліца яе імя, музэй. У Зэльве ў яе хаце зараз жывуць чужыя людзі, але захаваліся рэчы, лісты, рукапісы... Людзі ў Зэльве памятаюць паэтку. Яна была хроснаю маці ледзь не палове мясцовых жыхароў.

Ганна Гарачка

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone