Штотыднёвік “Наша Ніва” друкуе інтэрвію амбсадара Польшчы ў Беларусі Генрыка Літвіна. У ім аповед пра тое, што 600 гадоў з дня Грундвальдзкай бітвы мяркуецца адзначыць супольна з прадстаўнікамі Беларусі, Летувы, Украіны. Заслугоўваюць ўвагі развагі Літвіна пра 1939 год. Працытую амбасадара: “У Беларусі 1939 год часта называецца годам аб’яднаньня. Я думаю, што гэтага больш заслугоўвае 1944-45. Бо сучасныя межы Беларусі не адпавядаюць межам 1939 году і, называючы яго аб’яднаўчым, можна выклікаць рэвізіяністычныя ідэі. Ці нам гэта трэба?”
“Наша Ніва” паведамляе пра тое, што ажыў праект пераўтварэньня касьцёла Сьвятога Язэпа ў гатэль. Кіраўніцтва касьцёла неаднаразова зьвярталася да розных чыноўнікаў, каб аддаць касьцёл каталікам. У тым ліку пісалі й у Міністэрства культуры. Для яго кіраўніка П. Латушкі лёс будынка можа стаць лёсавызначальным, бо ён покуль прэзэнтуе сябе нацыяльным чыноўнікам эўрапейскага гарту.
Штотыднёвік “Белгазэта” на дзьве паласы друкуе меркаваньні пра падзеі ў Івянцы. Даецца слова Мечыславу Лысаму, старшыні менскага абласнога аддзелу праўладнага Саюзу палякаў, Тэрэсе Собаль, якую палякі Івянца пераабралі сваім кіраўніком, і старшыні арганізацыі з Варшавы “Вспульнота Польска” Мацею Плажыньскаму.
Тут прывяду толькі адно пытаньне й адказ спадарыні Собаль. Пытаньне: “Вы гатовы ў Івянцы да паўтору сытуацыі 2005 году, калі ў Горадні Дом польскі быў узяты штурмам?” Адказ Собаль: “Няўжо зноў паўторыцца такая дзікасьць? Спадзяюся, што не…”.
У сераду прэзыдэнцкія тэлеканалы сьціпла паведамілі, што Лукашэнка паляцеў адпачыць у Швэйцарыю й там правядзе дзелавыя сустрэчы зь бізнэсоўцамі. Вельмі цікава па месцах адпачынку дыктатара сачыць за яго шматвэктарнай палітыкай. То ў Сочы на лыжах пакатаецца, то ў Сэрбіі, то зноў у Сочы, то ў Аўстрыі. Дарэчы, нешта не чуваць пра тое, што сэрбскі бізнэс актыўна прыйшоў на беларускі рынак, і гэта нягледзячы на тое, што ў Сэрбіі Лукашэнку зь дзецьмі прымаў тамтэйшы алігарх.
“Народная воля” за 2-4 лютага паведамляе, што ў Беларусі сфармавана 1495 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў мясцовых радаў. 0,13 % у іх прадстаўнікоў апазыцыі. З БНФ ніводзін прадстаўнік ня трапіў у камісіі - пра гэта піша “Наша Ніва”.
Зараз актывісты партыяў думаюць, ці прымаць удзел у выбарах, дзе немажліва будзе кантраляваць падлік галасоў і шмат хто сьхіляецца да думкі, што няма сэнсу браць удзел у спэктаклі з фальсыфікацыйным сцэнаром.
Цікава, што кіраўнічка ЦВК Ярмошына ў сваіх выказваньнях зьвінаваціла прадстаўнікоў апазыцыі ў тым, што яны пасыўныя пры вылучэньні ў выбарчыя камісіі.
Зразумела, што пасьля выбараў, калі ў іх возьмуць удзел прадстаўнікі апазыцыі, прэзыдэнцкія прапагандысты будуць зьдзеквацца зь іх, кпіць, кажучы пра недавер людзей да апазыцыянэраў.
Раю кожнаму прачытаць у “Народнай волі” інтэрвію Сьвятланы Калінкінай з рабочым УП Цепласеці на цэлую паласу. У ім рабочы распавядае, як у міліцыі яго катавалі, каб выбіць прызнаньні ў злачынстве, якога ён не рабіў. Падчас допыту рабочы прывёў доказы таго, што ў дні злачынства меў 100% алібі, бо знаходзіўся ў Санкт-Пецярбурзе, аб чым могуць засьведчыць 40 сьведкаў, фотаздымкі. Але нягледзчы на гэта хлопца катавалі да таго, што мэдыкі засьведчылі ў яго страсеньне мозгу. Ні служба ўласнай бясьпекі, ні пракуратура ў дзеяньнях катаў-сьледчых парушэньняў не знайшлі. Матэрыял паказаў, што кожнага з нас могуць затрымаць, калі вы апынуліся побач зь месцам злачынства, катаваньнем дамагчыся прызнаньняў і зьняволіць. Жудасная краіна, кіраўнікам якой даюць шанец наблізіцца да Эўропы й прапануюць праграму “Ўсходняе партнэрства”.
Інфармагенцтва БелаПАН паведамляе, што на сайце Генпракуратуры зьмешчаны матэрыял пра стан справаў у МУС. Найбольш праблемным пытаньнем там называюць “забесьпячэньне законнасьці суб’ектамі апэратыўна-пошукавай дзейнасьці”.
Сайт газэты “Наша Ніва” паведаміў, што ў сярэдзіне тыдня міліцыянты спрабавалі ўварвацца ў кватэру, дзе зьбіраюцца супрацоўнікі тэлеканала БЕЛСАТ. Нагодай для ўварваньня быццам бы паслужылі заявы жыхароў пра тое, што ў кватэры зьбіраюцца алкашы, п'юць, крычаць. Ля дому сабраліся журналісты і ўварваньня не адбылося. Кватэра належыць Аляксею Міхалевічу.
На гэтым тыдні стала вядома, што Міхалевіч напісаў заяву аб выхадзе з Руху “За Свабоду” й яе задаволілі. Бачу тэндэнцыю. Міхалевіч быў намесьнікам кіраўніка партыі БНФ, потым яго за парушэньне партыйнай дысцыпліны выключылі з БНФ. Інфармацыйнае суправаджэньне было такім, што быццам бы Баршчэўскі выключыў Міхалевіча за абразы, хаця насамрэч яго выключылі за тое, што не выконваў распараджэньняў кіраўніцтва БНФ.
Вельмі страшна будзе, калі падчас прэзыдэнцкіх выбараў паўторыцца тая ж схема адносна стасункаў Міхалевіча й іншых прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Міхалевіч ужо зараз пазыцыянаваў сябе як лідэра “не з апазыцыі”.
Каго цікавіць жыцьцё апазыцыі, раю пачытаць артыкул аднаго зь лідэраў “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча. Ён таленавіта ў палемічнай форме апісаў стан справаў у апазыцыі. Высьмеяў вядомых лідэраў, якія заняліся замест палітычнай барацьбы з рэжымам пошукамі ворагаў сярод актывістаў апазыцыі, у тым ліку і ў “Маладым фронце”.
Уладзімер Падгол