Міністэрства адукацыі Беларусі й Беларускі экзархат падрыхтавалі праграму факультатыва „Падставы праваслаўнай культуры. Сьвятыні беларускага народу”. Па словах міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, апрацаваная праграма прапаноўваецца для вывучэньня ў 1-11 клясах. У бліжэйшы час яна будзе накіраваная на разгляд і зацьверджаньне ў Нацыянальны інстытут адукацыі. Аляксандар Радзькоў адзначыў, што гэты факультатыў заснаваны на беларускіх праваслаўных традыцыях.
Акрамя таго, у Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка распрацаваны курс лекцыяў для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ „Мэтодыка выкладаньня рэлігіязнаўства ў сярэдняй школе”. Курс прайшоў небаходнае рэцэнзаваньне ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы й Інстытуце тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія й Кірылы БДУ.
Мітрапаліт Менскі й Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў ліку пэрспэктыўных накірункаў супрацы Міністэрства адукацыі й БПЦ назваў актывізацыю навукова-дасьледчай працы.
БелТА
З нагоды 1150-годзьдзя з часу заснаваньня Полацка, якое будзе адзначацца ў 2012 г., выданьне Беларускага экзархата плянуе перавесьці ў лічбавы фармат Полацкае Евангельле, перапісанае ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, сьвятой Эўфрасіньняй Полацкай. Супрацоўнікі выдавецтва зьбіраюцца распачаць працу ў лютым 2010 г.
Перавод Евангельля ў лічбавы фармат адбудзецца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы. Гэтую працу расцэньваюць як «найважнейшы этап падрыхтоўкі факсымільнага выданьня Полацкага Евангельля».
Рукапіс Евангельля напісаны на пэргаменце і ўпрыгожаны арнамэнтаванымі ініцыяламі старавізантыйскага тыпу. Большая частка манускрыпту захоўваецца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе, астатняя частка захоўваецца ў Маскве.
catholic.by
На іконе сьвяціцеля Мітрафана Варонескага ў Вітоўцы пад Палтаваю ва Ўкраіне зьявіліся выявы анёлаў. Незвычайная зьява выступіла пасьля прабываньня іконы ў дзіцячым лягеры.
Гэтую невялікую й адзіную ва Ўкраіне ікону з мошчамі сьвяціцеля Мітрафана знайшлі на могілках у 2003 годзе. Прыхаджане прынесьлі яе ў Сьвята-Паньцеляймонаўскую царкву, а празь некаторы час над галавою сьвятога зьявіўся німб. На гэтым аднак незвычайныя зьявы не завершыліся. Пасьля таго, як ікону асьвяцілі й пачалі шанаваць як самую галоўную ў храме, многія жыхары вобласьці захацелі паглядзець на цуд. Мінулым летам ікона пабывала ў дзіцячым лягеры ў сяле Галавач.
„Ікона некалькі дзён знаходзілася там, а перад ад’ездам дзеткі паказалі, што на ёй зьявіліся новыя элемэнты – на самым версе зазьзялі маленькі храм і анёл над воблакам”, – расказаў мясцовы сьвятар.
Сьвяціцель Мітрафан памёр 23 кастрычніка 1703 году й быў пахаваны ў Пакроўскім саборы Варонежа. Кажуць, што сам Пётр І нёс яго труну. Магілу епіскапа двойчы адкрывалі – у 1831 і 1989 гадах. Калі заўважылі, што яго цела застаецца нятленным, Мітрафана абвесьцілі сьвятым.
Інтэрфакс-рэлігія
У Польшчы пашыраюцца душпастырствы несакрамэнтальных сужонстваў. Яны дзейнічаюць у кожным буйным горадзе. Такія душпастырствы адпавядаюць патрэбам параў, якія па пэўных прычынах не маглі заключыць шлюб у Каталіцкім касьцёле ці потым разьвяліся. Іх спалучае адна мэта: патрэба ўдзелу ў Касьцёле й пошук Бога.
„Калі нехта кажа, што такая асоба прыходзіць у душпастырства толькі для таго, каб заглушыць сваё сумленьне й што яна ня хоча нічога памяняць у сваім жыцьці, то крыўдзіць гэтых людзей”, – кажа айцец Міраслаў Астроўскі.
Айцец Міраслаў зазначае, што душпастырства ні ў якім выпадку не зьяўляецца спробаю легалізацыі несакрамэнтальных саюзаў. „Душпастырства стварае прастору для навяртаньня, а потым прадпрыняцьця ў выніку гэтых пераменаў такіх крокаў, якія магчымыя”, – зазначае айцец Астроўскі. „Асобам у несакрамэнтальных саюзах, якія маюць дзяцей, Касьцёл ня раіць расставацца, але заахвочвае бацькоў быць справядлівымі ў дачыненьні да сваіх сакрамэнтальных сужонкаў і дзяцей”, - дадае манах. - Мы не праводзім душпастырства сужонстваў, але сем'яў. Асобы, якія жывуць у несакрамэнтальных сужонствах і маюць дзецей, гэта таксама сем’і.”
Як вынікае з дадзеных Інстытуту статыстыкі Каталіцкага касьцёлу ў Польшчы, у касьцёльныя суды штогод трапляе 3,5 тысячы заяваў з просьбаю аб прызнаньні несапраўднасьці сужонства. Гэтая лічба дае палякам другое месца ў сьвеце, на першым - італьянцы. Большасьць рашэньняў аб несапраўднасьці сужонства спасылаецца на тое, што асоба на момант прыняцьця сакрамэнту сужонства яшчэ не сфармавалася.