Шчыра вітаю, шаноўнае спадарства!
Па традыцыі ў сёньняшняй “Рэдакцыйнай пошце” прагучыць некалькі сталых міні-рубрык: інфармацыя пра конкурс, агляд карэспандэнцыі, аналіз чутнасьці, DX-навіны й футбольны разьдзел. Як я і абяцаў тыдзень назад, пачну са спартыўнай часткі. Праўда, з-за недахопу часу распавяду толькі пра дзьве каманды.
Па леташніх выніках на дзевятым месцы ў сьпісе лепшых клюбаў прэм’ер-лігі Польшчы знаходзіцца “Cracovia”. Відаць, вы ўжо здагадаліся, што ён са старадаўняй польскай сталіцы – Кракава. Дзесяты радок займае беластоцкая “Ягелёнія”.
Наш прыхільнік Міхаіл Кобрын зь вёскі Скробава Баранавіцкага раёна Берасьцейскай вобласьці адгукнуўся на адну з нашых перадач. Ён адзначыў у сваім электронным лісьце, што слухаў у эфіры Польскага радыё і чытаў на сайце свой допіс. Гэты матэрыял прагучаў у мінулым выпуску “Рэдакцыйнай пошты”. Для спадара Кобрына гэта стала нечаканасьцю.
А вось ліст ад Валяр’яна Здановіча з Горадні прыйшоў некалькі тыдняў назад. У ім слухач дзякуе за прызы, атрыманыя ў апошнім конкурсе.
Тэма падарункаў за розныя радыёгульні й далей гучыць у допісе нашага прыхільніка. Спадар Здановіч лічыць, што трэба выпусьціць дыск з запісамі найбольш папулярнай польскай музыкі з 1918 году. Справа ў тым, што з нагоды васьмідзесятага юбілею незалежнасьці краіны Першая праграма Польскага радыё й некаторыя друкаваныя выданьні правялі ў 1998 годзе апытаньне слухачоў і чытачоў. Быў складзены сьпіс з 80 хітоў васьмідзесяцігодзьдзя. Потым, здаецца, ён быў пашыраны да 100 шлягераў. На думку Валяр’яна Здановіча, трэба гэтыя творы выдаць на mp3. “…гэты дыск быў бы вельмі каштоўным і цікавым падарункам для ўдзельнікаў конкурсаў”, якія праводзяць Беларуская служба ды іншыя моўныя рэдакцыі Польскага радыё для замежжа. Дзякуй слухачу за цікавую прапанову й ўвогуле за ліст.
Цяпер кароткае DX-паведамленьне. Украінская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа зьмяніла адну з хваляў. Перадача а 19.30 UTC трансьлюецца на частаце 9490 кілягерц. Замест яе раней выкарыстоўвалася 6180. У гэты ж час, а 19.30 UTC, ідзе паралельная трансьляцыя на частаце 6040 кГц. Праз тыдзень я паведамлю пра замежнае вяшчаньне з Дамаска.
За рапарты аб прыёме я ад усёй душы дзякую нашай слухачцы Яўгеніі Цюркінай з Магілёва і нашым слухачам Сяргею Балбасаву зь вёскі Буда Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласьці, Алегу Панько зь Берасьця, Васілю Завадзкаму з Маладэчна Менскай вобласьці, Мікалаю Волчыку зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёна Берасьцейскай вобласьці. Трэба адзначыць, што ўсе пералічаныя асобы цягам гэтай зімы прыслалі па некалькі справаздач.
Ва ўжо цытаваным лісьце Валяр’ян Здановіч апісвае чутнасьць нашай станцыі ў Горадні. Зь 28 лістапада па 8 сьнежня а 16.30 паводле Менску Варшава па-беларуску ўвогуле не прымалася на частаце 15245 кілягерц. Тая ж самая карціна была й на 6050 а 19.30. З 9 па 17 сьнежня вячэрняя перадача праслухоўвалася, але потым сыгнал зноў адсутнічаў некалькі дзён. Паводле спадара Здановіча, дзённы выпуск на хвалі 25 мэтраў ды рэтрансьляцыі на СХ а дваццатай гадзіне й апоўначы не прымаюцца з моманту пераходу на зімовы час.
Праз тыдзень прааналізуем чутнасьць у іншым заходнім рэгіёне – на Берасьцейшчыне.
29 студзеня прыйшоў чарговы ліст з адказамі на конкурс. Яго прыслала наша пастаянная магілёўская слухачка Яўгенія Цюркіна. Яна ня толькі верна адказала на ўсе пытаньні й заданьні, але й дадала інфармацыю пра кашубаў, знойдзеную ў Інтэрнэце. Сардэчна дзякую спадарыні Цюркінай за выдатна аформленую працу!
А цяпер я паўтару конкурсную абвестку. Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць пачутае.
Кашубы знаходзяцца на поўначы краіны, у цэнтральнай частцы Паморскага ваяводзтва. Нефармальная сталіца краю – невялікі горад Картузы. Тэрыторыя сучасных Кашубаў складае 7000 квадратных кілямэтраў. Яна заселена аднайменнай этнічнай групай, якая налічвае да 400000 чалавек. У паасобных месцах пражывае ад 30 да 90 працэнтаў кашубаў. У падаўляючай большасьці яны лічаць сябе палякамі, але многія зь іх карыстаецца сваёй лякальнай мовай. Яна належыць да заходнеславянскай падгрупы. Кашубская мова мае свой алфавіт і правапіс. У апошнія два дзесяцігодзьдзі яна актыўна адраджаецца. Штодня ёй карыстаюцца ад 80000 да 120000 чалавек. Кашубы згуртаваныя ў грамадзкія аб’яднаньні. Адно з найбольш вядомых – Кашубска-паморскае задзіночаньне. Цяперашні прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск зьяўляецца кашубам.
Калі ласка, запішыце конкурсныя пытаньні. 1. Дзе знаходзяцца Кашубы? 2. Які горад зьяўляецца нефармальнай сталіцай краю? 3. Назавіце памеры кашубскай этнічнай тэрыторыі. 4. Колькі кашубаў пражывае на гэтых землях? 5. Які працэнт кашубаў у паасобных мясцовасьцях? 6. Кім лічаць сябе кашубы? 7. Да якой лінгвістычнай падгрупы адносіцца кашубская мова? 8. Колькі людзей штодня карыстаюцца кашубскай мовай? 9. Назавіце найбольш вядомае грамадзкае аб’яднаньне кашубаў. 10. Назавіце імя й прозьвішча прэм’ер-міністра Польшчы, кашуба па паходжаньні.
Нагадаю, новая віктарына ладзіцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства “Wiedza Powszechna” з Гданьска. Гэтая грамадзкая арганізацыя зацікаўленая ў прома-акцыях, прысьвечаных Памор’ю. Падарункі спансаруюць рэгіянальныя й мясцовыя ўлады Паморскага ваяводзтва.
Калі ласка, прысылайце свае адказы да 28 лютага ўключна. І выключна на віцебскую абанэнцкую скрынку нашага радыё. Яе адрас прагучыць празь некалькі сэкунд.
Дарагія радыёслухачы! Я чакаю адказаў на конкурс, справаздач пра чутнасьць, заявак у “Канцэрт віншаваньняў” па адрасу: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас нашай старонкі ў Сусьветным павуціньні: www.radyjo.net.
Ю. Сьцяпанаў