Здарылася ў Беларусі


Чэмпіён сьвету па кікбоксінгу: “У беларусах закладзены байцоўскі ген” 06.02.2010

Гэты баец – сапраўдная легенда нацыянальнага спорту, хоць імя яго сёньня й не грыміць. У 90-х Задзіран лічыўся чалавекам антыдзяржаўным, быў асуджаны да некалькіх гадоў пазбаўленьня волі за эканамічныя злачынствы, хоць дагэтуль майстар упэўнены ў сваёй невінаватасьці. За год да вязьніцы Ўладзімер Задзіран стаў першым спартоўцам з краін былога СССР, які выйграў пояс чэмпіёна сьвету сярод прафэсіяналаў па кікбоксінгу. Гэты тытул беларус выдраў з-пад носа ў расейца Сяргея Майфата.

Уладзімер Задзіран: Вельмі цікава адбылося, я павінен быў біцца зь італьянцам па правілах чыстага кікбоксінгу 20 траўня 1993. Але сапернік атрымаў траўму, і я змагаўся за гэты тытул з расейцам Сяргеем Майфатам.

Уладзімер Задзіран накаўтаваў расейца ў шостым раўндзе. Гістарычны тытул дастаўся беларусам. З таго часу пра нашых байцоў загаварылі на ўвесь сьвет, і толькі на Бацькаўшчыне, дзе цэняцца лыжы й хакей, такія, як Уладзімер Задзіран, не ў пашане.

Тым ня менш, першы чэмпіён запэўнівае, што менавіта міралюбівым беларусам уласцівы гэтак званы байцоўскі ген. Што наш народ заўсёды быў адораны таленавітымі ваярамі. 

Уладзімер Задзіран: Гены, напэўна, сказваліся. Зямля беларуская шматпакутная, яна заўсёды ваявала. Напэўна, дух ваяроў усё ж такі закладзены ў нашых людзях. Калі разглядаць гісторыю Беларусі, то гэта маленькая краіна, якая знаходзіцца на скрыжаваньнях Усходу й Захаду, яна ўвесь час была ўцягнута ў працэс вайны.

І нельга з гэтым не пагадзіцца. Ваяры, народжаныя на нашай зямлі, атрымалі сусьветную славу. Гэта й героі былых часоў – мудры военачальнік князь Вітаўт, герой Рэчы Паспалітай і ЗША Тадэвуш Касьцюшка, князь Канстанцін Астроскі, які з войскам у 35 тысяч ваяроў у 1514 годзе разьбіў маскалёў, якіх было аж 80 тысячаў.

Са спартовых герояў 20 і 21 стагодзьдзяў нельга не назваць трохразовага алімпійскага чэмпіёна па барацьбе Аляксандра Мядзьведзя, абсалютнага чэмпіёна сьвету па тайскім боксе Дзьмітрыя Шакуту, экс-чэмпіёна сьвету па баях бяз правілаў Андрэя Арлоўскага й многіх іншых.

Па словах Уладзімера Задзірана, на пачатку 90-х у Менск зьяжджаліся з усяго Савецкага Саюзу, каб навучацца байцоўскаму майстэрству.

Уладзімер Задзіран: Беларуская школа кікбоксінгу гучала тады па ўсім Савецкім Саюзе. Таму што мы былі першымі, усе прыяжджалі да нас навучацца.

Тым ня менш, гіпотэза пра байцоўскі ген у міралюбівых беларусах выклікае ўьсмешку ў многіх нашых жанчын. Беларуская служба Польскага радыё зьвярнулася да прадпрымальніцы Алены Тоўсьцік, якая прымала актыўны ўдзел у забастоўках пачатку 2008 году. Што яна думае пра беларускіх мужчын?

Алена Тоўсьцік: Наш беларускі мужык – ён і ёсьць ваяр. Залік Вялікай Айчыннай вайны, калі яны партызанілі. І вось нашы бацькі нам расказвалі, які наш беларускі мужык быў ваяр, мы расказвалі сваім дзецям і так далей.

Пытаемся ў Алены Тоўсьцік, няўжо яе не бянтэжыць, што беларускія мужчыны пабойваюцца выступаць супраць дзяржаўнай улады, выходзіць на мітынгі, адкрыта пратэставаць?

Алена Тоўсьцік: Я б не сказала, што яны баяцца на акцыі выходзіць, калі трэба. Я помню такі момант, калі нашы мужыкі-прадпрымальнікі выйшлі на забастоўку. Вельмі многа было жанчын, але й вельмі многа было мужчын. Часта й зараз мы сустракаемся з тым, што нашы мужыкі годныя.

Лічыцца, што сапраўдны ваяр мае ня толькі сілу, але й адвагу, добрыя тактычныя здольнасьці. Можа быць, даўнія партызанскія традыцыі й сапраўды дапамогуць беларусам знайсьці калі-небудзь сваё важкае месца пад сонцам.

Алег Бірчанка, Менск


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone