Вакол сьвету


Украіна: няпэўная перамога Януковіча 08.02.2010 слухаць 2,76 MB

Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны палічыла 97,03% галасоў пасьля ўчорашніх выбараў прэзыдэнта краіны. Перавага Віктара Януковіч над Юліяй Цімашэнкай складае 2,41%. Януковіч, упэўнены ў сваёй перамозе, абяцае ўкраінцам эканамічную стабільнасьць. Эканоміка стане галоўнай праблемай новага прэзыдэнта Ўкраіны.

Учора ва Ўкраіне адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле папярэдніх дадзеных, перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Пасьля падліку 97% галасоў украінская ЦВК паведаміла, што за Віктара Януковіча прагаласавала 48,4 адсотка выбарцаў, а за Юлію Цімашэнку - 45,99 %. 4,4% выбарцаў галасавалі супраць усіх. Канчатковыя афіцыйныя вынікі будуць абвешчаны не пазьней 17 лютага.

Ужо вядома, што прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне прайшлі без парушэньняў. Пра гэта паведаміў старшыня дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту, якая назірала за ходам гэтых выбараў. Апрача дэлегацыі ЭП ва Ўкраіне за выбарамі назіралі прадстаўнікі Рады Эўропы, АБСЭ й NAТО. Цяпер, падкрэсьліў Павал Коваль, важна выпрацаваць агульную ацэнку адбыўшыхся выбараў.

Павал Коваль: Мы мусім праверыць усе сыгналы, асабліва цяпер, калі розьніца паміж кандыдатамі аказваецца такой невялікай. Усе ўступныя падлікі сьведчаць пра перамогу Віктара Януковіча, але гэта не пераканаўчая перамога, толькі некалькі працэнтаў, таму заўсёды сытуацыя можа зьмяніцца. Я, у якасьці кіраўніка дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту, ня буду прымаць асобнай заявы сёньня. Сканцэнтруюся на падрыхтоўцы агульнага камунікату зь іншымі дэлегацыямі. Гэта самае важнае, таму што ў такіх сытуацыях вельмі важна, каб усе казалі адзінагалосна: мы, Рада Эўропы, АБСЭ й NAТО.

Польскі палітык перакананы, што перамога Віктара Януковіча не паўплывае нэгатыўна на праэўрапейскую палітыку Ўкраіны. Але ўжо чуваць крытычныя галасы, зьвязаныя з тым, што пяць гадоў таму Януковіч лічыўся прарасейскім кандыдатам. На думку ўкраінскага палітоляга Аляксея Гарана, сёньня галоўная праблема Ўкраіны – ненадзейнасьць у вачах Захаду. Любому пераможцу прыйдзецца шмат і доўга працаваць, каб паказаць Эўропе, што Ўкраіна гатовая да ўступленьня ў ЭЗ.

Аляксей Гаран: Пасьля Памаранчавай рэвалюцыі мы былі сьведкамі вялікага энтузіязму, як унутры Ўкраіны, так і звонку. Аднак Эўрапейскі Зьвяз ня даў нам ні якаснага сыгналу, ні, зразумела, пляну, якім чынам прыцягнуць Украіну бліжэй да Эўропы. Несумненна, што Ўкраіна павінна паказаць сваю зацікаўленасьць тым, каб выканаць сваё хатняе заданьне, але важнае значэньне мае й пазыцыя самога ЭЗ. А тут некаторыя краіны схільныя бачыць Украіну ў супольнасьці, а іншыя надалей – не.

Ужо пяць гадоў Украіна ахоплена Эўрапейскай палітыкай добрасуседзтва, ідуць перамовы пра падпісаньне новай дамовы між ЭЗ і Ўкраінай. Украіна далучылася да Ўсходняга партнэрства, выказвала жаданьне далучыцца да NAТО. Апошнія гады ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка паглыбляў супрацоўніцтва з бліжэйшымі суседзямі, у тым ліку й Беларусьсю. Ці гэты курс будзе працягвацца? На думку Андрэя Фёдарава, беларускага палітоляга, ад Януковіч варта чакаць большага прагматызму. Ён будзе працягваць адносіны з ЭЗ, бліжэйшымі суседзямі, у тым ліку й Беларусьсю. Але ня будзе антырасейскай рыторыкі.

Андрэй Фёдараў: Януковіч лічыцца прарасейскім палітыкам, але гэта перабольшваньне. Калі паглядзець, хто за ім стаіць? А гэта, як вядома, Рэнат Ахметаў, дык ён ня схільны да эканамічнага збліжэньня з Расеяй, бо там асноўныя ягоныя канкурэнты. Адпаведна, Януковіч ня будзе праводзіць моцна прарасейскую палітыку. Ён зьменшыць антырасейскую рыторыку Юшчанкі, але будзе праводзіць прагматычную палітыку. Што да Беларусі, Януковіч ня будзе рабіць дэманстратыўных крокаў. Будуць двухбаковыя сустрэчы, па эканамічных пытаньнях. Братэрства ня будзе, у тым ліку й ва Ўсходнім партнэрстве. Але Ўкраіна таксама не адмовіцца ад гэтага накірунку.

У сваю чаргу расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі зазначыў, што ў Януковіча будзе цяжкае прэзыдэнцтва. Спачатку яго чакаюць судовыя спрэчкі адносна вынікаў выбараў, а потым эканамічныя цяжкасьці й пусты бюджэт.

Глеб Паўлоўскі: Будзе шмат судовай валакіты – нармальных, брудных узаемных абвінавачаньняў. У дадатак, ён будзе прэзыдэнтам краіны з пустым бюджэтам. Таму яму няма чаго зайздросьціць.

Сам Віктар Януковіч заявіў учора, што перакананы ў сваёй перамозе. Ён заначыў, што яго галоўнымі задачамі будзе захаваньне адзінства Ўкраіны, барацьба з эканамічнымі праблемамі, карупцыяй і безадказнасьцю.

Юры Ліхтаровіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone