Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Беларусь – надзейны партнэр для Эўропы? 08.02.2010 слухаць 2,45 MB

У гэтым пераконваў заходніх палітыкаў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў падчас свайго знахдожаньня ў Мюнхэне. Беларускі дзяржслужбоўца адказаў на пытаньні аўстрыйскага выданьня Der Standard. Аднак вартасьць падобных дэклярацыяў нізкая, - лічаць беларускія экпэрты.

5-7 лютага ў нямецкім горадзе Мюнхэн праходзіла 46-я Мюнхэнская канфэрэнцыя па пытаньнях палітыкі бясьпекі, у якой узяў удзел кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў. Паводле беларускага міністэрства, у рамках канфэрэнцыі Мартынаў сустрэўся з шэрагам эўрапейскіх палітыкаў і размаўляў, між іншым, наконт разьвіцьця адносінаў між Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам. Пасьля завяршэньня канфэрэнцыі Сяргей Мартынаў адказаў на пытаньні аўстрыйскага выдананьня „Der Standard”. Сярод іншага ён зазначыў, што Беларусь – надзейны партнэр для Эўропы, напрыклад, у галіне транзыту. У сувязі з гэтым афіцыйны Менск чакае ад Захаду партнэрскіх адносінаў. Гэта значыць прыпыніць санкцыі й палітычны ціск ды аднавіць магчымасьць бязьвізавых кантактаў. Аднак, падкрэсьліў палітоляг Аляксандар Лагвінец, беларускі міністар забыў сказаць пра тое, якія крокі чакае ЭЗ узамен ад Беларусі.

Аляксандар Лагвінец: Нічога новага Сяргей Мартынаў не сказаў. Гэта трывалая тэндэнцыя ў прадстаўнікоў беларускіх уладаў казаць пра тое, што ў нас свой асаблівы шлях і мы хочам супрацоўнічаць як з Расеяй, так і з ЭЗ. Нібыта таму, што мы знаходзімся між двума гігантамі. Тут ёсьць адно але. Як з ЭЗ, так і з Расеяй нашыя адносіны не разьвіваюцца. Гэтая тэндэнцыя мела б сэнс, калі б беларускія ўлады проста пачалі выконваць тыя дэклярацыі, што яны робяць.

Апрача гэтага Сяргей Мартынаў у сваім інтэрвію падкрэсьліў, што Беларусь хоча захаваць свой сувэрэнітэт і падтрымліваць добрыя адносіны як з ЭЗ, так і з Расея. Афіцыйны Менск не плянуе ні ўступаць у ЭЗ, ні зьлівацца з Расеяй. На думку аглядальніка Аляксандара Фядуты, беларускія ўлады шчырыя ў сваім нежаданьні зьлівацца з Расеяй, але надзейным партнэрам у міжнароднай палітыцы іх цяжка назваць.  

Аляксандар Фядута: Што тычыцца зьліцьця з Расеяй, беларускія ўлады цалкам шчырыя. Калі б яны хацелі зьліцца, яны зрабілі б гэта даўно. Але ўладу ў краіне бяруць зусім не дзеля таго, каб аддаць суседу. А вось  што тычыцца надзейных партнэраў, прабачце, увесь вопыт беларускай улады паказвае, што яна ніколі ня кажа сваім міжнародным партнэрам праўду. Ніколі не зьяўляецца надзейным партнэрам. Першы, хто ў гэтым ўпэўніўся, гэта Расея. Другім будзе Захад. Справа ў тым, што надзейным партнэрам можа быць толькі тая краіна, дзе існуе празрысты, дэмакратычны шлях прыняцьця рашэньня й вызначэньня міжнароднай палітыкі. У Беларусі гэта непрарыста й недэмакратычна, яны прыймаюцца аўтарытарна.

Як на гэтую сытуацыю: пазытыўных заяваў беларускіх службоўцаў, з аднаго боку, і нежаданьня браць на сябе й выконваць абавязкі, з другога, глядзяць у Эўропе. Паводле словаў палітоляга Аляксандра Лагвінца, сярод эўрапейскіх палітыкаў і экспэртаў ёсьць разуменьне спэцыфікі Беларусі. Разам з тым ёсьць шкадаваньне што да таго, што патэнцыял двухбаковых адносінаў не выкарыстоўваецца.

Аляксандар Лагвінец: Усім зразумела, што Беларусь знаходзіцца паміж ЭЗ і Расеяй. Але бачна, што патэнцыял стасункаў не выкарыстоўваецца. Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў замарожаным стане. Пацяплела толькі рыторыка. Па-ранейшаму няма рэальных мэханізмаў, каб разьвіваць нармальныя адносіны з ЭЗ, то бок, каб існавалі агульныя правілы гульні, найперш у эканоміцы. Але ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве гэтыя зьмены прывядуць да палітычных зрухаў.

Свой побыт у Мюнхэне міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў завяршыў інтэрвію заходнім СМІ, дзе яшчэ раз адзначыў, што афіцыйны Менск гатовы да дыялёгу й супрацоўніцтва з ЭЗ, але толькі па тых абшарах і пытаньнях, якія яго цікавяць.

Юры Ліхтаровіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone