Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін адкліканы ў Варшаву. Як паведаміў першы сакратар амбасады Павел Марчук, гэта зьвязана з сытуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы.
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы Радаслаў Сікорскі ў эфіры тэлеканала TVP INFO заявіў, што мае намер “па-мужчынску” паразмаўляць са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым падчас ягонага візыту ў Варшаву, які, паводле неафіцыйных зьвестак, заплянаваны на 12 лютага.
Радаслаў Сікорскі адзначыў, што пытаньне пра сытуацыю польскай меншасьці ў Беларусі павінна быць перададзена ў міжнародныя інстытуцыі. “Мы хочам, каб ня толькі польскі бок гаварыў пра тое, як шмат можа страціць Беларусь, калі зноў вырашыць самаізалявацца. Мы ня можам гэтага забараніць Беларусі, але паважаць правы нацыянальных меншасьцяў, паважаць правы апазыцыі – гэта асноўная ўмова збліжэньня з Эўразьвязам,” – сказаў кіраўнік польскага МЗС.