Крызыс у будаўнічым сэктары працягваўся 6 месяцаў
У другой палове 2009 году інвэстары пачалі зноў зьвяртацца ў адпаведныя польскія ўстановы аб выдачы дазволу на будаўніцтва, - такім чынам сьведчаць дадзеныя Галоўнага ўпраўленьня будаўнічага нагляду.
Яшчэ паўгоду таму здавалася, што ўсясьветны крызыс паўплывае таксама на сэктар будаўніцтва. Пачатак 2009 году прынёс рашучае падзеньне колькасьці дазволаў на будаўніцтва, асабліва калі гаворка ідзе пра кватэры. Прызнакаў крызысу не было відаць толькі ў тых будаўнічых сэктарах, якія несупынна атрымлівалі эўразьвязаўскія датацыі, напрыклад, у сэктары будаўніцтва дарожнай інфраструктуры.
Усё ж у другой палове 2009 году сытуацыя выразна палепшылася, калі банкі нанава пачалі прызнаваць крэдыты.
Паводле Робэрта Дзівіньскага з Галоўнага інспэктарату будаўнічага нагляду, найгоршае ўжо мінула. Дазволаў на распачацьце будаўніцтва прыбыло нават у выпадку аднасямейных будынкаў і жылых корпусаў. Выдадзеныя за ўвесь 2009 год дазволы датычылі будаўніцтва 99 тысячаў аднасямейных дамоў ды каля 5 тысячаў 200 жылых корпусаў. Дзеля параўнаньня, у 2008 годзе іх было адпаведна: 115 тысячаў 700 для аднасямейных дамоў і 7 тысячаў 200 для корпусаў.
Тым ня менш, надалей рухавіком сэктара застаюцца інвэстыцыі ў рознага роду інфраструктуру. Другая палова 2009 году была рэкорднай, калі гаворка ідзе пра колькасьць дазволаў, выдадзеных на будаўніцтва трубаправодаў, тэлекамунікацыйных і электраэнэргетычных сетак, дарог, мастоў, стадыёнаў, спартыўных заляў, офісаў і г.д.
Аднаразовая дапамога пры нараджэньні дзіцяці
Міністэрствы здароўя й працы адмаўляюцца ад жорсткіх прынцыпаў выплаты аднаразовай дапамогі пры нараджэньні дзіцяці. Зьмены, якія павінны датычыць доступу да дапамогі, загадаў увесьці прэм’ер-міністар.
Нагадаем, што згодна з законам аб сямейнай дапамозе й распараджэньнем міністра здароўя, ад лістапада мінулага году бацькі, якія хадайнічалі за аднаразовую дапамогу пры нараджэньня дзіцяці (1 тысяча злотых), былі прымушаныя прадставіць пасьведчаньне, што маці ад 10 тыдня цяжарнасьці знаходзілася пад кантролем лекара-гінэколяга й была на мінімум трох лекарскіх аглядах. Але шмат полек не пасьпела трапіць да лекара перад 10 тыднем цяжарнасьці і ў выплаце дапамогі ім адмовілі.
Прэс-сакратар Ведамства здароўя Пётр Алехна гарантуе, што цяпер і згаданыя жанчыны дапамогу змогуць атрымаць, а правілы па гэтай справе будуць менш жорсткія.
Пётр Алехна: Зьмена будзе зводзіцца да таго, што жанчыны, каб атрымаць аднаразовую дапамогу пры нараджэньня дзіцяці, будуць прымушаныя прадставіць пасьведчаньне, што прынамсі раз у часе цяжарнасьці былі на аглядзе ў лекара-гінэколяга ці акушэркі. Гэта будзе дастаткова дзеля таго, каб дапамогу атрымаць. Зразумела, што гэтыя жанчыны, якія пасьля 1 лістапада мінулага году не атрымалі дапамогі, бо яны не пасьпелі да канца 10 тыдня цяжарнасьці наведаць лекара, змогуць зноў падаць заяву на дапамогу.
Пётр Алехна падкрэсьлівае, што абавязак пасьведчаньня лекарскай апекі ад 10 тыдня цяжарнасьці ня будзе цалкам ліквідаваны, а толькі прыпынены на 2 бліжэйшыя гады.
Пётр Алехна: Мы вернемся да гэтай ідэі, бо лічым, што згаданае правіла абгрунтаванае, а й лекарам таксама залежыць на тым, каб цыкль аглядаў ад пачатку цяжарнасьці быў пасьлядоўны. Таму цягам двух гадоў, пакуль мы вернем правіла, хочам правесьці інтэнсыўную інфармацыйную кампанію.
Праца над аблягчэньнем правілаў па прызнаваньні аднаразовай дапамогі пры нараджэньні дзіцяці праходзіць ва ўрадавым цэнтры легісьляцыі ў надзвычайным тэмпе. Сумневы выклікаў факт, што жанчыны часта нават ня ведаюць пра цяжарнасьць перад ейным 10 тыднем, альбо даведваюцца пра гэта настолькі позна, што з-за чэргаў не пасьпяваюць перад згаданым тэрмінам дачакацца візыту ў лекара-гінэколяга.
Аматары піва зацягваюць рэмень і выдаюць менш на любімы напой
Пасьля карыснай дэкады, у 2009 годзе піваварны сэктар у Польшчы не дасягнуў высокіх паказчыкаў.
Паводле ўступных падлікаў, продаж канцэрну „Carlsberg Polska”, які прадукуе піва брэнду „Okocim”, мог упасьці нават на 5-8%. Што адбылося? Па-першае, зьмяншэньне тэмпу эканамічнага разьвіцьця прычынілася да таго, што спажыўцы пачалі ашчаджаць на выдатках. Апрача таго, ад 1 сакавіка 2009 году акцызны падатак на піва павысіўся на 13,6%. Такім чынам бутэлька піва стала даражэйшая на 6-9 грошаў. Прадстаўнікі піваварскага сэктара востра крытыкавалі згаданае рашэньне ўраду, баючыся падзеньня спажываньня, банкруцтва бровараў і звальненьня працаўнікоў. Сапраўды быў зачынены буйны піваварны завод у Кельцах і Рацібожы.
Як заявіў старшыня канцэрну „Carlsberg Polska” Яцак Пастушка, павышэньне акцызнага падакту ўдарыла перш за ўсё ў спажыўца. Дзякуючы гэтаму канцэрну, які мае такія брэнды піва, як: Okocim, Carlsberg i Kasztelan удалося захаваць больш за 13% удзелаў ва ўсім піваварскім рынку ў Польшчы. Лідэрам у краіне надалей застаецца Піваварская кампанія (Tyskie, Lech) - 40,9% і Група Żyviec - 32,9% удзелаў у польскім рынку.
Тым часам ня толькі павышэньне цаны зьменшыла зацікаўленасьць палякаў півам. Пасьля багатых гадоў сярэднестатыстычны паляк піў ужо каля 94 літры піва ў год, гэта давала Польшчы трэцяе месца ў Эўропе. Нагадаем, што сярэдняя эўрапейская норма складае 92 літры піва ў год. Толькі сусьветныя рэкардысты – немцы й чэхі - маюць вышэйшыя паказчыкі па спажыцьці згаданага напою.
Паводле старшыні канцэрну „Carlsberg Polska”, адбылося натуральнае насычаньне польскага рынку й цяпер будзе складана пераканаць палякаў, каб яны пілі піва больш. У ацэнцы Яцэка Пастушкі, гэткая дэканьюнктура на польскім рынку будзе працягвацца да 2011 году.
У ацэнцы „Euromonitor International”, сёлета палякі выдаткуюць на піва больш за 20 мільярдаў злотых (каля 5 мільярдаў эўра), а значыць, на 5% менш, чым у мінулым годзе. У чарговых гадох піўныя выдаткі могуць панізіцца да 19 мільярдаў 700 мільёнаў злотых. Зразумела, на салодкае яны выдаткуюць таксама намнога менш.
Сярэдні курс валютаў паводле НБП:
Эўра – 4.09
Даляр – 2.98
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org