Беларуская міліцыя жорстка выгнала з Дому польскага ў Івянцы дзеячоў непрызнаванага афіцыйнымі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс - паведамляе штодзёнка „Gazeta Wyborcza”.
Беларуская міліцыя распачала акцыю ў панядзелак пасьля поўдня. Функцыянэры занялі будынак на падставе судовага рашэньня, паводле якога Дом польскі ў Івянцы павінен быць перададзены дзеячам другога Саюзу палякаў Беларусі, які беларускія ўлады прызнаюць. Разам зь міліцыянтамі на месца прыбыў Станіслаў Бурачэўскі, які па рашэньні Менску павінен ачольваць тамашні аддзел арганізацыі, а таксама судовыя выканаўцы, якія пачалі праводзіць улік маёмасьці. Пазьней функцыянэры апячаталі будуынак, памянялі замкі ў дзьвярах.
Паводле сьведкаў, міліцыя выкідвалa чальцоў СПБ з будынку сілай. Як заявіў журналіст тэлеканалу Белсат, функцыянэры выцягвалі старэйшых жанчын за валасы.
Дом польскі ў Івянцы зьяўляецца адным з трох, апрача тых у Баранавічах і Барысаве, якія заставаліся пад кантролем Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. Астатнія 13 дамоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі перадаў ва ўладаньне афіцыйнаму СПБ – нагадвае штодзёнка „Gazeta Wyborcza”.
„Гэта паўтор гарадзенскіх падзеяў 2005 году”, – пераконвае ў размове з журналістам выданьня „Rzeczpospolita” Анджэй Пачобут - старшыня незалежнай Галоўнай рады СПБ Анжалікі Борыс.
Пяць гадоў таму пасьля выбару старшыні СПБ Анжалікі Борыс беларуская міліцыя заняла галоўную сядзібу арганізацыі ў Горадні й даручыла ёю кіраваць былому, ляяльнаму ў дачыненьні да Менску старшыні Тадэвушу Кручкоўскаму. Згаданыя падзеі давялі да дыпляматычнай вайны між Польшчай і Беларусяй. Варшава адклікала зь Менску свайго амбасадара.
Цяпер у рамках лукашэнкаўскай палітыкі набліжэньня з Захадам адносіны між абедзьвюма краінамі выразна палепшыліся. Кіраўнік беларускай дыпляматыі Сяргей Мартынаў праз тры дні прыедзе ў Варшаву з афіцыйным візытам. Шмат сьведчыць пра тое, што справа польскай меншасьці ў Беларусі будзе дамінаваць у перамовах, якія пройдуць у малапрыязнай атмасфэры.
„Зь беларускім міністрам мы будзем размаўляць па-мужчынску (…) Пашана правоў нацыянальных меншасьцяў і апазыцыі - гэта асноўная ўмова набліжэньня Беларусі да Эўразьвязу”, - заявіў учора кіраўнік польскай дыпляматыі Радсалаў Сікорскі, дадаючы, што ў сувязі з падзеямі, якія адбыліся ў Івянцы, польскі амбасадар ў Беларусі Генрык Літвін быў выкліканы ў Варшаву на кансультацыі.
У сваю чаргу амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак быў запрошаны ў сядзібу польскага МЗС у Варшаве, дзе міністар Анджэй Крэмэр паведаміў яму пра „вельмі сур’ёзныя засьцярогі” ў дачыненьні да таго, што адбылося ў Івянцы, падкрэсьліваючы, што „на гэткага роду рэпрэсіўныя дзеяньні Польшча ня можа згадзіцца”.
У сваю чаргу кіраўнік арганізацыі „Wspólnota Polska” Мацей Плажыньскі заклікаў польскія ўлады да станоўчай рэакцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў. „Калі згаданай рэакцыі ня будзе, то астатняя частка маёмасьці СПБ таксама пяройдзе пад кантроль уладаў у Менску, а дзейнасьць арганізацыі будзе немагчымая”, - перасьцярог Мацей Плажыньські.
Тым часам дзеяньні міліцыі ў Івянцы - гэта не адзіны крок супраць СПБ. Учорашні прысуд Гарадзенскага гаспадарчага суду канчаткова вырашыў пра лёс суполкі „Polonika”, якою кіруе Анжаліка Борыс.
Яна ня будзе ў стане заплаціць чарговы штраф, гэтым разам у памеры каля 15 тысячаў даляраў. Гэта азначае канец курсаў польскай мовы для каля 400 вучняў, якія ладзіць зьвязаная з суполкай Польская грамадзкая школа.
У судзе паявіўся нават супернік Аляксандра Лукашэнкі ў апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч. „Тое, што адбываецца ў дачыненьні да Саюзу палякаў Беларусі, гэта страшэннае парушэньне Асноўнага закону Беларусі й правоў польскай меншасьці”, - падсумаваў лідэр беларускай апазыцыі ў размове з журналістам выданьня „Rzeczpospolita”.
І чарговая спрэчка… зь Беларусяй у загалоўку. Двое беларускіх футбалістаў - 23-гадовы Сяргей Філіпаў і 26-гадовы Кутско Дзяніс прыехалі ў Польшчу па запрашэньні польскіх футбольных клюбаў. Першы быў запрошаны клюбам ІV лігі „ Żbik Nasielsk” , а другі – трэцяліговым клюбам „Legionova”.
Аднак пасьля перасячэньні мяжы з Польшчай беларускія спартоўцы зьніклі, а знайшліся толькі празь некалькі дзён, але ў трэцяліговым клюбе „Pogoń Siedlce”, бо іхны мэнаджэр Павал Бацюта замест у Насельск і Легіянова, загадаў ім ехаць менавіта ў згаданы горад.
Цяпер прадстаўнікі клюбаў сварацца й абвінавачваюць адзін аднаго ў крадзяжы спартоўцаў. „ Мы накіравалі ў гарадзенскае консульства запрашэньне для Дзяніса, заплацілі за страхоўку й чакалі. Тым часам ён паявіўся ў Седльцах”, – ня ўтойвае ўсхваляваньня старшыня клюбу зь Легіянова. Ён запатрабаваў ад сядлецкай „Pogoni” кампэнсацыі й пераняцьця адказасьці за беларускага спартсмэна падчас яго побыту ў Польшчы.
Мэнаджэр клюбу ў Седльцах тлумачыць, што яны накіравалі свае дакумэнты ў Горадню тры дні раней і таму беларус прыехаў менавіта да іх. Аднак старшыня клюбу „Legionova” ня верыць такім тлумачэньням - пра канфлікт паведамляе выданьне „Futbol News”.
Агляд прэсы падрыхтавала Анна Задрожна