Здарылася ў Беларусі


Як знакамітыя беларусы ставяцца да роднай мовы? 09.02.2010

Аказваецца, рэпер Сярога сябруе зь беларускамоўнымі музыкамі, а алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў лічыць, што прыстойна па-расейску нашы людзі ўсё адно гаварыць не навучыліся.

Хоць сфэра ўжываньня беларускай мовы мала-памалу пашыраецца, у краіне хапае яшчэ асобаў, якія зьняважліва ставяцца да свайго нацыянальнага. Дзе-нідзе па-беларуску выказваюцца аўтарытэтныя чыноўнікі, напрыклад, міністар культуры Павал Латушка. Але цікава, як ставяцца да роднай мовы вядомыя далёка за межамі нашай краіны публічныя пэрсоны?

Музыка Сяргей Пархоменка, вядомы ва Ўкраіне й Расеі пад псэўданімам рэпер Сярога, ня супраць засьпяваць па-беларуску. Так для аднаго з рэп-зборнікаў колькі гадоў таму ён запісаў на роднай мове песьню “Лялька”.

Рэпер Сярога: Тэкст напісаў Раман Арлоў, мой сябар, былы музыка гурта J:МОРС. І яна была спэцыяльна запісана для беларускага рэп-зборніка.

Сярога, хоць і не размаўляе па-беларуску, да мовы ставіцца вельмі лібэральна, а да сваёй Бацькаўшчыны з надзвычайным патрыятызмам. Многія кліпы Сярога даручае здымаць беларускім рэжысэрам. Што тут казаць, нават спортам займацца рэпер прыязджае ў Менск. Так, у канцы студзеня Сяргей Пархоменка прыляцеў у беларускую сталіцу, каб павучыцца боксу ў сталічным клюбе “Чынук”. 

Рэпер Сярога: Я прыехаў на зборы сюды, і мяне трэніруе Сяргей Івановіч – адзін з самых таленавітых і яркіх байцоў гэтага клюба, шматразовы чэмпіён сьвету й чалавек-легенда. А я рыхтуюся да фотасэсіі й мне для гэтага трэба быць у форме. Я зарас прадзюсірую некалькі фільмаў, у адным зь іх я буду ў тым ліку й здымацца.

Аказваецца, адзін з самых вядомых і скандальных цяжкаатлетаў сьвету алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў вучыўся ў беларускамоўнай школе. Пытаемся ў чэмпіёна, як сёньня ён ставіцца да ўсяго нацыянальнага?

Андрэй Арамнаў: Вельмі някепска, у прынцыпе, я навучаўся да 7 клясы ў беларускай школе па-беларуску. Не хачу заяўляць, што я ведаю беларускую мову, але разумець я цалкам разумею, але размаўляць не магу, прызвычаіўся па-расейску.

Нагадаем, што  праз тры месяцы пасьля Алімпійскіх гульняў 2009 году ў Пэкіне, дзе Андрэй Арамнаў усталяваў сусьветны рэкорд, спартовец трапіў у скандальную гісторыю – яго два разы затрымлівалі за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Увесну чэмпіён зьбіраецца рэабілітавацца і ўсталяваць новы сусьветны рэкорд, ужо на чэмпіянаце Эўропы па цяжкай  атлетыцы ў Менску. Цікава, на якой мове спартовец будзе даваць інтэрвію журналістам? Ці не жадае ён дасканала авалодаць роднай мовай
і паказаць прыклад іншым?
 
Андрэй Арамнаў: Я думаю, што гэта павінна застацца на добраахвотнай аснове. Тым больш, што ў нас мяшаная расейская мова, у ёй вельмі шмат беларускіх словаў.

Кампанію рэперу Сярогу й Андрэю Арамнаву могуць скласьці дзясяткі іншых вядомых музыкаў і спартоўцаў. І ўвогуле складана знайсьці больш-менш вядомага чалавека з гэтай сфэры, які б сёньня адважыўся зьняважліва выказвацца пра нацыянальную мову. Магчыма, у хуткім часе мова стане своеасаблівым знакам якасьці й прэстыжу.

Алег Бірчанка, Менск


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone