На польска-беларускай мяжы зачасьціліся выпадкі канфіскацыі легкавых аўтамабіляў, што ўвозяцца беларускімі грамадзянамі з краін Эўразьвязу. Пра гэта карэспандэнту БелТА паведамілі ў Генэральным консульстве Беларусі ў Беластоку.
Многія беларускія грамадзяне сьпяшаюцца набыць за мяжой, у прыватнасьці ў краінах ЭЗ, ужываныя аўто і ўнесьці мытныя плацяжы яшчэ па цяперашніх адзіных стаўках. Аднак, як зьвяртаюць увагу ў Генконсульстве Беларусі ў Беластоку, ня ўсе ўважліва выбіраюць прадаўцоў, з-за чаго ўжо пры вывазе набытых аўтамабіляў з тэрыторыі Польшчы сутыкаюцца з праблемамі. Справа ў тым, што частка аўтамабіляў, якія ідуць з ЭЗ, лічыцца скрадзенымі й знаходзіцца ў агульнаэўрапейскім або міжнародным вышуку.
"Пасьля выяўленьня, напрыклад, пашкоджаньняў на нумары кузава аўтамабіль адразу ж канфіскуецца, - адзначылі ў Генконсульстве. - Больш за тое, згодна польскаму заканадаўству, перавоз такога транспартнага сродку трактуецца як пасярэдніцтва ў злачынстве, цягне за сабой пакараньне ажно да крымінальнага, ці прадугледжвае штрафы, а пры адмове выплаты штрафаў - часовае затрыманьне грамадзян тэрмінам да трох месяцаў".