Каля Дому польскага ў Івянцы сабраліся некалькі дзясяткаў сябраў Саюзу палякаў у Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. У панядзелак будынак СПБ захапілі міліцыянты, а супрацоўнікі суду заблякавалі ўваход у яго.
Сябры СПБ, якія пратэстуюць супраць рашэньня суду, пачалі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй да ўладаў краіны. Яны патрабуюць вярнуць ім уласнасьць СПБ.
Учорашні захоп Дому польскага ў Івянцы адбыўся па ініцыятыве праўладнага СПБ пад кіраўніцтвам гарадзенскага бізнэсмэна Станіслава Сямашкі. Спрэчка за права на польскую маёмасьць павінна быць вырашаная 15 лютага падчас судовага разьбіральніцтва ў Валожыне.
Спрэчка паміж Менскам і Варшавай наконт дзейнасьці Саюзу палякаў працягваецца пяць гадоў. У 2005 годзе ў буйнейшай грамадзкай арганізацыі Беларусі адбыўся раскол. Большасьць дэлегатаў зьезду абралі старшынёй СПБ Анжаліку Борыс. Менск не пагадзіўся з такім рашэньнем і пад кантролем спэцслужбаў правёў паўторны зьезд, у выніку якога Саюз павінен быў узначаліць Юзаф Лучнік.
Некалькі месяцаў таму Лучніка зьмяніў на пасадзе гарадзенскі прадпрымальнік Станіслаў Сямашка. Улады Беларусі настойваюць, што адзіная легальная арганізацыя польскай меншасьці – гэта СПБ Сямашкі. Польскія ўлады, у сваю чаргу, прызнаюць Саюз пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.