Сёньня адзначаецца Дзень бясьпечнага інтэрнэту, які ў 2004 годзе быў ініцыяваны Эўрапейскай камісіяй. Сёлета Дзень бясьпечнага інтэрнэту мае дэвіз "Think B4 U post!". Ён заклікае карыстальнікаў задумацца, перш чым зьмяшчаць у сетцы інфармацыю або адпраўляць паведамленьні.
Пачынаючы з 2004 году Дзень бясьпечнага інтэрнэту штогод адзначаецца ў першы аўторак лютага. Яго мэтаю зьяўляецца папулярызацыя бясьпечнага й адказнага карыстаньня онлайн-тэхналёгіямі й мабільнымі тэлефонамі асабліва сярод дзяцей і падлеткаў.
Паводле экспэртаў, інтэрнаўты паступаюць вельмі неабачліва, калі разьмяшчаюць у сетцы свае асабістыя дадзеныя, дадзеныя пра сям'ю, а таксама пра свае грошы. Адзін з афіцэраў паліцыі зь Любліна, які займаецца якраз злачыннасьцю ў інтэрнэце, кажа, што трэба быць асабліва асьцярожным у адносінах да карэспандэнцыі, якая прыходзіць электронным шляхам.
Паліцыянт: Трэба быць асьцярожным, калі з банку атрымліваем лісты, дзе, напрыклад, просяць падаць пароль доступу. Такіх мэйлаў банкі не высылаюць. Калі хочам спраўдзіць пошту, зрабіць перавод грошай зь невядомага нам кампутара, трэба карыстацца віртуальнай клявіятурай. Гэта тая, што зьяўляецца на экране. Бо калі карыстацца звычайнай клявіятурай, гэта можа быць небясьпечна. Могуць стаць вядомымі злачынцам нашыя паролі да банкаўскіх рахункаў, да інтэрнэт-рахункаў.
Арганізатары Дня бясьпечнага інтэрнэту адзначаюць, што новыя тэхналёгіі дазваляюць усім, і асабліва маладым людзям, разьмяшчаць у інтэрнэце розную інфармацыю. З аднаго боку, гэта адкрывае новыя магчымасьці для самавыяўленьня й творчасьці, але зь іншага – можа нават нарабіць шкоды.
Здараецца, што на інтэрнэт-старонкі трапляе й хлусьня, якую потым цяжка выдаліць. Вядомы беларускі блёгер Алякскандар Класкоўскі кажа, што ўжо сутыкаўся зь інфармацыяй, што далёка не адпавядае рэчаіснасьці, нават на такіх вядомых старонках, як Вікіпэдыя. А тым больш разьвязаныя рукі ў саміх блёгераў.
Аляксандар Класкоўскі: Сапраўды ёсьць пэўная небясьпека. Раней просты грамдазянін ня мог і марыць, што ў сусьветным маштабе ён мог распаўсюджваць інфармацыю. А цяпер існуе такі фэнамэн блёгерства. Тэарэтычна яго можа чытаць увесь сьвет. Некалькі гадоў таму быў пік блёгерства. Здавалася, што яно выцясьніць нават прафэсійную журналістыку. Але існуе вялікая розьніца паміж дылетанцтвам і прафесіяналізмам. Гэтак і ў Вікіпэдыі. Калі я чытаю пра некаторыя падзеі, узьнікае нязгода, бо фактрура не зусім карэктна падаецца. Гэта важна, бо чым далей, тым цяжэй нейкія нюансы падзеяў будзе ўзнавіць.
Агнешка Вжэсень з польскага фонда “Нічые дзеці” тлумачыць, што гэты дэвіз “Падумай перад тым, як паслаць” вынікае зь бяспекі на грамадзкіх парталах і ва ўсім інтэрнэце. Яна кажа, што дзеці, а часта й дарослыя, разьмяшчаюць у сетцы прыватныя здымкі ды розную інфармацыю пра сябе, не ўяўляючы, якія наступствы можа гэта мець. У практыцы такія фота ды інфармацыю вельмі цяжка потым зьнішчыць, бо іх лёгка капіяваць або разьмяшчаць на іншых інтэрнэт-старонках.
Праблемаю таксама зьяўляецца кібэр-злачыннасьць, якая набірае моцы. Агнешка Вжэсень падкрэсьлівае, што са злачыннасьцю ў сетцы сутыкнулася больш за 50% непаўнагадовых інтэрнаўтаў. У гэтай сытуацыі патрэбна адукацыя моладзі ды хуткае рэагаваньне на трывожныя зьявы.
Як адзначаецца Дзнь бясьпечнага інтэрнэту ў Беларусі? Гэта пытаньне да рэдактара інтэрнэт-старонкі «Нашай Нівы» Андрэя Дынька.
Андрэй Дынько: Не, у нас нічога не чуваць. Нас больш турбуе ўказ пра інтэрнэт. Калі будзе абмежваваны доступ да незалежнай інфармацыі, гэта ўдарыць па кожным чалавеку.
Тым часам афіцыйныя сродкі масавай інфармаці ў Беларусі зусім іначай разумеюць бясьпеку інтэрнэту. Паводле БелТА, “бясьпекаю інтэрнэт-прасторы заклапочаныя і ў Беларусі. Адпаведны ўказ №60 "О мерах по совершенствованию использования национального сегмента сети Интернет" прэзыдэнт падпісаў 1 лютага” .
Правядзеньне Дня бясьпечнага інтэрнэту зьяўляецца часткай глябальнай праграмы, якая рэалізуецца ў Эўразьвязе ды іншых краінах і накіраваная на падвышэньне бясьпекі ў гэтай сфэры. У 27 краінах Эўразьвязу дзейнічаюць адмысловыя цэнтры бясьпечнага інтэрнэту, куды можа патэлефанаваць па гарачай лініі кожны й паведаміць парушэньні, якія ён заўважыў.
Ганна Гарачка