Беларуская Служба

Польшча перадасць Літве падазраваных у нападзе на расійскага апазіцыянера, які заказаў грамадзянін Беларусі

02.05.2024 19:25
Паводле ранейшых паведамленняў літоўскіх уладаў, напад на апазіцыянера, верагодна, быў арганізаваны спецслужбамі Крамля праз завербаваную асобу.
 .
Польскі суд. Ілюстрацыйны здымакDarSzach/ Shutterstock

Двое затрыманыя ў Польшчы мужчыны, якія падазраюцца ў нападзе на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільні 12 сакавіка, будуць перададзеныя Літве да сярэдзіны траўня. Пра гэта паведаміла агенцтва BNS са спасылкай на прэс-сакратара літоўскай пракуратуры Гінтару Віткаўскайтэ-Саткаўскене.

Пракуратура не адказала на пытанне, ці Літва патрабуе экстрадыцыі затрыманага ў Польшчы грамадзяніна Беларусі, які, паводле слоў прэм'ер-міністра Дональда Туска, падазраецца ў тым, што заказаў напад на Волкава. 

19 красавіка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа першым паведаміў аб затрыманні ў Польшчы 3 красавіка двух польскіх грамадзян, якія падазраюцца ў нападзе на расійскага апазіцыянера. Суд згадзіўся ўзяць падазраваных пад варту і экстрадаваць іх у Літву пры ўмове, што ў выпадку вынясення абвінаваўчага прысуду яны будуць адбываць турэмнае зняволенне ў Польшчы. 

Леанід Волкаў - былы кіраўнік штаба Аляксея Навальнага, расійскага апазіцыянера, які памёр у лютым гэтага года ў калоніі. На Волкава быў учынены напад у Вільні, дзе ён жыве. Нападнік разбіў акно машыны апазіцыянера і распыліў яму ў вочы слёзацечны газ, а затым пачаў біць яго малатком. 

Паводле ранейшых паведамленняў літоўскіх уладаў, напад на апазіцыянера, верагодна, быў арганізаваны спецслужбамі Крамля праз завербаваную асобу.

вс