X
Паважаны карыстальнік!
25 траўня 2018 году ўвайшло ў сілу Распараджэнне Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета (ЕС) 2016/6/79 за 27 красавіка 2016 (RODO). Прапануем азнаёміцца з інфармацыяй пра апрацоўку асабістых дадзеных на сайце Polskieradio.pl
1.Адміністратарам асабістых дадзеных з'яўляецца Polskie Radio S.A з сядзібай у Варшаве, Al. Niepodległości 77/85, 00-977 Warszawa
2.Па пытанню, звязаным з вашымі дадзенымі, звяртайцеся да Інспэктара аховы асабістых дадзеных па электроннай пошце iod@polskieradio.pl альбо па тэл. (0048) 22 645 34 03.
3.Асабістыя дадзеныя апрацоўваюцца ў маркетынгавых мэтах на падставе дазволу карыстальніка.
4.Асабістыя дадзеныя могуць быць даступныя толькі для выканання паслуг, указаных у палітыцы прыватнасці.
5.Асабістыя дадзеныя не будуць перададзены за межы Еўрапейскай эканамічнай прасторы або міжнародным арганізацыям.
6.Асабістыя дадзеныя будуць захоўвацца на працягу 5 гадоў пасля адключэння профіля ў адпаведнасці з законам.
7.Вы маеце права атрымаць доступ да вашых асабістых дадзеных, выпраўляць іх, выдаляць або абмяжоўваць апрацоўку.
8.Вы маеце права забараніць далейшую апрацоўку; у выпадку, калі вы раней далі згоду на апрацоўку вашых асабістых дадзеных, вы можаце яе адклікаць. Ажыццяўленне права на адмену згоды не ўплывае на апрацоўку, якая адбылася да адклікання згоды.
9.Вы маеце права падаць скаргу ў назіральны орган.
10.Polskie Radio S.A. паведамляе, што падчас апрацоўкі асабістых дадзеных аўтаматычныя рашэнні не прымаюцца, а прафіляванне не ўжываецца.
Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на старонках dane osobowe, а таксама polityka prywatności.
ЗГОДЗЕН
Беларуская Служба

Камуністы аплацілі лячэнне Максіма Танка ад сухот пад Варшавай

14.11.2019 10:03
Гісторык Аляксандр Пагарэлы расказвае, як дбалі пра здароўе на заходнебеларускіх землях у даваеннай Польшчы.
Аўдыё
  • А.Пагарэлы пра здароўе ў Зах. Беларусі.
 .
Максім Танк.Public domain

Як дбалі пра здароўе на заходнебеларускіх землях у даваеннай Польшчы? Пра гэта падчас свайго выступлення на VIII Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі сёлета ў Вільні расказваў дактарант Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Аляксандр Пагарэлы.

Аляксандр Пагарэлы даследуе гісторыю заходнебеларускіх зямель у складзе даваеннай Рэспублікі Польшча. Адным з аспектаў, які яго цікавіць — гэта сацыяльная гісторыя, у прыватнасці, як дбалі тады людзі пра сваё здароўе.

Гісторык напамінае, што яшчэ падчас акупацыі 1915-1918 гадоў немцы вызначылі вельмі строгія патрабаванні да гігіены насельніцтва беларуска-літоўскіх зямель.

Аляксандр Пагарэлы: — Ля Карэліч у 1916-1917 гг. выпрабоўваўся газ для дэзынфекцыі тыфозных вошаў у франтавых умовах. Вяртанне пачынаючы з вясны 1918 г. бежанцаў азначала таксама каранцінныя мерапрыемствы для тых, хто вяртаўся. Некаторым бежанцам нямецкія вайсковыя ўлады не дазвалялі вяртацца менавіта па прычыне хвароб.

Пераходзячы да сітуацыі ў Польшчы, Аляксандр Пагарэлы адзначае, што ¼ жыхароў краіны недаядала. І гэта была праблема не толькі польская. А голад таксама ўплываў на здароўе. Але польская дзяржава займалася здароўем сваіх жыхароў.

Аляксандр Пагарэлы: — На працягу ўсяго міжваеннага перыяду ахова здароўя заставалася сур’ёзнай праблемай у Заходняй Беларусі. Тэрыторыя была закранута інтэнсіўнымі баявымі дзеяннямі, разбурэннямі і масавымі перамяшчэннямі насельніцтва, прыгадаць хаця б бежанства 1915 г.

Перыяд 1914-1922 гг. стаў часам значных выпрабаванняў для насельцтва і крайне слабай інфраструктуры беларускіх зямель. Не хапала медыцынскіх кадраў, шпіталяў, устаноў гігіены.

Ні мясцовае насельніцтва, ні нядаўна толькі арганізаваныя структуры польскай дзяржаўнай адміністрацыі пасля 1920 г. не былі ў стане справіцца з голадам і эпідэміямі грыпу (“іспанкі”), тыфу ці сухот. Сітуацыю ніяк не паляпшаў і факт гібелі па розныя ваюючыя бакі 4 тыс. польскіх урачоў, паводле даследчыцы Марты-Аляксандры Балінскай.

З дапамогай прыйшлі міжнародныя, пераважна амерыканскія, арганізацыі: фонд Ракфелера, місія палкоўніка Гілкрыста, Амерыканская адміністрацыя дапамогі (American Relief Administration, або ARA, Герберта Гувера).

Актыўныя каранцінныя мерапрыемства дзейнічалі ў адносінах мас бежанцаў, якія пасля заключэння мірнага дагавора ў Рызе паміж Польшчай і СССР вярталіся ў Заходнюю Беларусь. Пра прышчэпкі і каранцін на дарозе ў Скідаль з Расіі ўспамінаў у сваім дзённіку актывіст Таварыства беларускай школы з Гродзеншчыны Пётра Сеўрук.

Адкрываліся не толькі каранціны, шпіталі, але і сталоўкі для галадаючых і цэнтры здароўя, якія каардынавалі барацьбу з эпідэмічнымі хваробамі, а перш за ўсё з “іспанкай”, сухотамі, брушным і плямістым тыфам, які заставаўся праблемай для жыхароў вёскі да 1939 г.

Вострай заставалася праблема голаду, які спрыяў распаўсюджванню эпідэмій інфекцыйных хвароб. Ён успыхваў зноў у 1928, 1934, 1937 гг. А ў міжваеннай Еўропе ў вачах дзяржаўных бюракратаў і экспертаў ад здароўя і сацыяльнай палітыкі існаваў падзел людзей на “хворыя” і “здаровыя” целы, як піша брытанскі гісторык Марк Мазовер.

З сярэдзіны 1920-х гг., калі як эканамічная, палітычная, так і эпідэміялагічная сітуацыя стабілізавалася, стала магчымай разбудова сістэмы аховы здароўя. Нацыянальны інстытут гігіены ў Варшаве меў філіялы ў кожным ваяводскім цэнтры. Дзейнічаў створаны ў 1919 г. медыцынскі факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У 2-й палове 1930-х гг. у Вільні на Зарэччы разбудоўвалася клініка УСБ.

Аднак медыцынская інфраструктура і сістэма страховак па здароўі (kasy chorych) была развіта слаба, хаця Польшча, як гэта ні дзіўна, была адной з першых краін, дзе было створана Міністэрства аховы здароўя (1917 г., ліквідавана ў 1924 г.). Аднак вялікая колькасць жыхароў вёсак не мела доступу да дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя. У аўтабіяграфіях з вёскі 1930-х гг., якія публікавалі міжваенныя польскія сацыёлагі, можна знайсці нямала сведчанняў пра дрэнны стан здароўя вяскоўцаў, дэфіцыт і малую даступнасць медыцынскай дапамогі. Пацвярджаюць гэта ўспаміны вяскоўцаў, запісаныя ужо пасля Другой сусветнай вайны. Але пры сур’ёзных праблемах са сдароўем нават больш заможныя жыхары такога горада як Вільня да 1939 г. вымушаны былі ехаць у Варшаву.  

Паўночна-ўсходнія ваяводствы Польшчы, або Заходняя Беларусь і Усходняя Літва, адставалі па колькасці ўрачоў у абсалютных і адносных лічбах на душу насельніцтва (на 10000 чал.) ад рэшты Польшчы. На 1939 г (паводле даных "Małego rocznika statystycznego", Warszawa 1939) у Беластоцкім ваяводстве было 427 урачоў, у Віленскім 619, у Навагрудскім 205, а ў Палескім 219. Для параўнання ў Львоўскім было 1653, у Кракаўскім 1333, а ў Лодзінскім 850.

Беларусаў у міжваенны перыяд маглі апісваць як цёмных, галодных і хворых, што было часцяком абгрунтаваннем для апраўдання мадэрнізацыйных праектаў па перадоленні цывілізацыйнай адсталасці, стварэння структур грамадзянскай супольнасці і нацыянальнага будаўніцтва.

Аляксандр Пагарэлы адзначае ўклад беларусаў у развіццё медыцыны ў даваеннай Польшчы.

Аляксандр Пагарэлы: — Урачы беларускага паходжання былі вельмі актыўныя ў палітычным і грамадскім жыцці. Сярод іх можна назваць Баляслава Грабінскага, Браніслава Туронка, Станіслава Грынкевіча старэйшага, Станіслава Грынкевіча малодшага, Міколу Шчорса, Усевалада Караля, Язэпа Малецкага, Міколу Марцінчыка, Вітаўта Тумаша і інш.

Брашуры і артыкулы па розных хваробах, рызыках для здароўя і неабходнасці грамадскай і асабістай гігіены друкаваліся як у буйных беларускіх і польскіх перыядычных выданнях, так і ў нішавых інтэлектуальных, а таксама ў календарах для вяскоўцаў у 1920-1930-я гг. Таксама заходнебеларускія перыядычныя выданні крытыкавалі знахарства, заклікалі карыстацца паслугамі прафесійных медыкаў.

Кнігі беларускага ўрача Марыі Голуб (Галубянкі)-Бучынскай (памерла ў 1938 г.) “Што такое сухоты і як з імі змагацца?” і “Алкаголь і барацьба з ім” (дзве асноўныя сацыяльныя хваробы ў тагачасны перяд у разуменні сучаснікаў) карысталіся папулярнасцю ў вяскоўцаў.

Браніслаў Туронак выдаў кнігу аб гігіене выхавання дзяцей у 1928 г., якая раней з’явілася як серыя артыкулаў у друку.

Добра вядомая была і кніга Станіслава і Ядвігі Грынкевічаў “Рады хворым і здаровым”, што выйшла ў трох частках у Вільні паміж 1935 і 1939 гг. Яна таксама спачатку ўбачыла свет як вялікая серыя артыкулаў у перыёдыцы.

У беларускіх урачоў у міжваеннай Польшчы не было сваіх ўласных арганізацый ці прафесіянальнага часопіса. Праўда, надзвычай актыўную ролю беларускія студэнты-медыкі Універсітэта Стэфана Баторыя адыгрывалі ў жыцці Беларускага студэнцкага саюза гэтай ВНУ. Мікола Шчорс і Усевалад Кароль былі старшынямі БСС. Пэўную падтрымку беларусам аказвала Літоўская клініка ў Вільні. Там можна было атрымаць медыцынскую дапамогу, быў рэнтген-апарат. Таксама там праходзілі практыку маладыя беларускія медыкі.

У з’яўленні пасля Другой сусветнай вайны у беларусаў на эміграцыі уласнай арганізацыі і свайго часопіса (“Мэдычная думка”) можна прасачыць уплыў якраз міжваеннага вопыту. Некаторыя ж беларускія медыкі (як псіхіятр, палітык, драматург і перакладчык Станіслаў Грынкевіч старэйшы) атрымлівалі ўзнагароды за навуковыя дасягненні ў галіне медыцыны ў Польшчы і прызнанне калег.

Аляксандр Пагарэлы прыводзіць прыклады з біяграфій вядомых беларусаў, які жылі “за польскім часам”, пра стан іх здароўя. Напрыклад, паэт Максім Танк хварэў на сухоты, а ўратаваць жыццё яму дапамагла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, аплаціўшы лячэнне ў Отвацку (горад пад Варшавай). Праблемы са здароўем мелі, напрыклад, вясковы актывіст і паэт Юльян Сергіевіч. Ад сухот памерла зусім маладая жонка паэта Міхася Васілька.

Аляксандр Пагарэлы: — У даваеннай Польшчы ўрачы разглядалі сябе не проста як прафесію, але як саслоўе, карпарацыю. У 1928 г. польскі ўрач Цяшыньскі выдаў працу пад нзавай “Саслоўе ўрачоў у сучаснасці…”. Абмяркоўвалася нават ідэалогія (Т. Янішэўскі), якая б адпавядала ўрачам. Агулам, у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў міжваенны перыяд урачы глядзелі на сябе як на асобную группу, якая несла адказнасць не проста за здароўе грамадства, але магла паспрыяць яго трансфармацыі, магла актыўна ўмешвацца ў яго жыццё. Пытанні здароўя выходзілі па-за рамкі медыцыны і закраналі сацыяльную палітыку, культуру, пытанні дзяржаўнага кіравання.

Урачы аб’ядноўваліся ва ўласныя карпаратыўныя арганізацыі. У 1939 г. выйшлі “Успаміны ўрачоў” з прадмовай журналіста і пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча. У адным з тэкстаў сцвярджалася, што на Палессі перад Першай сусветнай вайной вяскоўцы выкарыстоўвалі мачу ў медыцынскіх мэтах, вартасць яе была прызнана, паводле аўтара, сучаснымі яму спецыялістамі. Раней жа гэта лічылася “дзікунствам”. 

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост