Беларуская Служба

Польскія дыпламаты са Швейцарыі ратавалі габрэяў падчас вайны

12.12.2019 12:25
Створаны спіс больш за 3 тысяч габрэяў, якім дапамагла гэтак званая група Ладася.
       .
Польскія дыпламаты са Швейцарыі ратавалі габрэяў падчас вайны. PAP/Paweł Supernak

У 1941–1943 гадах амбасадар Польшчы ў Бэрне Аляксандр Ладась (Aleksander Ładoś) разам з некалькімі сваімі супрацоўнікамі стварыў групу, якая выдавала габрэям фальшывыя дакументы, дзякуючы якім многія з іх пазбеглі смерці. Колькі габрэяў скарысталіся дапамогай польскіх дыпламатаў? Невядома. Аднак у чацвер Інстытут Пілецкага ў Варшаве прэзентаваў публікацыю, якая ўтрымлівае больш за 3 тысячы прозвішчаў. Гэта вынік двухгадовай працы групы навукоўцаў, якія даследавалі маштаб дзейнасці Ладася і яго супрацоўнікаў, і стварылі спіс асоб, якім яны дапамаглі, паведамляе Марэк Казубаль у выданні Rzeczpospolita.

Акрамя супрацоўнікаў Інстытута Пілецкага, праверкай дадзеных займаліся гісторыкі Інстытута нацыянальнай памяці, архіва Габрэйскага гістарычнага інстытута і Дзяржаўнага музея “Аўшвіц-Біркенаў”.

Дзейнасць групы Ладасія папулярызаваў польскі пасол у Швейцарыі Якуб Кумах (Jakub Kumoch), які з'яўляецца адным з аўтараў публікацыі. Даследчыкам удалося ўстанавіць, што група ў супрацоўніцтве з Сусветным габрэйскім кангрэсам і арганізацыяй Ізраільскай асацыяцыі займалася незаконным набыццём і падрыхтоўкай пашпартоў і пасведчанняў аб грамадзянстве чатырох краін: Парагвая, Гандурасу, Гаіці і Перу.

Згаданыя дакументы атрымлівалі габрэі ў акупаванай Польшчы, у Бельгіі, Нідэрландах, Францыі, Славакіі і Італіі, а таксама пазбаўленыя нямецкага грамадзянства габрэі ў Германіі і Аўстрыі.

Немцы ўспрымалі асоб з такімі дакументамі як замежнікаў і накіроўвалі ў лагеры інтэрнаваных. Гэта значыць, што падробленыя пашпарты ахоўвалі іх уладальнікаў ад вывазкі ў лагеры смерці на тэрыторыі, акупаванай Трэцім Рэйхам, паведамляе Rzeczpospolita.

аз