Беларуская Служба

43 дзень у Беларусі працягваюцца пратэсты

20.09.2020 18:39
У Беларусі адбыўся Марш Справядлівасці, на які выйшлі сотні тысяч жыхароў краіны.
  .  .
Пратэсты ў Беларусі. Ілюстрацыйны здымак.EPA/STR Dostawca: PAP/EPA

У нядзелю 20 верасня, як усе мінулыя нядзелі пасля выбараў у Мінску і іншых вялікіх гарадах прайшлі буйныя масавыя дэманстрацыі пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго палітыкі і фальсіфікацыі выбараў.

Дзясяткі тысяч чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі па цэнтральных вуліцах гораду. Буйныя акцыі пратэсту адбыліся ў Гомлі, Брэсце, Гродне, Віцебску, Салігорску, Кобрыне, Лідзе ды меншых гарадах.Гэтым разам у Мінску зноў сабралася больш за 100 тысяч чалавек. Марш Справядлівасці ахопіў увесь цэнтр сталіцы. Распавядае журналіст Беларускай службы Эдуард Жолуд.

- Ініцыятары маршу першапачаткова прапаноўвалі пайсці да Канстытуцыйнага суду. Аднак сілавікі перакрылі ўвесь цэнтр гораду і не дазволілі пратэстоўцам так зрабіць. Акцыя вельмі масавая. Дзясяткі тысяч чалавек сабраліся каля Стэлы «Мінск – горад герой». Па колькасці прыблізна як у мінулыя разы. У пікавыя моманты было больш за 100 тысяч чалавек.

Міліцыя праводзіла затрыманні ў Гродне, Брэсце, Гомлі ды Мінску. Сілавікі нават зацягнулі ў аўтазак цяжарную жанчыну, гэты момант зафіксаваны на відэа. Усяго было затрымана 230 чалавек, паведаміў праваабарончы цэнтр "Вясна".

У Мінску затрыманыя 167 чалавек. У іх ліку - вядомы пластычны хірург Аляксей Дужий, давераная асоба Святланы Ціханоўскі Алег Майсееў, фатограф і дакументаліст Мікалай Мамінаў, а таксама звольнены супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі, аўтар Youtube-канала "Не па тэліку» Сяргей Казловіч. У рэгіёнах праваабаронцы сабралі звесткі пра 69 затрыманых.

юл